Ultra-Music узгадвае яскравыя моманты ў гісторыі беларускага року. Кожны тыдзень мы распавядаем пра тое, што адбывалася ў гэтыя дні год-пяць-дзесяць таму.
17 верасня
«Рок за свабоду» — прыгожая шыльда! Менавіта пад такой назвай 17 верасня 2004 года ў парку на плошчы Бангалор прайшоў фестываль, які ставіў сабе на мэце падтрымаць прыгнечаных беларускіх музыкантаў. Для таго каб прыцягнуць увагу да іх, вырашылі запрасіць чамусьці Вячаслава Бутусава. Як вынік — звычайны канцэрт расійскай рок-зоркі і ні слова ў падтрымку музыкантаў…
18 верасня
18 верасня 2006 года на паліцах беларускіх дыскарняў з’явіўся чарговы альбом Змітра Вайцюшкевіча — «Нявыданае. Песьнi з доўгай шуфляды». У гэты дыск увайшлі малавядомы трэкі выканаўцы. «За 6 гадоў сольнай творчасці ў мяне назапасілася дастаткова песень, якія не выдаваліся па розных прычынах, — тлумачыў Зміцер. — Сабраўшы гэта ўсё разам, у мяне не было адчування, што атрымаўся прахадной дыск. Больш за тое, на ім ёсць моманты, якія стануць сюрпрызам нават даўніх прыхільнікаў».
18 верасня 2010 года ў «Мінск-Арэну» прыехаў Стынг з Брытанскім сімфанічным аркестрам. У маштабным канцэрце «Symphonicity» было задзейнічана 139 чалавек, а ўсё неабходнае абсталяванне прывезлі ў Мінск на 9 грузавіках! Шалёныя кошты на квіткі не спужалі гледачоў: у першых шэрагах сядзела заможная публіка (ага, 300 баксаў за тое, каб быць у некалькі метрах ад зоркі, сабе дазволіць можа не кожны), на трыбунах — больш сціплая. Але ўсе былі задаволеныя: аншлаг, дзве дзеі, усе хіты, кан’як і віскі ў бары — такія канцэрты не забываюцца!
19 верасня
Два дні запар — 19 і 20 верасня 1998 года — у Маладэчне праходзілі рок-фестывалі. Уяўляеце! Не дарма ў гэтых гістарычных нарысах Маладэчна ўсплывае не ўпершыню. Першы фестываль — «Рок-немаўля» — штогадовы агляд маладых гуртоў ладзіўся Маладэчанскай гарадзкой радай ТБМ і мясцовым моладзёвым клубам «Грунвальд» да 2001 году. У 1998-ым там выступалі «Реактор», Bourkina Faso, Rum & Ice, Exist, пазней — «Агония», Small Sound, Green Snake, Pet Nihil і іншыя гурты, чыі назвы зараз, нажаль, нічога не скажуць. Праводзілася дзея ў раздзяўбаным на той момант Доме культуры чыгуначнікаў. У тым жа 1998-ым, у тым жа ДК 20 верасня адбыўся фэст «Вольныя танцы ў Маладэчна», дзе ўжо выступалі больш вядомыя гурты — «Новае Неба», ULIS, Znich, Happy Face.
20 верасня
20 верасня 1997 года ў кінатэатры «Масква» адбыўся другі фестываль блюз-року «Blues Lives in Minsk». Ладзіўся ён Star Club’ам Генадзя Старыкава — нефармальным аб’яднаннем аматараў блюзу. Гэты яскравы хаўрус, якому на той момант было толькі 2 гады, існуе і дагэтуль. «Я не мог яго не стварыць. Я настолькі люблю гэтую музыку — гэта невытлумачальныя рэчы. Яшчэ ў 60-я гады, калі мы былі школьнікамі, потым студэнтамі, я палюбіў гэтую музыку, і з тых часоў ёй не змяняю», — казаў неяк Старыкаў. У 97-ым у фэсце ўдзельнічалі Піт Паўлаў і Аляксей Шадзько, «Троіца», «Калі-Юга», «Акцент», «Погружение», Blues Ground, Let’s Go, «Вокзал». А ў якасці ганаровага госцю выступіў Аляксандр Растопчын, беларускі гітарыст-віртуоз, які даўно перабраўся ў Нью-Ёрк.
21 верасня
21 верасня 1998 года — афіцыйны дзень нараджэння «Радыё Сталіца». Менавіта ў гэты дзень станцыя выйшла ў FM-дыяпазон на хвалях 103,7. Да таго моманту на гэтай частаце рэтрансляваліся некаторыя эфіры Першай праграмы Беларускага Радыё. «Радыё Сталіца» ў FM праіснавала да 1 студзеня 2003 году, а праз чатыры гады на гэтай хвалі стаў працаваць «Радиус-FM». Паралельна на УКВ працягвала працу «Радыё Сталіца», якое ў сакавіку бягучага году зноў вярнулася ў FM, цяпер на хвалях 105,1, адабраных у «Авторадио»…
22 верасня
22 верасня 2007 года адбылася эпічная падзея — фестываль «Права быць свабодным» (праз год атрымаўшы скарочаны назоў BeFree). Запомніўся нават не сам фестываль, які праходзіў ва ўкраінскім Луцку, і ў якім ўдзельнічалі беларусы Zet, «Крама», Neuro Dubel, ULIS, Indiga, Znich, Tav.Mauzer, :B:N:, «Сьцяна» і ўкраінцы «Тінь Сонця», а вандроўка туды. На фэст ладзіўся аўтобусны тур з Мінску. Але два аўтобусы былі затрыманыя міліцыяй падчас паездкі — пад Дзяржынскам і Стоўбцамі адпаведна. Мне, як аднаму з пасажыраў таго рэйсу, гэтая гісторыя добра запомнілася: і як перапісвалі пашпартныя звесткі, і як доўгі час не выпускалі з аўтобуса, і як штурмам потым браўся туалет Дзяржынскага РАУС, і як нас адвозілі ноччу пад прыглядам міліцыі назад у Мінск. Тым не менш, мы ўсё адно дабраліся да Луцку — на цягніках і рэйсавых аўтобусах.
23 верасня
23 верасня 1998 года адбылася прэзентацыя альбома Neuro Dubel «Охотник и сайгак». Гэты альбом лідар гурта Аляксандр Кулінковіч лічыць ключавым у гісторыі «дзюбелёў». Не дарма за яго гурт атрымаў чатыры рок-кароны, уключаючы галоўную. А той канцэрт у кінатэатры «Кастрычнік» запомніўся ня толькі 3-гадзінным выступам, але і аўкцыёнам, які зладзіў гурт: на ім прадаваліся рэчы, звязаныя з музыкамі. Дарэчы, праз 10 гадоў (25 верасня 2008) альбом «Охотник и сайгак» быў перавыдадзены West Records і дагэтуль трапляецца ў некаторых крамах. Першае касетнае выданне, зробленае «Пан-рекордс», цяпер — сапраўдны рарытэт.
Бонусам — першая паласа МГ з «дзюбялямі», як раз з нагоды выпуску новага альбому :)