«Героі году» Re1ikt: «Мы адчуваем сябе героямі, калі бачым рэакцыю слухачоў на нашу музыку»

Чарговы раз слушны музычны партал «Тузін Гітоў» ладзіў уласную прэмію, падчас якой былі вызначаныя пераможцы ў дзвюх намінацыях — «Дэбют году» і «Героі году». Лепшымі дэбютантамі нечакана стаў гурт Hurma, а яшчэ большая нечаканасць адбылася ў намінацыі «Героі году», у якой Re1ikt абышоў «Ляпісаў» і N.R.M.

Цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў прэміі «Героі году»

Урачыстая цырымонія праходзіла ў клубе «Юла», дзе нягледзячы на даволі моцны склад выступоўцаў сабралося каля сотні чалавек, палову з якіх складалі журналісты ды музыкі. Публіка даволі халодна ўспрыняла шматмінутныя псіхадэлічныя запілы намінантаў на «Дэбют году» Tonqixod і манатонны хіп-хоп яшчэ аднаго дэбютанта SP Kava. Але разварушылася, калі на сцэну падняліся пераможцы ў намінацыі гурт Hurma, які выконвае немудрагелісты, але месцамі вельмі кранальны поп-рок.

— Для мяне «Тузін Гітоў» заўсёды быў флагманам беларускай музыкі, і калі год таму я адпраўляў Сяргею Будкіну нашу песню «Клуб самотных сэрцаў», думаў: толькі б узялі ў гіт-парад песню, — кажа лідар гурта Мікіта Найдзёнаў. — Было вельмі прыемна прэзентаваць сваю творчасць менавіта на гэтым сайце. Гэтая узнагарода вельмі пачэсная. Мы перамаглі на конкурсе «Песня года», намінаваныя на Нацыянальную музычную прэмію, але гэтая узнагарода для нас зараз самая галоўная.

Цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў прэміі «Героі году»

Але асноўная інтрыга была вакол намінацыі «Героі году», дзе суседнічалі даволі разнастайныя імёны: гурт BosaeSonca, які ў пачатку года выдаў дэбютны альбом, а ў канцы — яшчэ адну, акустычныю плытку; N.R.M., які сёлета актыўна гастраляваў па замежжы і выдаў альбом, за які гурт не лаяў толькі гультай; гурт :B:N:, амаль цалкам змяніўшы склад, запісаўшы акустычны міні-альбом і электрычны сінгл; Re1ikt, які цягам году даў больш за паўсотні канцэртаў і, здаецца, нарэшце вынайшаў свой почырк; «Ляпіс Трубяцкі» — сталы намінант усіх узнагарод (акрамя афіцыйных) у Беларусі.

— Такой рэакцыі на «Адпусці» мы не чакалі: я нават не памятаю ніводнага негатыўнага каментара, — кажа лідар гурта BosaeSonca Алесь Кот-Зайцаў. — Нейкім героем я сябе не адчуваю, я ўспрымаю гэтую намінацыю не тое каб нейкі суб’ектыўны погляд, але як погляд на пэўны зрэз беларускай музыкі: у «Тузіна» склаліся свае традыцыі, яны глядзяць выключна ў бок беларускамоўнай музыкі. Калі вось так жорстка ўсё адсекчы і пакінуць толькі беларускамоўны сегмент, то можна тых людзей, якія сёння тут, назваць героямі, героямі таму, што мы карыстаемся роднай мовай. Але калі браць сітуацыю цалкам, то ўсё гэта выглядае дзіўнавата: Макс Корж збірае «Мінск-Арэну», а мы тут абіраем нейкіх герояў. Зразумела, што гэта суб’ектыўны, «тузінагітоўскі» погляд.

Не зусім зразумеў крытэраў, па якіх вылучаліся намінанты на званне «Герояў» і цяперашні лідар гурта N.R.M. Піт Паўлаў. Музыка ўпэўнены, што зараз яго гурт у цудоўнай форме, а за 2013 зрабіў хіба не больш за «Ляпісаў».

— Я не разумею крытэраў, па якіх вызначаюць герояў: усе намінанты ў вельмі розных катэгорыях: як кажуць, дзе мы, а дзе яны, — лічыць Піт. — Напрыклад, «Ляпіс Трубяцкі» грае ў арэнах, але грае за межамі краіны і знаходзіцца ў іншых рэаліях. Таму параўноваць «Ляпісаў» і Re1ikt няма ніякага сэнсу. А мы далі каля сарака канцэртаў, зрабілі прэзентацыю альбома за межамі краіны і ў межах краіны. Напэўна, тое, што мы зрабілі, немагчыма параўнаць нават з «Ляпісамі»: на Heineken Open’er было паўмільёны чалавек, у Жэшуве 30 тысяч чалавек на нашым канцэрце апрануліся ў залатую вопратку. Маладыя гурты, якія тут прысутнічаюць, вельмі класныя, але па якім крытэры нас параўновалі, не разумею. А наконт крытыкі альбома… Калі я чытаю, каго хваляць гэтыя эксперты, я разумею, што ў нас усё атрымалася. А яны сапраўды ні**я не разумеюць — канкрэтна, татальна. Зэро! Да мяне пачалі звяртацца сур’ёзныя беларускія музыкі, каб мы зрабілі ім гук на запісе. Яны зацікаўленыя ў сучасным гучанні і ўсё разумеюць. Можна паставіць у сутык Лені Кравіца, Muse, Red Hot Chili Peppers, Radiohead і N.R.M., а потым любы беларускі гурт, які зараз ухваляюць, чалавек усё адразу зразумее. Наруліць такі гук, які падабаецца гэтым экспертам, можна левай нагой.

Цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў прэміі «Героі году»

Самі героі былі болей сціплыя ў выказваннях — гурт, гісторыя якога налічвае ўжо 15 год, толькі ў апошнія два, здаецца, нарэшце знайшоў сябе і сёлета выглядае вельмі пераканаўча.

— Па справядлівасці мы павінны былі апынуцца сярод намінантаў, — кажа бубнач Re1ikt Аляксандр Дземідзенка. — Мы вельмі шмат чаго зрабілі за гэты год. Не тое каб гэта было зусім чакана, але мы здзівіліся. А героямі адчуваем сябе тады, калі бачым рэакцыю слухачоў на нашу музыку. Я не хачу сказаць, што наша музыка нейкая элітарная ці прызначаная для нейкага вузкага кола аматараў, але ж і не зусім «два прытопы, два прыхлопы»: людзям добра ад нашай музыкі. Але працаваць яшчэ ёсць над чым.

Галоўны рэдактар «Тузіна Гітоў» Сяргей Будкін, падаецца, шчыра радаваўся, што менавіта Re1ikt стаў пераможцам у намінацыі. Напярэдадні прэміі Сяргей прааналізаваў цяперашні вобраз аднаго з галоўных прэтэндэнтаў на ўзнагароду «Ляпіса Трубяцкога» і Міхалка ў прыватнасці, а ўжо пасля цырымоніі апублікаваў на сайце «Тузіна Гітоў» падрабязнае тлумачанне, чаму менавіта Re1ikt перамог сёлета. Дзіўна, але пессімістычна настроены ў апошні час Сяргей цяпер выглядае вельмі ўзрушаным.

— У гэтым годзе напэўна ўпершыню за ўвесь час існавання «Тузіна» было складаць пяцёркі намінантаў было няпроста з той прычыны, што ўсе прэтэндэнты не змяшчаліся ў шорт-ліст, — кажа стваральнік «Тузіна Гітоў». — Мне здаецца, што ў гэтым годзе ўсё выдатна. Усяго было 15–20 прэтэнэнтаў, і «абрэзаць» кагосьці было вельмі складана. Але ўсё ж вырашылі падаць інфармацыю больш сцісла. Мы сталі сведкамі таго, што беларуская музыка перажывае чарговую хвалю росквіту. Такое было напрыканцы дзевяностых. Гэта так выглядае з маёй званарні, з гэтым можна не пагаджацца. Вельмі радуе, што прыходзіць новае пакаленне людзей, якія пачынаюць рабіць цудоўную музыку.

Цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў прэміі «Героі году»

Автор: / Ultra-Music

Фото: Кацярына Лісіца

Группы: ,

Темы:

Комментарии: 6
  • Eum:

    ну че..молодцы Re1ikt. Хотя пора бы им определиться с тем, что играют. Стиль, в котором они пишут последние песни — самый подходящий, мне кажется.

  • Я быў на канцэрце ў Жэшуве. Не было там 30 тысячаў у залатой вопратцы. Нават тысячы не было. Максымум — сотня.

  • Kejs Tut:

    Спадар Аляксандр, да словаў «N.R.M сёлета выдаў альбом, за які гурт не лаяў толькі гультай» варта б дадаць «толькі гультай і Мартыненка», бо вот ана, рэальная жызднь http://belmusic.org/reviews/nrmnovynezabyty.html

  • Поздравления Реликту! трудолюбия им не занимать. (трудолюбие — читай творчество).

  • JustCrazy:

    Господи — ну наконец-то у нас что-то выиграла настоящая музыка, а не блеющий михалок со лживыми агитками, гопниковатый корж или недоНРМ (мнение о котором еще сильнее ухудшилось после прочтения интервью этого, потрясающий неадекват и самовлюбленность)
    Реликтов — от души поздравляю — на вашем примере видно, что в этой стране еще что-то возможно