27 сакавіка ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» у рамках праекту «У межах уласнага „Я“: мастак-калекцыянер у Беларусі» адбудзецца прэзентацыя прыватнай калекцыі мастака і музыкі Андрэя Плясанава.
На сённяшні дзень мастак Андрэй Плясанаў з’яўляецца ўладальнікам адной з самых буйных калекцый неафіцыйнага беларускага мастацтва 1980-90-х. Ён замаўляў гэтыя працы пад спецыяльныя ўласныя праекты («Майстэрня мастака», 1987), выратоўваў палотны, калі мастакі ў адчаі хацелі іх зруйнаваць, атрымліваў у падарунак ці ў знак павагі і ўдзячнасці — амаль што кожная карціна авеяна мітам.
Аляксей Жданаў, Віталь Чарнабрысаў, Вольга Сазыкіна, Уладзімір Акулаў, Генадзь Хацкевіч, Ігар Кашкурэвіч, Людміла Русава, Аляксандр Малчанаў — сотні палотнаў і дзесяткі імёнаў тых, хто стаў ўжо легендай беларускага арт-андэграўнда, складаюць унікальную калекцыю Плясанава.
Калі пагартаць буклеты альбомаў гурта «P.L.A.N.», дык карціны з калекцыі Андрэя Плясанава адшукаем і ў «Вам слова, Джон Ячмень!» (2003), і «Зьніч надзеі» (2006), і «Шлях да каханай» (2007). Цікава, ці будзе на гэтай прэзэнтацыі месца для ўласных песень Андрэя Плясанава?
Быў. Вершы Плясанаў чытаў, але песень не сьпяваў. Затое пра сваю калекцыю жывапісу распавёў людзям шмат цікавага. І паказаў — жыўцом і на экране манітора. Гадзіны паўтары сустрэча адбывалася.