Песні пераможцаў (частка 2)

Вялікае бразільскае свята не спыняецца. У мінулым матэрыяле Ultra-Music прапанаваў альтэрнатыўныя гімны ўдзельнікаў чэмпіянату свету па футболе з груп A і B. Сёння працягваем групамі C і D.

Група C

Калумбія

Бясконцыя канфлікты за ўладу ўнутры краіны, магутныя злачынныя кланы, грамадзянскія войны — дзясяткі год Калумбія не бачыла светлых дзён. Каб расказаць усяму свету пра свае надзеі на лепшы лёс, музыкі з усёй Калумбіі з’ядналіся і разам выканалі песню Карласа Вівеса «La Tierra Del Olvido» («Зямля забытых»). Магчыма, і футбольная зборная краіны — зорная, яркая, як ніколі, — можа сваімі перамогамі з’яднаць Калумбію і прынесці людзям кавалак шчасця? Сіла ў еднасці — «Лос Кафетэрос» гэта дакладна ведаюць. Так, Фалькао на чэмпіянат не паехаў — але гэта не страшна. Шакіра да суайчыннікаў таксама вось не далучылася — і нічога.

Грэцыя

Зборная Грэцыі выглядае як каманда антычных герояў: дзесяць атлетычных, статных барадатых мужыкоў і хітры трыкстэр Тэафаніс Гекас. Лепшы час гэтай каманды дзесяць год як мінуў, але саступаць камусьці проста так грэкі дакладна не збіраюцца. «Мы маршыруем да славы, мы ніколі не будзем стаяць на каленях» — песня грэчаскага гурта з толкіенаўскай назвай Elwing суворая і ўрачыстая, як твары футбалістаў-эллінаў.

Кот-д’Івуар

Ernesto Djédjé — яркая зорка афрыканскай музыкі 1970-х, чалавек, які з’яднаў рытмы і матывы роднага Берага Слановай Косткі з кубінскай румбай і еўрапейскім дыска. Гульню івуарыйскіх футбалістаў можна разабраць на падобныя складнікі: афрыканская гарачыня, лацінаамерыканская прыгажосць і еўрапейская паслядоўнасць. Ды і зоркі ў камандзе гараць таксама яркія: Калу, Турэ, Драгба. Здаецца, каб дасягнуць поспеху, яны павінны проста працягваць танчыць.

Японія

У складзе гурта Tokyo Ska Paradise Orchestra не менш людзей, чым у футбольнай камандзе, але гучаць яны неверагодна зладжана. Зборная «блакітных самураяў» таксама адрозніваецца выключнай зладжанасцю: у матчы з японцамі барацьба ідзе за кожны сантыметр поля. «Дазвольце сабе быць пад уладай лёсу / Вы не будзеце ў поўнай адзіноце» — трапныя словы для верных японскіх фанатаў, якія не пакідаюць сваю каманду без падтрымкі нават на самым далёкім краі планеты.

Дарэчы, песня «Aguarela de Brasil» з першай часткі матэрыяла таксама ёсць у рэпертуары такійскага ска-аркестра.


Група D

Уругвай

64 гады таму Бразілія ўжо прымала чэмпіянат свету, і выйграла той турнір каманда Уругвая. Песня гурта Motosierra (па-нашаму «Бензапіла») пра тое, як дрэнныя хлопцы вярнуліся ў горад, каб навесці там свае парадкі. «Мы горш, чым Марадона, лепш, чым Томі Лі, мы цвёрдыя, нібы Рабакоп» — словы акурат пра зборную Уругвая, якую спісваць з рахункаў ранавата. Нават пасля матча з Коста-Рыкай.

Коста-Рыка

Вядомы на сваёй радзіме костарыканскі гурт Gandhi у 2002 годзе запісаў выдатны гімн для каманды. Чым выдумляць альтэрнатыўныя, нагадаем вам колішні афіцыйны. Хлопцы спяваюць пра мары аб вялікіх чэмпіёнствах, пра тое, што Коста-Рыка — мірная краіна без футбольных войнаў, дый пра тое, што футбол тут — свята. Каманда пакуль дадае святу выдатнага градуса.

Англія

Колькі б футбольных гімнаў не стваралі ў Англіі, адзін з іх заўсёды будзе заставацца галоўным — магчыма, не толькі ў самой Англіі, але і ўва ўсім футбольным свеце. У нашым спісе — кранальная версія ліверпульцаў Gerry & The Pacemakers.

Італія

Многія італьянцы любяць прог-рокавы гурт Premiata Forneria Marconi не менш за сваю футбольную зборную. «È Festa» — радасны гімн з далёкага 1971 года, яркі і нешматслоўны, але сённяшняй італьянскай зборнай шмат слоў і не трэба. «Вы згубілі шмат часу ў чаканні ідэальнага ўчора / Дык напоўніце ж свае сэрцы святкаваннем». Без сумневаў, Пірла і яго каманда прыкладуць ўсе намаганні, каб свята напоўніла сэрцы ўсёй Італіі.

Дарэчы, поўная талентаў італьянская зборная і сама можа праспяваць любы гімн.

Автор: / Ultra-Music

Группы: , ,

Комментарии: 1
  • Адзін прагляд кліпу Gerry & The Pacemakers ужо прымушае заўзець за зборную Англіі на гэтым чэмпіянаце.