Андрусь Такінданг: «У кожным беларусе жыве кароль»

Кажуць, што лепш за ўсё пра чалавека можа распавесці ягоны дом. Ultra-Music прадстаўляе рубрыку «Домашнее задание», у якой пра сябе будуць распавядаць ня толькі музыкі, але і абстаноўка, якой яны сябе атачаюць у штодзённым жыцці.

Андрусь Такінданг — асоба незвычайная. Хоць бы таму, што ён і музыка, і паэт, і мастак, і вядучы… Сваім жыццём ён быццам пацвярджае ўсім вядомыя словы аб тым, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.

— Андрусь — апантаны. Такое ў мяне адразу ўзнікла слова на літару «А», — выконвае Андрусь маё першае — псіхалагічнае — заданне — падабраць на літару, з якой пачынае імя, самую яркую рысу характару. — Але… не заўсёды апантаны. Часам бываю ў працы апантаным.

Працягваем знаёмства. «А калі б вы пазнаёміліся з чалавекам, які пра вас зусім нічога не ведае, што бы вы яму пра сабе расказалі?»

— Я, на самой справе, асаблівай веры словам не даю, таму для мяне ёсць бар’ер — распавядаць аб сабе. Заўсёды прасцей запрасіць чалавека на канцэрт альбо выставу, каб ён мог сам для сабе зрабіць меркаванне… Калі казаць пра прафесію, як можна расказаць пра музыку? Гэта нелагічна. Ёсць такія рэчы, якія трэба слухаць, бачыць. А калі пасядзець, піва папіць, аб жыцці паразмаўляць… Там ўжо размова будзе другой, — смяецца.

У адным з інтэрв’ю Андрусь казаў пра тое, што музыкай пачаў займацца, каб пагуляць. Пагуляць у музыку. А потым гульня стала прафесіяй. «Як вы лічыце, музыка — гэта лёс ці толькі вынік гульні?»

— Лёс — гэта нешта досыць абстрактнае. Кожны чалавек штодзень робіць выбар намаганнямі волі. Фатаграфаваць ці спаць, — усміхаецца нашаму фатографу, — браць інтэрв’ю альбо пайсці гуляць у футбол. І такі выбар адбываецца штодня. Таксама, калі ты ўжо намацаў сваю прафесію, кожны дзень выбіраеш: ці кшталтавацца ў гэтай прафесіі, павышаць свой узровень, альбо адпачываць. І таму пра лёс тут ужо казаць не даводзіцца, гэта хутчэй свядомы выбар, які адбываецца кожны дзень.

«А ўвогуле ў лёс верыце?»

— У наканаванне… — парадыруе фільмы жахаў Андрусь замагільным тонам. — Калі гэта браць да веры, робіцца трошкі сумна ад гэтай прадвызначанасці… Усё ж такі я цешу сябе надзеяй, што мы маем волю, свабоду манеўра. Я думаю, што лёс кожнага чалавека — гэта шчасце. Быць шчаслівым. А ўжо як ён будзе здзяйсняць гэта наканаванне — яго справа. Я лічу, што кожны дзень адбываецца выбар паміж шчасцем і няшчасцем.

Ствараецца ўражанне, што Андрусь абсалютна заўсёды радасны, вясёлы і, здаецца, задаволены ўсім на свеце. Адназначна, ім выбар быў зроблены на карысць шчасця. Гэта адлюстроўвае і кватэра музыкі. Аформлена яна ў цёплых пастэльных тонах. Па пакоях, нягледзячы на ​​восень, вольна гуляе святло.

Размясціўшыся на кухні, мы з задавальненнем ловім апошнія сонечныя прамяні, якія завітваюць да нас праз вялікае акно.

— Зараз вельмі шмат часу адбірае музыка, там што гэта від творчасці калектыўнай. Калі працуеш ў музычным гурце, гэта не толькі твая справа, гэта справа тваіх калегаў, сяброў. І адказнасць тым больш вялікая. Жывапіс — гэта холст і я. Хачу есці — малюю, шукаю нейкіх пакупнікоў, не хачу — магу гэтым не займацца. А музыка патрабуе большай адказнасці і руплівасці таму, што там занята шмат людзей, якія на мяне спадзяюцца, і на якіх я спадзяюсь. Узнікае ўзаемаадказнасць.

Дарэчы, музыка сустракае гасцей Такінданга ўжо на парозе — у асобе бас-бочкі. «Паходная!» — тлумачыць Андрусь.

— Мне гэтым летам здарылась паездка на мастацкі пленэр пад Нямеччыну пад Вроцлаў. Ёсць там вёска Крыжова — гэта Польшча. Там былі студэнты з розных краін… Расія, Україна, Беларусь, Польшча, вядома… Мы там пятнаццаць дзён проста малявалі, і гэта было вельмі цудоўна. Ты ні аб чым не думаеш, проста займаешся сваёй справай: дзень і ноч малюеш, размаўляеш са сваімі калегамі… Усё гэта вельмі-вельмі класна. Але ў мяне заўсёды было адчуванне, што я шпіён. Не сапраўдны міліцыянер, а той, хто апрануў міліцэйскую форму. Я разумеў, што я ўсё ж такі музыка. Мне было класна, я маляваў, пасярэдзіне практыкі мусіў ехаць на канцэрт і вяртацца назад — мяне адпусцілі арганізатары… Але адчуваў, што я ў гасцях. З аднаго боку я быў там цаглінай у сцяне, але з другога боку — я ў гасцях. Чужаніца.

Калі я ў музыцы, напэўна, гэта музыка, якую робіць мастак. Пра жывапіс я магу казаць тое самае. Ёсць адчуванне, што я чужаніца і там, і трошкі там, але з другога боку ёсць адчуванне, што я і цагліна ў сцяне. Трошкі заблытаў.

Мноства іпастасей — гэта не толькі адказнасць, але і небяспека. «А вы не баіцеся такой вялікай колькасці іпастасей?»

— Справа ў тым, што ёсць розныя падыходы да творчасці. Я не кажу пра рознае, я кажу пра адно сродкамі жывапісу і музыкі. Спрабую звяртацца да чалавека неяк адэкватна. Мая музыка і мой жывапіс — чалавекаарыентаваны. Яны вырашаюць аднолькаваю задачу. Я адзін чалавек, але рознымі сродкамі спрабую здзейсніць дыялог з гледачом або слухачом, таму гэта ўсё досыць арганічна для мяне.

У гэты момант закіпае імбрычак. Сапраўдны, хатні — са свістком і парай. Андрусь разлівае гарбату, паралельна цікавіцца, з цукрам ці без, і прапаноўвае разнастайныя прысмакі. Інтэрв’ю больш нагадвае вячоркі з размовамі «за жыццё».

— Сцэна патрабуе для сябе іншага стаўлення. Памылкі многіх артыстаў у тым, што яны не аддзяляюць сваё рэальнае жыццё ад жыцця на сцэне. Ёсць сцэнічныя законы, якія ты будзеш з цягам часу вывучаць. Іншыя словы на сцэне гучаць, іншая артыкуляцыя, іншыя жэсты… Але гэта толькі тэхнічныя сродкі. На самой справе, пасыл аднолькавы — як я спрабую жыць, як я спрабую жыць на сцэне. Толькі сродкі іншыя.

Зараз я не буду станавіцца на зэдлік, рабіць актыўную гукавую падачу пры нашай размове за сталом. Але тэмы, якія мы абмяркоўваем, і на сцэне, і на жыцці, і на халсце аднолькавыя.

«А што больш усяго паўплывала на вас як на чалавека і як на творцу?»

— Паўплывала, паўплывала, і уплыло… — смяецца Андрусь. — Розныя рэчы. Для мяне важная рэч — гэта сям’я… Я зараз толькі прыехаў з вёскі, быў там у бабулі, мы там з дзядзькам рыхтавалі да ацяпляльнага сезону печы, залезлі на дах ягонага дому, памазалі цэментам комен, таксама дах бабулінага дома. Было добрае надвор’е, я ляжаў на шыферы, глядзеў у неба і думаў розныя думкі.

У першую чаргу — сям’я, таму што мы там гадуемся, мы там выхоўваемся. Яшчэ рэлігія, сябры, узаемаадносіны. Тое, што ў кожнага чалавека. Я не выключэнне. У мяне не было ў жыцці патрасенняў, пасля якіх я бы мог казаць, што, вось, грымнуў гром, ударыла маланка ў мяне і гэта паўплывала на маю творчасць. Не, усё было досыць так звычайна і прадказальна.

Самаіронія — з’ява рэдкая сярод творчых людзей. Аднак Такінданг і тут вылучыўся. Самаіроніі у музыкі хоць адбаўляй. Асабліва, калі ён пачынае ўспамінаць свой прыход у музыку.

— Мае арыентыры, прыклады?.. Аднойчы, калі мы вырашылі з сябрамі рабіць гурт, мы цэлы год трэніраваліся, вучыліся граць на інструментах, лічылі, што мы крутыя… — усміхаецца. — Мы былі юнымі і, сапраўды, крутымі, а пасля прыйшлі на канцэрт этна-трыа «Троіца» і былі глыбока ўражаны. А потым нам пашчасціла паездзіць па польскіх гастролях з Вайцюшкевічам, з «Троіцай»… Гэта вельмі паўплывала на стаўленне да музыкі, на падыходы да творчасці.

Літаратура… Я атрымліваў вялікую асалоду ад школьнай праграмы, я чытаў усё, што задавалі: класічную, савецкую літаратуры, літаратуру эпохі БССР. Мне падабалася, і я ўсё гэта успрымаў і разумеў. Магчыма таму, што ў мяне былі добрыя настаўнікі.

Размаўляючы з паэтам, да таго ж і вядучым рубрыкі «Беларуская мова» ў ранішнім эфіры тэлеканала ОНТ, нельга было не закрануць тэмы беларускай літаратуры, у якой, як і ў тэме мовы, Андрусь выдатна разбіраўся.

— Раю пазнаёміцца з нашай «растралянай» літаратурай, якая была вынішчына ў трыццатыя гады. Яна не была пратэстнай супраць існуючага ладу, але ў ёй былі дужа моцныя еўрапейскія кірункі — постмадэрнізм, філасофскі пагляд на жыццё… Не важна, якія тэмы яна раскрывала: можна пісаць пра вайну і пра сялян, але галоўнае, як ты гэта робіш, якімі сродкамі карыстаешся. Наша літаратура на той момант карысталась сучаснымі еўрапейскімі сродкамі.

«А калі гаварыць пра любімы твор?»

— Любімы… Я вельмі баюсь гэтага слова, таму што яно адразу ставіць крэст — «любімы». Калі гаварыць пра маіх аднагодкаў, пра тых, з кім я знаёмы… Я вось вельмі люблю сямейную пару Жыбуляў…Але зараз казаць хачу пра кніжку «Цмокі лятуць на нераст» Марыі Мартысевіч. Яна мяне ўразіла, і я щдзячны, што вось я ведаю гэтага чалавека, а ён пішыць кніжкі. Гэта сапраўдная літаратура, якая мне апынулася блізкай. Там і проза, і вершы, і так ўсё напісана разумна, што атрымаў радасць.

Мне падабаецца твор «Божыя пасынкі» Буртрамеева, ён, напэўна, паўплываў на мяне. Ну і, зразумела, буду крывадушнікам, калі не скажу, што Караткевіч, Быкаў — гэта неважна… Не, гэта ўсё мне важна, я гэта ўсё чытаў. І Мележ таксама для мяне важны, «Людзі на балоце» у свой час для мяне быў самым лепшым творам на свеце.

«Поэтом можешь ты не быть, а гражданином быть обязан!» — завяшчаў нам яшчэ Мікалай Аляксеевіч. Андрусь Такінданг жа з’яўляецца рэдкім спалучэннем і таго, і іншага. Вядома, я не змагла не спытаць пра беларускі менталітэт.

— Мы ёсць такія, якія мы ёсць. І гэта трэба прыняць., каб была магчымасць рабіць выбар і альбо мяняцца, альбо заставацца такімі… Я асабліва не аналізаваў менталітэт беларуса, ведаю, што на канцэртах у правінцыі людзі больш стрымана сябе паводзяць, як у філармоніі.

«У правінцыі?» — дзівімся мы з фатографам.

— Так. На Браслаўшчыне, у Горках. Быў выступ на Браслаўшчыне, мясцовыя людзі сядзелі, пляскалі ў далоні, а пад сцэнай скакалі расіяне. «Давай! Давай! Эээээх!!!» — вельмі праўдападобна адлюстроўвае буяных славянскіх братоў Андрусь, скачучы па кухні і ледзь было не зносячы пліту. — Я з імі размаўляў, нешта ім казаў, яны на ўсё гэта вельмі актыўна рэагавалі. Ніводнага слова не разумелі, але вельмі актыўна адгукаліся: скакалі, дурэлі, танчылі, а нашы мясцовыя былі стрыманымі. Магчыма, ад таго, што людзі не ведаюць, як праяўляць свае эмоцыі.

Мы гралі нават проста на вуліцах: Магілёў, Салігорск, Горадня. Не запланаваныя канцэрты, але проста бралі комбікі на батарэйках і гралі на вуліцах. Спачатку людзі насцярожана рэагуюць, потым пачынаюць пляскаць, пасля — танчыць. Але патрэбны намаганні, таму што мы — еўрапейцы — закрытыя, мы скіраваны самі ў сабе, у нас нейкія праблемы, і ў нас ёсць мяжа бяспекі, якая не дазваляе, каб нас нехта параніў. Тым больш, нашыя людзі вучаныя, што могуць па галаве ўдарыць, таму яны заўсёды трымаюць дыстанцыю. Гэты лёд трэба растапліваць вельмі акуратна. Калі ты будзеш ставіцца да чалавека з годнасцю, як да караля, то гэты кароль неяк і адгукнецца. У кожным чалавеку, у кожным беларусе жыве кароль. Ён схаваны. Мэта творца — дазвацца, дабудзіцца гэтага караля. Я ведаў і бачыў цудоўныя перамены ў людзей… Такіх адны называюць «п’яное быдла», другія кажуць «дурні», «тутэйшыя», але я бачыў, як гэтыя людзі станавіліся сапраўднымі каралямі. Я гатовы працаваць сродкамі музыкі, сродкамі жывапісу, каб проста атрымліваць радасць і асалоду, калі такі кароль выходзіць наружу. У чалавеку змагаецца заўсёды Хам і Кароль.

Заходзіць гаворка пра музыку, і Адрусь прыкметна ажыўляецца.

— Вулічныя канцэрты — гэта неад’емная частка нашых гастроляў. Калі мы едзем за мяжу, то мы іграем канцэрт у клубе, а пасля абавязкова іграем на вуліцы. Проста для таго, каб зарабіць і павесяліцца. Гэта рэальная магчымасць зарабляць грошы, як ні дзіва: у нас гэта абсурдна. А таксама заводзіць знаёмства і адпачываць, наколькі гэта атрымліваецца.

Мужчыны — з Марса, жанчыны — з Венеры — пішуць замежныя псіхолагі. Такінданг, ствараючы тэксты для «Гаротніцы», ці абвяргае сцвярджэнне, ці займаецца любімым заняткам мадэрністаў — літаратурнай гульнёй.

— Стварыць «Гаротніцу» паўстала ідэя, калі быў крызіс у гурта Recha і калі ўзнікалі тэмы, якія Recha не магло агучыць цераз свой фармат. Я хацеў зрабіць стылізацыю. «Гаротніца» — гэта галашчэнне гаротнай душы чалавека, гэта не абавязкова жанчына, гэта душа, якая пакутуе з-за свайго жыцця. І гэта ўсё упакавалася ў такую вокладку, як спевы прастытутак. Там былі маналогі жанчын аб сваім гаротным лёсе, таксама такая дэструктыўная музыка… Дэструктыўны акадэмізм — калі казаць пра стыль. Гэта зашыфрованы маналог душы, які перадаецца вуснамі маргіналаў, прастытутак. Тэксты былі для меня не высмактанымі з пальца, але натуральнымі. У кожнага чалавека ёсць цяжкіе перыяды, перыяды суму, якія трэба выказваць. Тэма вельмі цікавая, цікавая для мастацкага уяўлення.

«Калі вы пішаце вершы як паэтычныя творы і вершы — тэксты песен, яны адрозніваюцца?»

— Адрозніваюцца. Не ўсе вершы могуць быць песнямі, як і не ўсе тэксты без музыкі могуць чытацца як вершы. У музыцы свае законы. Верш мусіць быць самадастатковым і без акампанементу.

Зараз здараецца «хвароба» — радкі залазяць у галаву, адразу ўзнікае музыка. І яна ўжо пачынае падпарадкоўваць напісанне далейшага тэксту. Верш, які мог бы адбыцца, яна ператварае ў песню. Таму нейкі верш праслізгвае, уцякае, але вершаў не так і многа.

Свае словы Андрусь пацвярджае ў поўнай меры. Калі ён рухаецца па кватэры, увесь час нешта напявае: ці то са словамі, ці то проста мелодыю. Напэўна, нествораны верш.

«А прозу не хацелась пісаць?»

— Максімум, на што хапае, — эсэ, жыццеапісанні. больш дакументальныя. Магчыма, гэта ўсё так заваблівае, і так класна адчуць сабе Караткевічам., але гэта блізнерства з майго боку. Да і пакуль яшчэ недастатковая колькасць мазгоў, каб пісаць. Вось калі мазгоў будзе больш…

«І, мабыць, апошняе. Як вы думаеце, што будзе з беларускай літаратурай, з беларускай культурай у будучыні? Як яны будуць развівацца?»

— У нас ёсць ўсе неабходнае для стварэння беларускай культуры: у нас класныя мастакі, класныя музыкі, класныя літаратары… Але ёсць і брак — брак агульнай радасці і ўздыму. Ён адчуваецца не толькі ў грамадстве, але і ў творчасці. Нейкай солі, можа быць, брак. Адчуваецца стома — стома грамадства, стома творцаў, хаця ёсць усё неабходнае, каб наша літаратура была яшчэ лепш, наша музыка была яшчэ лепш, і жывапіс таксама. Але часам бывае сумна. Ідзеш на выставу — сумныя, вялыя працы, слушаеш нейкія сцямныя песні. Тут, хутчэй усяго, трэба здабываць радасць насуперак абставінам. Калі атрымаецца нашым творцам, нашым людзям здабыць радасць (у першую чаргу, у сваім сэрцы)… Мабыць, быць у нейкім сэнсе хуліганістымі, трошкі нахабнымі ў творчасці, то, магчыма, заззяе наша культура.

— «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не здохлі» — маментальна інтэрпрэтуе Андрусь радкі Багушэвіча, калі я пытаюся ў яго пра меркаваным аб будучыні беларускай мовы.

— У мяне ёсць розныя варыянты адказу на гэта пытанне. Адзін з варыянтаў: я кажу, што для мяне моўнай праблемы не стаіць і не ўзнікае. Для чаго я так адказваю? Для таго, каб даць мове шанец. То бок, калі будзе распаўсюджвацца пазіцыя, што мова — гэта нешта натуральнае, гэта не пажар, які трэба зараз тушыць, то гэта будзе даваць больш шанцаў мове. Трэба перавесці нашу мову са сродкаў культуры і мастацтва ў сродкі зносінаў. Існуе, жыве тое, што працуе. Калі наша мова будзе, як латынь — мовай набажынстваў, культуры, узнёслай мовай, якую трэба бараніць, то, хутчэй за ўсё, яна і загіне.

Другі варынт адказу — я кажу, усе нармальна, мова — сродак зносінаў і гэтак далей. Зразумела, я не дурань і бачу, што ёсць моўныя праблемы, ёсць засілле… Але праблемы вырашаюцца. І тут проста

трэба даць чалавеку шанец адчуць сябе годным. Мы ўсе розныя, адзін чалавек — розны, і кожную хвіліну ён можа быць і добрым, і дрэнным. Наша натура дуалістычная — гэта зразумела. І калі абудзіць у чалавеку годнаць, напрыклад, праз усмешку… Маё мастацтва мусіць абуджаць у людзях радасць, пачуцце годнасці. Каб чалавек не толькі засяроджваўся на дачэсным, але была бы пляцоўка свабоды, не прывязаная да матэрыяльных праблемаў. Калі прабуджаць у людзей такое пачуццё, то ў мовы будзе шанец. Мова звязана з гэтым. Мова — гэта прыкмета нашай нацыянальнай ідэнтычнасці.

Зразумела, што масавая папсовая культура дужа моцная, яна з Усходу ідзе да нас — прыгожая, яскравая, добра зробленая. І агрэсіўная. Яна абуджае ў чалавеку розныя іншыя пачуцці, магчыма, жывёльныя. На гэта лёгка павесціся. Яшчэ і на працы праблемы… Якая можа быць мова? Таму важна творцам добра рабіць сваю справу і ствараць выспу свабоды, бараніць годнасць слухачоў, гледачоў. Калі атрымаецца адстаяць годнасць чалавека, тады з мовай будзе лягчэй.

Автор: / Ultra-Music

Фото: Deniz

Группы: ,

Комментарии: 10
  • Set:

    Колоритный персонаж.

  • Deniz:

    Да, шаблон слегка надрывает -)

  • Гадзя:

    Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб ня здохлі. Гэта каму было сказана? У пустэчу? У сьценку? Не, гэта тым, хто беларускімі выдатнымі людзьмі захапляецца, выказваючы гэта не на беларускай мове. Эх вы

  • Ці спрабавалі вы атрымаць крэдыты ад банкаў без поспеху? Тэрмінова патрэбныя грошы, каб выбрацца з даўгоў? Патрэбныя грошы для пашырэння або стварэння ўласнага бізнесу? Атрымаць крэдыт ад аднаго з вядучых крэдытных кампаній Вялікабрытаніі. Для атрымання дадатковай інфармацыі, калі ласка, звяртайцеся па электроннай пошце: [email protected]

  • я быў настолькі бедны, і ніхто не даў мне крэдыт, але я атрымаў спецыяльную картку ад аднаго, з гэтай картай я магу зняць 5000 еўра кожны дзень, і гэтая карта апошні на працягу 5 гадоў, я атрымаў гэтую картку, і я жыву добра.
    калі вы хочаце быць багатым вы можаце атрымаць гэтую карту занадта проста звяжыцеся з [email protected] або [email protected]
    У мяне ёсць свой дом і машыну, і цяпер я жыву добра, так як я атрымаў гэтую карту.
    атрымаць вашу карту сёння, таму што гэта дапаможа вам.

    дзякуй