Распачаўся конкурс маладых выканаўцаў «Заспявай 2.0»

Абвешчаны новы сезон конкурсу «Заспявай 2.0». Яго прызавы фонд складзе 1000 еўра, а пераможца будзе абірацца ў дзвюх намінацыях — «Кавер» і «Спяваная паэзія».

Конкурс ладзіцца парталам Tuzin.fm і дабрачынным фондам «Вяртанне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!» і партала TUT.BY. «Мы заклікаем адкрыць для сябе беларускі космас, падзяліцца гэтым адкрыццём з астатнімі і атрымаць годны старт з дапамогай нашага конкурсу», — заяўляюць завадатары праекта.

Арганізатары конкурсу запрашаюць да ўдзелу творчых асобаў ва ўзросце 15–27 гадоў у дзвюх намінацыях — «Кавер» і «Спяваная паэзія». Для першай трэба паказаць арыгінальны кавер на вядомую песню на беларускай мове. Для другой — пакласці на сваю музыку верш сучаснага беларускага паэта. Ніхто не замінае ўдзельнічаць адразу ў дзвюх намінацыях.

— У намінацыі «Кавер» перадусім будзе ацэньвацца не адпаведнасць кавер-версіі арыгіналу і нават не столькі вакальныя і тэхнічныя магчымасці выканаўцаў, колькі шырыня творчага мыслення і ступень прасякнутасці абраным спеўным матэрыялам. А ў намінацыі «Спяваная паэзія» будзе звернутая ўвага як на абраны тэкст, так і на яго арыгінальную музычную падачу, на гарманічнае спалучэнне музыкі і слова, — тлумачаць умовы арганізатары «Заспявай 2.0».

Прызавы фонд конкурсу складзе 1000 еўра разам з прыемнымі бонусамі, а выбіраць пераможцаў у абедзвюх намінацыях будзе журы, куды ўвайшлі музыкі Ігар Варашкевіч («Крама»), Валеры Дайнека («Беларускія Песняры») і Алег Хаменка («Палац»), паэты Адам Глобус і Віталь Рыжкоў, культуролаг Максім Жбанкоў, журналістка Таццяна Заміроўская і прадстаўнікі аргкамітэта конкурсу Павел Бераговіч (кіраўнік фонду «Вяртанне»), Ніна Шыдлоўская (каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі») і Сяргей Будкін (прадзюсар конкурсу, галоўны рэдактар парталу Tuzin.fm).

Заяўкі на конкурс прымаюцца e-mail [email protected] да 1 траўня 2015 года (уключна), а вынікі будуць абвешчаныя да 14 траўня.

Першы конкурс «Заспявай.by» прайшоў у 2014 годзе. Па яго выніках пераможцам быў прызнаны Віталь Варанко, які запісаў песню «Вяртайся» на верш Віталя Рыжкова.

Автор: / Ultra-Music