Litvintroll: «Шмат з таго, што паказваюць па тэлевізары пра рок-н-рольнае жыццё, — гэта праўда»

Фолк-металісты Litvintroll вярнуліся са свайго першага тура па Польшчы — вялікага і паспяховага. Дудар гурта Васіль Верабейчыкаў і бубнач Генадзь Парахневіч расказалі карэспандэнту Ultra-Music пра дарожныя прыгоды, рок-н-рол у нумарах гатэляў, гарачыя польскія клубы і планы на новы альбом.

— 9 канцэртаў за 10 дзён. Як гэта перажыць?

Генадзь: Гэта быў першы сур’ёзны тур гурта. Вельмі нязвыкла было, асабліва пад канец тура, мы ўжо пачыналі блытацца ў гарадах. Здавалася, што першыя канцэрты былі вельмі даўно.

Васіль: Так, напрыканцы пачынаеш забываць першыя канцэрты: дзе былі, ў якіх гарадах, з кім гралі, колькі народу прыйшло. Але тур — гэта вельмі прыемны досвед. Хочам яшчэ.

— Не стамляе?

Васіль: Стамляе, але ж трэба проста ўвайсці ў рытм. Гэта спачатку ўсё такое незнаёмае: прыехалі — чэк — канцэрт — адпачынак — ежа, потым зноў, зноў, зноў… А з часам уцягваешся, і тур становіцца як звычайная праца, на якую трэба раніцай падымацца. Як дзеянні, якія ты робіш кожны дзень.

У нас у першы ж дзень зламаўся аўтобус, мы яшчэ не даехалі да першага горада, Уроцлава. Першы адрэзак дарогі быў амаль на тысячу кіламетраў, і дзесьці пасярэдзіне ў нас заклініла кола. Мы спыніліся ўначы, паспрабавалі зняць гэта кола ключом, які быў у бусе — нічога не атрымалася, бо ключ быў лайно. Даехалі на запраўку, набылі там новы ключ — і ён адразу зламаўся. А потым нейкім чароўным чынам кола расклінілася, і паехалі далей.

А акрамя таго, што зламаўся бус, мы згубілі ўсе грошы, як толькі прыехалі ўва Уроцлаў. У мяне была крэдытка, і яе заблакавалі ў першым жа горадзе. Усе нашы грошы, на ўвесь тур — каля тысячы еўра — мы зняць не змаглі. Таму збіраліся — у каго што было ў кішэнях, у каго што на картках…

Генадзь: У кагосьці бутэрброд застаўся яшчэ ў заплечніку…

Васіль: Але пасля першых жа канцэртаў нам арганізатары штосьці заплацілі, і адразу стала лягчэй.

— А з-за чаго заблакавалі грошы?

Васіль: Я забыўся пін-код! Набіраў некалькі разоў — мне здавалася, што правільныя. Потым тэлефанаваў у банк, але не дапамагло. Мне картку разрэзалі нажніцамі напалову: «Прабачце, загад ад банка прыйшоў». І ўсё.

— Палякі выручаюць у складаных сітуацыях?

Васіль: Так, яны пайшлі насустрач, дапамагалі, калі ў нас былі праблемы. Па арганізацыі і па адносінах усё было вельмі добра, ніякіх складанасцяў.

— Як увогуле супрацоўніцтва з прома-групай Heart of Rock? Гэта ж яны арганізавалі тур па Польшчы?

Васіль: Мы з імі знаёмыя даўно, бо ў Польшчу ездзім ужо год пяць, прымалі ўдзел у канцэртах, арганізаваных Heart of Rock, як запрошаныя сябры. І калі вырашылі актыўней з імі пасупрацоўнічаць, напісалі, яны адказалі: «А мы чакаем ужо шмат часу, калі вы напішаце! Усе зацікаўленыя». І вось яны прапанавалі нам такі тур. Спачатку быў спробны, некалькі канцэртаў вясною, а цяпер — першы вялікі тур. Ён быў падзелены на дзве часткі: у першай мы прымалі ўдзел як група падтрымкі для двух расійскіх каманд, «Грай» і «Сатанакозёл», а на працягу другой былі хэдлайнерамі разам з польскім гуртом Percival Schuttenbach. З палякамі мы знаёмыя вельмі даўно, яны прыязджалі і да нас, на «Купальскае кола». Добрыя хлопцы-дзяўчаты, з імі заўсёды прыемна і граць, і піва піць.

— А публіка таксама чакала, як і прамоўтэры? Шмат людзей прыходзіла?

Васіль: Па-рознаму. Як мне самому здаецца і як казалі тыя ж палякі, не ўва ўсіх гарадах была добрая рэклама. Таму прыходзіла часам трыста чалавек і больш, а ў некаторых гарадах было 50 ці нават менш, бо рэкламы не было. Не ведаю, чаму — мабыць, грошы скончыліся ў арганізатараў. Напрыклад, у Познані мы гралі ўжо чацвёрты ці пяты раз, нас там добра ведаюць, у нас там ёсць свая аўдыторыя. І ўжо пасля канцэрта нам у facebook пісалі людзі: «А мы не ведалі, што ў вас канцэрт быў, мы не бачылі рэкламы. Мы б прыйшлі». У Познані клуб і так быў забіты цалкам, але магло б быць і больш людзей.

— Як увогуле польская публіка ўспрымае? Як у Польшчы жыве метал?

Васіль: Як кажуць самі палякі, фолк-метал у Польшчы — жанр вельмі непапулярны, куды папулярней там black і death. Але ж людзі ходзяць там на канцэрты лепей, чым у нас. І публіка трохі па-іншаму ўспрымае. Вось быў я днямі ў «Піратах», там грала французская банда AIN, нашы землякі Folcore, Znich, яшчэ некалькі каманд. Некалькі дзясяткаў чалавек каўбасілася пад сцэнай, а астатнія, і я ў тым ліку, слухалі з адлегласці. У Польшчы тры чвэрці залі каўбасіцца ў любым выпадку, людзі падтрымліваюць музыкантаў, нават калі іх не ведаюць. Пасля аднаго канцэрта падыйшла адна польская дзяўчынка, сказала: «О, зараз я пачну слухаць фолк-метал, калі пачула вас».

— Баек з дарогі шмат прывезлі?

Генадзь: Шмат хто не памятае нічога. Або мала што памятае :)

— Сапраўдны тур атрымаўся? Алкаголь, дзевачкі?

Васіль: Не, пра гэта мы табе нічога не раскажам.

Генадзь: Увогуле, шмат з таго, што паказваюць па тэлевізары пра рок-н-рольнае жыццё, — гэта праўда. Я раней думаў, што музыкі прыкідваюцца, калі так сябе паводзіць. Не! Рэальна, такія ж ідыёты. Гармідар у гасцініцах і ўсё такое.

Васіль: У нашага вакаліста, Андрэя, быў дзень народзінаў 8 кастрычніка, мы адзначалі яго разам з польскімі сябрамі ў гатэлі. І калі я пайшоў зранку іх будзіць, бо трэба было ехаць у наступны горад, то ўбачыў у іх нумары дакладна тое ж, што паказваюць пра туры Оззі Осбарна ці Guns ‘N’ Roses у 80-х. Поўны разгром! Усё па калена ў піўных бутэльках, банках, ежа валяецца, перагарышча… Хтосьці спіць на падлозе, нехта на канапе… Я нават не зрабіў ніводнага здымка, бо быў у шоку. Я такое бачыў толькі ў тэлевізары, я і не думаў, што такое бывае на самой справе! Але ўсё скончылася добра: усе здаровыя, усе жывыя.

Генадзь: Я ніколі не пайду працаваць прыбіральшчыкам у гатэль.

— Фанатак юных не з’явілася, якія б за вамі з горада ў горад пераязджалі?

Васіль: З’явіліся, ездзілі. Але пра гэта больш не будзе інфармацыі! :)

— Які канцэрт з тура атрымаўся самым крутым?

Генадзь: У Познані, напэўна.

Васіль: Увогуле шмат было добрых! Але так, напэўна, Познань. Мы ўжо гралі ў тым жа клубе раней і ведалі, што там заўсёды вельмі горача, бо асвятляльныя прыборы вісяць нізка, не вельмі добрая вентыляцыя, нізкія столі. І вось у гэтай гарачыні нас не адпускалі са сцэны! У тым клубе няма выхаду ў грымёрку ці на нейкі бэкстэйдж, там музыкам трэба праходзіць праз залу. Мы скончылі граць, трэба было саступаць месца нашым польскім сябрам, Percival Schuttenbach, часу няшмат засталося, мы і так зацягнулі наш выступ. А мы стаім і не можам ўцячы са сцэны, бо людзі не пускаюць, спяваюць з намі песні, крычаць: «Jeszcze jeden, jeszcze jeden!» Прыйшлося неяк прарывацца.

— А ўвогуле з пляцоўкамі як?

Васіль: У Польшчы шмат невялікіх клубаў і пляцовак, але з выдатным абсталяваннем. Прыходзіш: там нейкі падвальчык, пячорка, а ў ёй стаіць наймаднейшы апарат, вельмі добры гук. Вельмі здорава. І невялічкія, і вялікія клубы — усе вельмі добра абсталяваныя.

— Лепш ці горш, чым у Мінску?

Васіль: Re:Public — гэта вельмі добры клуб, і там вельмі добры гук, на мой погляд. Проста з гэтым гукам трэба працаваць, трэба, каб гукарэжысёр яго адладжваў, каб быў добры саўндчэк. Калі ў канцэрце 10 гуртоў і нават няма часу зрабіць добры чэк, гуку не будзе. Але калі грае адзін гурт ці два, як будзе ў нашым бліжэйшым выступе, можна прыехаць раніцай і зрабіць усё, каб гук быў вельмі добры. Тыя ж Percival Schuttenbach, калі прыязджалі да нас у Re:Public, казалі: «Уаў, у нас такіх клубаў амаль што няма, вялікая пляцоўка, вельмі добры гук, добры апарат». Праўда, у іх згарэла адна гітарная галава падчас выступу, але яны ўсё роўна адыгралі і былі задаволеныя. Re:Public, тыя ж «Піраты» — вельмі добрыя па апараце, па гуку, па святлу, па ўсяму.

— У рэжыме, калі кожны дзень новы канцэрт, гук паспявалі адладжваць?

Васіль: Так, мы звычайна прыязджалі зранку і некаторы час працавалі на пляцоўцы. Плюс з намі быў наш гукарэжысёр, які ведае нас і ведае апаратуру. Да таго ж выпадкова атрымалася, што амаль на кожнай пляцоўцы быў аднолькавы лічбавы гукарэжысёрскі пульт, які можа захаваць нейкія налады, каб усталяваць іх на тых жа узроўнях у наступным клубе.

— На ўсе маленькія сцэны змяшчаліся такім шырокім складам?

Васіль: На самой справе, наш клавішнік большую частку тура быў у камандзіроўцы ў Аўстраліі і прыехаў да нас толькі на два апошнія канцэрты. Ноўтбук, з якога ішла яго партыя, займае менш месца, чым сам клавішнік, таму месца для нас было шмат :) Але мы ж прызвычаеныя граць з жывым чалавекам, а не з камп’ютарам, гэта дае больш прасторы для імправізацыі, таму было вельмі прыемна, калі ён прыехаў. А польскую народную песню «Lipka» мы гралі з вакалісткай Percival Schuttenbach Асяй — і разам з ёй таксама змяшчалася на сцэну. Дарэчы, наш вакаліст Апан таксама спяваў разам з Percival Schuttenbach адну іх песню. Невялічкія сцэны не перашкода для добрай музыкі.

Litvintroll

— На канцэрты пераважна моладзь прыходзіла?

Генадзь: Не, людзі абсалютна розныя. У асноўным аўдыторыя, як у нас, але прыходзілі і нямала дарослых людзей.

Васіль: У Польшчы рок-культура больш доўга, чым у нас, развіваецца. Тыя людзі, якія былі юнакамі ў 80-х, і зараз ходзяць на канцэрты, хоць ужо сталі сталымі. У нас людзі не такія. Савецкі Саюз, мабыць, паўплываў.

Генадзь: У нас прыходзяць, толькі калі Motörhead прыязджае.

— Дарэчы, як вам той канцэрт з Motörhead спадабаўся?

Васіль: Мы не памятаем. Нам было страшна!

— Хваляваліся?

Васіль: Так. Інфармацыя пра тое, што нас абралі як супорт для Motörhead, дасягнула нас, калі мы ехалі ў Польшчу на канцэрт. Стаім на мяжы, літаральна на пераходзе, і тут нам тэлефануюць і кажуць: «Вяртайцеся, вы граеце з Motörhead». Але мы не развярнуліся, мы ўсё роўна паехалі ў Польшчу, адыгралі канцэрт — і ноччу паехалі назад. У нас усё траслося! Мы нават не разлічвалі на такое.

— А якая прапанова павінна прыйсці да Litvintroll, каб яны развярнуліся на мяжы і паехалі назад?

Васіль: Калі маці патэлефануе, скажа: «Васіль, дапамажы, мне трэба нешта зрабіць», тады вярнуся. Маці — гэта святое.

Генадзь: Я і перад Motörhead даволі сур’ёзна казаў: «Давайце развернемся і паедзем!»

— Як увогуле так атрымалася, што вас паклікалі? І чаму за дзень да канцэрта?

Васіль: А мы і самі не ведаем! Неяк адабралі. Здаецца, спачатку арганізатары хацелі, каб была падтрымка, потым сказалі, што не трэба, а потым зноў вырашылі, што ўсё ж трэба. Памятаю толькі званок: «Вяртайцеся». Як толькі зразумелі, што будзем граць, пачалі посціць інфармацыю ў Facebook, Вконтакте, тэлефанаваць сябрам: «Прыходзьце, мы граем».

— У вас хутка зноў вялікі канцэрт у Мінску, з эстонцамі Metsatöll. Чаго чакаеце?

Васіль: Чакаем, што людзі прыйдуць! Даўно не гралі ў Мінску, не атрымалася ў нас граць на «Купальскім коле», бо ў Генадзя былі праблемы са спінай — за дзень да канцэрта «хуткая» яго забрала проста з працы. Мы адмянілі і паездку ва Украіну, і канцэрт у Мінску, і потым яшчэ адмаўляліся ад некалькіх канцэртаў. Толькі да гэтага тура Генадзь набраў форму. Да гэтага канцэрта мы падрыхтавалі адмысловую праграму: будзем граць нешта новае з таго, што выйдзе на наступнай нашай плытцы, неяк апрацавалі старыя песні. Намагаемся зрабіць цікава для ўсіх: і для нас, і для слухачоў. З Metsatöll мы гралі ўжо колькі разоў. Спачатку на некалькіх фэстах у Эстоніі, але знаёмыя з імі не былі. А потым нас паклікалі быць супортам на іх прэзентацыі альбома ў Эстоніі, мы там гралі з імі і Korpiklaani. Пасябравалі, вырашылі, што ім трэба зрабіць канцэрт тут, у Мінску, і вось з нашай падачы яны сюды прыехалі. Нам вельмі падабаецца гэты гурт, у іх такая магутная музыка! Апошні альбом — супер. Прэзентацыя была два дні запар, але мы абодва дні слухалі іх выступ з задавальненнем, бо нам вельмі падабаецца.

— Праскоквала інфармацыя, што вы збіраецеся ў Германію і Скандынавію. Ёсць ужо канкрэтныя планы?

Васіль: Так, якраз пасля канцэртаў з Korpiklaani і Metsatöll намі зацікавіліся нейкія booking-агенцтвы, пыталі, ці хочам мы паехаць у Германію і Скандынавію. Чаму ж не, хочам! Зараз усё неяк закінулася, але ў нас з’явіліся кантакты з Заходняй Еўропай, мы працуем над гэтым. Пакуль не маем дакладных дат, але ёсць канкрэтныя прапановы: калі ўсё добра, у Францыю паедзем вясною. Зараз прабіваем тур па дарозе, каб захапіць Польшчу, Чэхію, Германію, бо паўсюдна ўжо ёсць зацікаўленыя людзі, якія жадаюць нас там бачыць.

— Зараз, пасля мінскага канцэрта, доўгіх тураў у вас не запланавана — можа, за запіс сядзеце?

Васіль: Так і будзе! У нас ёсць напрацоўкі, ёсць матэрыял. Частку з яго будзем граць на канцэртах, частку не будзем — будзе ўжо на вясну. Вясною паспрабуем зрабіць сінгл, цікавы, канцэптуальны. Ён выйдзе перад нашым турам, які мы хочам зладзіць у Еўропе, абавязкова будуць канцэрты і ў Беларусі, у Мінску і ў іншых гарадах, у тым ліку і невялічкіх. А пазней і альбом будзе. Самыя цікавыя творы мы прэзентуем ужо 8 лістапада, бо адмыслова падрыхтавалі іх да гэтага канцэрта. Частку мы ўжо «абкаталі» ў Польшчы, усім спадабалася! Спадзяемся, спадабаецца і тут.

— Гурту ўжо амаль дзесяць год. Ці шмат маладых, новых гледачоў прыходзіць на канцэрты?

Генадзь: Так, ёсць нават дзеці. Рэдка, канешне, але ёсць.

Васіль: Мабыць, дзеці тых, хто хадзіў на канцэрты ў 2005-м.

— Зараз часта кажуць, што будучыня музыкі — за электронікай. Вы элементы электронікі не спрабуеце дадаваць?

Генадзь: Пакуль яшчэ не, не спрабуем.

Васіль: Але гэта добрая ідэя! Вось зараз пойдзем на рэпетыцыю і паспрабуем.

Генадзь: Я даўно гэта прапаноўваў! Ніхто не ўспрыняў сур’ёзна.

Васіль: Гена хоча граць на «Казанціпе».

— А як увогуле беларуская метал-сцэна жыве?

Васіль: З’яўляюцца гурты! Вось у «Піраты» я хадзіў паслухаць Folcore, напрыклад. Праўда, не вельмі пачуў, бо гук быў кепскі, на наступны канцэрт зноўку пайду. З’яўляюцца хлопцы і дзяўчаты, якія жадаюць граць рок-н-рол, і тыя, хто хоча граць электроніку, рэп. І гэта таксама добра, бо музыка розная, і нейкі падзел: «Гэта — рэп, гэта — рок, гэта — тое, сёе» — глупства! Музыка — гэта музыка. Калі яна добрая, то добрая, а калі лайно, то яна ўва ўсялякім выпадку будзе лайном, як бы ні гралася.

— Гурт Flaming Lips нядаўна зрабіў два сумесныя трэкі з Майлі Сайрус. Вы з кім-небудзь з беларускіх поп-выканаўцаў не хочаце зрабіць сумесны трэк?

Васіль: Чакаем прапаноў! Мы адкрытыя да іх. Калі нехта, хто добра спявае і робіць добрую музыку, зацікавіцца намі, а мы зацікавімся ім — чаму ж не? Мы з задавальненнем.

Генадзь: З Каржом зробім песню!

Васіль: Чаму не? Збярэм потым «Мінск-арэну» сумесна.

Автор: / Ultra-Music

Фото: Michal 'Goldmoon' Kwasniewski, Closter Art Photography, Olejniczak F. fotografia

Группы: ,

Комментарии: 2