Воўка Плюмбум: «Прамы ўдар у корпус замяняе тысячы слоў, сказаных культурна»

Толькі што скончыўся саўнд-чэк гурта Plum Bum, які праз гадзіну выйдзе на сцэну Віцебскага бітлз-клуба «Паддашак». У курылцы, пры святле адзінокай лямпачкі я размаўляю з фронтмэнам брэсцкай каманды Воўкам Плюмбумам.

У Віцебску, дзе ён скончыў тэхналагічны ўнівер, яго сапраўднае прозвішча ведаюць/памятаюць адзінкі, але менавіта яны ідуць слухаць вар’яцікя песні і цягнуць за сабой іншых. Каб на некалькі гадзін далучыцца да стылю жыцця з назвай Plum Bum.

Plum Bum

— Гэтае пытанне задаюць многія. У назвы вашага гурта ёсць шмат варынятаў перакладу «Добры Валацуга», «Слівавая Дупа» і розныя іх інтэрпрытацыі… Ці не змянілася з цябе з цягам часу стаўленне да назвы?

— Разумееш, задума была такая, каб людзі самі высвятлялі, што для іх канкрэтна значыць гэтая назва. «Добры Валацуга» ці на дадзены момант «Слівавая Дупа»… Мы нікога не «аканкрэчваем», нічога не навязваем… Варыянтаў шмат, акрамя гэтых двух. Я не сказаў бы, што «Слівавая Дупа» горш за «Добрага Валацугу». Мне бліжэй «Дупа». Але ў сувязі з тым, што гурт слухаюць не толькі такія барадатыя «мудакі», як я, але яшчэ і прыстойныя людзі — супрацоўнікі ўніверсітэтаў, выкладчыкі, магчыма, будаўнікі і грузчыкі ў краме,-то для іх, магчыма, бліжэй будзе «Добры Валацуга». Я пакідаю права выбару людзям.

— А ты ведаеш, што ў Маскве ёсць гурт з такой жа назвай, які займаецца фанкам з элементамі хіп-хопу?

— Я іх не ведаю і ніколі не чуў :) На самой справе, такі ж гурт быў і ў Брэсце, калі мы там ігралі ў першы раз. Канферанс’е спытаў, як нас аб’явіць, я сказаў: «Plum Bum», — ён быў крыху ў шоку. Пра масквічоў я даведаўся праз гады чатыры-пяць пасля стварэння гурта. Нашая назва існуе вельмі даўно, больш за 11 год, таму я не збіраюся яе змяняць. Тым больш гэта імя маё асабістае таксама. І змяняць Плюмбум на Аргентум, і называцца «Воўка Аргентум» было б вельмі недарэчна.

— У гурце адначасова на сцэне — шэсць чалавек. Як у цябе атрымліваецца ўсіх згуртаваць, зладзіць у адно месца, прывесці да адной мэты?

— Я спрабую дамовіцца з імі культурна, душэўна, я б сказаў. Але гэта немагчыма ў мужчынскім асяродку. Таму я высветліў для сябе адзіны метад — прамы ўдар у корпус замяняе тысячы слоў, сказаных культурна. Гэта не толькі з майго боку, але і з іх боку таксама.

Мы перыядычна б’емся. Гэта шчыра. І лаемся, і мацярымся. І я не зайздрошчу людзям, якія прысутнічаюць на саўд-чэку. Такім, як ты, да напрыкладу. Бо можна падумаць, што гурту засталося жыць толькі гэты канцэрт, а магчыма, нават палову канцэрта. Яны раз***ць на**р усе інструменты і раз’едуцца па сваіх кватэрах. Але гэта дурноцце, бо падчас выступу няма ў мяне больш блізкіх і каштоўных, чым гэтыя людзі.

На сцэне — гэта арганічны калектыў, нягледзячы ні на што. І калі няма кагосьці, то мы вельмі моцна гэта адчуваем, быццам у нас «аднялі» не адну нырку, а адразу дзве. Зараз людзі, якія на сцэне на Plum Bum’е — гэта адзіны арганізм. Да нас часам іншыя органы прыладкоўваюцца, але, як паказала гісторыя, застаюцца толькі патрэбныя.

— А ў гэтым складзе як доўга гурт існуе?

— Год дзевяць ці восем. Амаль з таго часу, як я пераехаў у Брэст. У нас бубначы перыядычна мяняюцца. Бо ўсё ж такі бубнач — гэта сэрца калектыву, а сэрца, зразумела, — гарачае. Сэрца абазначае спрошчана любоў, каханне. Таму іх любяць дзяўчыны, любяць сябры, незнаёмыя людзі… І часта пераманьваюць у іншыя гарады… Таму ў брэсцкім варыянце ўжо трэці бубнач іграе. Зараз гэта цудоўны музыкант Ілля Церашчук. Пакуль што я чакаю, калі з’явіцца тая сітуацыя, якая ў нас яго адніме.

Тут бубнач быццам пачуў словы Вовы і ўзяўся за справу. Перад вялікім сольным канцэртам размінка не пашкодзіць. Мы перанеслі нашую размову на адзін з лесвічных пралётаў.

Plum Bum

— Ты вучыўся ў Віцебску, а потым з’ехаў… На сёння Віцебск для цябе — пройдзены этап ці той жа горад, адкуль ты з’язджаў?

— Майго Віцебска не засталося. Ён — у пары-тройцы людзей, якія тут жывуць і з якімі я падтрымліваю сувязь. Гэта той мінімум, які застаўся, усё непатрэбнае адсеялася.

Горад робяць людзі, бо самому гораду ўласціва мяняць свае накірункі, вуліцы, прыбіраць блізкія табе лавачкі, дрэвы, кусты, у якіх ты адліваўп’яны з сябрам на пару. А калі трапляеш у горад і не знаходзіш гэтага куста… Мозг сцірае гісторыю. Таму я сюды прыязджаю вельмі рэдка, каб мая гісторыя, мой любімы горад падолей пажыў у маёй галаве, бо ён пачынае сцірацца і сыходзіць. І я не магу гарантаваць, што ён не знікне.

Я яго вельмі люблю і заўсёды вельмі хвалююся менавіта перад віцебскім канцэртам. Тут адбываюцца нейкія містычныя «двіжухі» з нашымі канцэртамі. Я ўвесь час нечага чакаю, дзіўнага, — яно і адбываецца. Спадзяюся, што і сёння так будзе. Вельмі хвалююся.

— Мінулым разам Plum Bum выступаў у Віцебску ў сакавіку на адной сцэне з «Серебряной свадьбой». Табе асабіста больш да спадобы выступаць з нейкім гуртом на пару ці аднаму, сольна, калі ўся сцэна — толькі твая тэрыторыя?

— Я не люблю выступаць на сцэне з мудакамі. Калі разам з намі выходзяць якія-небудзь ідыёты, выбачайце, гэта вельмі непрыемна. Бо сцэна пры «салянцы», пры фестывалях пераўтвараецца ў кухню ці кватэру. Калі ты выходзіш на сцэну, а там насрана, то вельмі крыўдна, калі ў цябе на кухні нехта ўзяў, сука, і насраў.

А «Серебряная свадьба» — нашыя сябры, і з імі было вельмі камфорта і прыемна. Быў цудоўны канцэрт. Разам мы выступалі 10 год таму ў Мінску, у Акадэміі мастацтваў, калі не было яшчэ гурта «Серебряная свадьба», а была толькі Бенька. Праз толькі такі доўгі час у нас атрымалася «замуціць» такую афігіцельную «двіжуху».

— А публіка віцебская адрозніваецца ад брэсцкай, мінскай…

— Усе гарады, дзе мы ігралі, адрозніваюцца. Ёсць публіка, якая тупа сядзіць і глядзіць. А пасля канцэрту бяруць тэлефоны, каб зрабіць яшчэ канцэрт, выражаюць нейкія падзякі. Я не разумею: чаму вы, блін, тупа сядзелі і глядзелі?! Дзіўна… Віцебская публіка, як звычайна, выбухае з першых нот. І мне дае гэта такі ўсплеск адрэналіну ў арганізме, што я часам успамінаю пра гэтыя канцэрты, толькі калі праглядаю запісанае відэа. Я сапраўды не памятаю нічога.

— Ты неаднойчы казаў, што з табой адбываецца своеасаблівае творчае раздваенне асобы. Па-за сцэнай Воўка Плюмбум — адзін чалавек, а на сцэне — зусім іншы…

— Насамрэч, гэтая барадатая скаціна пакрысе перабіраецца ў маё жыццё. Я гэтаму не рады. І нічога нельга зрабіць з чалавекам, які прынёс дадому свае тапачкі і не збіраецца з***ць адтуль.

— А на чым, акрамя гітары і нерваў, умее граць Воўка Плюмбум?

— Ён і на гітары не ўмее іграць. Я сур’ёзна кажу: ён зусім не ўмее іграць на гітары. Яму сябры на дзень народзінаў падарылі афігенны Fender Telecaster, але не ведаю навошта. Ён не гітарыст. Затое ён выдатна іграе на нервах.

— А хто ж тады Воўка Плюмбум?

— Ды я не ведаю. Не вельмі размоўны па жыцці.

Plum Bum

— Ну тады некалькі апошніх пытанняў. У інтэрв’ю Ultra-Music, ты сказаў, што «мы рвем сябе на сцэне, а потым патрэбна доўга склеівацца». Якім чынам гэта адбываецца?

— Мне складана пасля канцэрта займацца чымсьці энергічным, піць з сябрамі гарэлку і рабіць нешта непрыстойнае. Я проста саджуся ў таксі і еду дадому спаць. Сярод маіх сяброў — тое самае. Мы можам, вядома, недзе адасобіцца, але гэта здараецца зрэдку. У Plum Bum’а няма аўтапаці. Нашае аўтапаці — гэта сон. Бо на сцэне адбываецца нешта падобнае да спаборніцтва цяжкаатлетаў: хто штурхне большую вагу. Шэсць мужчын, якія надарвалі сабе не толькі фізічнае здароўе, але і псіхіку да гэтага часу, імкнуцца заставацца на сцэне, «трымаць марку». Таму нам патрэбна адпачываць, спаць бясконца. І прасыпацца толькі перад выхадам.

— У вашай групе Вконтакте выставілі тэму, дзе просяць выбраць любімы трэк з новага альбома «Всемирный день перелётных птиц». А для цябе які самы лепшы?

— Гэта вельмі прыкольна, што выбар чалавечай «рэдакцыі» не супадае з выбарам калектыву і кожнага асобнага музыканта. Людзі выбіраюць песні, якія б я нават не ўключаў у альбом. Самая лепшая песня на дыску — «Вино-Табак». Лепей няма.

— Як твая дачка Маруся адносіцца да бацькавай музыкі? Яна ж напэўна чуе, як ты граеш дома, спяваеш…

— Гэта нельга, немагчыма проста так перадаць словамі. Калі ўключаеш «Дельтаплан» — яна танчыць. І нічога больш не патрэбна. Зусім нічога.

…А потым распачаўся канцэрт. І на сцэну выйшаў іншы Воўка Плюмбум, і глядзеў адным вокам скрозь цёмныя прадкі валос, і спяваў, і клікаў падыходзіць бліжэй… Увесь гурт, як адзіны механізм, сапраўды працаваў на сцэне, кожная нота, кожная песня і кампазіцыя як энергетычнае пасланне ляцела ў залу і атрымлівала моцны адказ. Здавалася, інструменты вось-вось загарацца ў руках музыкантаў… І бас-гітара Вячаслава Пляско, і баян Уладзіміра Круцікава, кларнет і саксафон Яўгена Лук’янчыка, і ўсе магчымыя ўдарныя і перкусійныя прыстасаванні Іллі Церашчука… Яшчэ болей распальваў атмасферу танцамі Віктар Бавіні… А віцебская публіка была ў экстазе. Яна ўсміхалася ў адказ на гарачую музыку Plum Bum’а. Музыку віна, бессэнсоўных бадзянняў па начным горадзе, музыку танцаў і кахання…

Источник: Алесь Замкоўскі

Фото: Дзіма Лось

Группы: Plum Bum

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на support@ultra-music.com