Дзень у гісторыі: 10–16 верасня

Ultra-Music узгадвае яскравыя моманты ў гісторыі беларускага року. Кожны тыдзень мы распавядаем пра тое, што адбывалася ў гэтыя дні год-пяць-дзесяць таму.

10 верасня

10 верасня 1999 года ў Мінск прыехалі «Воплі Відоплясова». Гэта быў другі канцэрт гурта ў Беларусі. Годам раней Скрыпка і Ко прыехалі і толькі дзякуючы шчырасці арганізатараў, якія запрасілі, напэўна, ўсіх беларускіх музыкаў на канцэрт у якасьці гасцей, выступілі ў не паўпустой залі. На гэты раз сітуацыя змянілася цалкам і ажыятаж вакол канцэрту ВВ быў ого-го які! Зрэшты, на той момант усе галоўныя хіты «воплей» ужо выйшлі, так што на канцэрце гучалі і «Танці», і «Країна мрій», і «Юра», і шмат чаго і іншага.

11 верасня

11 верасня 1998 года на малай сцэне Тэатра імя Янкі Купалы адбыўся творчы вечар лідара гурта «Красные звёзды» Уладзіміра Селіванава. У гэтым, напэўна, быў нейкі спецыфічны сімвалізм: канцэрт музыкі, які на той момант быў прапаведнікам соц-арт-року (ці, як гэта тлумачылася, «савецкай палітычнай дактырыны, узведзенай у ранг мастацтва»), на пляцоўцы тэатра ў гонар класіка беларускай літаратуры, якога гэтая ж савецкая палітычная дактрына зацкавала да смерці… У выніку на тым канцэрце быў нават запісаны жывы сольны альбом Селіванава «Мы непременно придём за тобой».

12 верасня

12 верасня 2008 года не стала Святаслава «Svet» Хадановіча… Svet пачаў выступаць яшчэ ў студэнцкія гады ў складзе дуэта Svet & Al, які пазней пераўтварыўся ў квартэт Svet Boogie Band. Гурт вельмі хутка прагрэсаваў, граў на фестывалях у Польшчы, Чэхіі, Расіі. У 2006 году Svet Boogie Band перамог у беларускім адборы на міжнародны конкурс The Global Battle Of The Bands і атрымаў права выступіць у Лондане. Гурт паспеў запісаць два альбомы і зняць два канцэртных DVD. У 2008 годзе Svet загінуў у ДТЗ, яму было толькі 28 гадоў…

У 2009 годзе 12 верасня адбыўся першы фестываль «Камяніца». Музей народнай архітэктуры і побыту прыняў да сябе гурты Kriwi, «Стары Ольса», «Нагуаль», «Джамбібум», «Гаротніца»… Цяпер гэта ўжо традыцыйны фестываль, які адбудзецца і ў гэтым годзе — 15 верасня.

13 верасня

Часам узгадваючы ці чытаючы пра некаторыя старыя канцэрты, якія адбываліся ў Мінску, здзіўляешся: як тое магло быць? Калі гаворка ідзе пра канцэрт Laibach у пачатку 90-ых — гэта выглядае як маштабная фантастыка. А вось калі ўзгадваеш, напрыклад, прыезд швейцарскіх джазавых авангардыстаў Interkantonale Blasabfuhr у 1997 годзе — проста не разумеш, як гэта. Але і такое было. Канцэрт адбыўся 13 верасня ў Палацы прафсаюзаў. А дагэтуль яны заехалі ў Віцебск з Магілёвым. Самае цікавае, што тая незвычайная вандроўка ў будучыні адгукнулася сумесным беларуска-швейцарскім праектам. У тым самым Interkantonale Blasabfuhr гралі Альбін Брун і Марко Капэлі, якія праз шмат гадоў разам з спявачкамі з Akana стварылі праект Kazalpin.

14 верасня

14 верасня нарадзіліся адразу дзве вельмі значныя постаці для беларускай музыцы — Іван Кірчук і Лявон Вольскі. Першаму спаўняецца 54 гады, другому — 47. Напэўна, абодва ў асобным прадстаўленні патрэбы не маюць. Проста дзякуй вам, Іван і Лявон, за вашую працу! Віншуем!

15 верасня

15 верасня 2006 года сумесны канцэрт далі Zet і IQ48. Гурт Zet на той момант не выступаў амаль два гады (гэтыя канспіратары ў масках сцвярджалі, што яны ўвесь гэты час гастралявалі па Паўднёвай Амерыцы, ага) і ў «Юле» фактычна прэзентаваў альбом «radzima.com». На той момант пад рознымі назвамі (часцей за ўсё, чамусці, «Unplugged») гэты рэліз хадзіў па рукох ужо тры гады, і ўсе слухачы даўно ведалі «Айчыну», «Джала», «Анёла». Таму на канцэрце публіка хорам спявала ўжо любімыя песні… Наступны канцэрт Zet адбыўся недзе яшчэ праз гады два і на гэтым гурт спыніў сваё існаванне. А можа проста з’ехаў куды-небудзь у Палінэзію гастраляваць — хто ж іх ведае…

А яшчэ 15 верасня нарадзіўся бас-гітарыст Канстанцін Калеснікаў, які як раз граў у IQ48, а таксама ў Hasta La Fillsta, žygimont VAZA. Цяпер Косця ірве струны ў The Silicon. Віншуем!

16 верасня

16 верасня 2006 года адбылося дзіўнае мерапрыемства — «Вялікі джынсавы фэст». З музыкай гэта падзея мела мала агульнага — звычайны мітынг у парку на плошчы Бангалор. Публіку туды заманівалі магчымым прыездам Бруса Ўіліса і ягонага гурта The Accelerator, а таксама выступам N.R.M. Ні аднаго, ні іншых там не было. Зрэшты, на фэсце паспелі сыграць два гурты, пасля чаго, па старой беларускай традыцыі, знікла электрычнасць.

Автор: / Ultra-Music