Наваселле «Арт-сядзібы»

Культурная пляцоўка «Арт-сядзіба» была адчынена 10 месяцаў таму і працавала ў будынку завода «Гарызонт». Дзверы «Сядзібы» былі адчынены для ўсіх жадаючых: праводзіліся сустрэчы з пісьменнікамі, музыкамі, мовазнаўцамі і гісторыкамі. Літаральна ў ліпені гэтага года «Арт-сядзібу» з былога памяшкання выселілі, не пажадаўшы працягнуць арэнду. Некалькі дзён таму стала вядома, што «Арт-сядзіба» знайшла новае месца жыхарства па адрасу пр-т. Пушкіна 28а, у былым памяшканні гульнявога клуба.

26 верасня «Арт-сядзіба» правяла на новым месцы генеральную ўборку, запрасіўшы ўсіх жадаючых на дапамогу.
Нас вітае Зміцер Афанасенка (лідэр гурта Amaroka) і дзясятак валанцёраў — нехта шаруе анучай паліцы, нехта носіць сталы, нехта мяце ці пыласосіць. Прыбрацца ж трэба паспець да першай імпрэзы: ў пятніцу, 28 верасня, у госці да «Арт-сядзібы» прыёдзе Лявон Вольскі прэзентаваць свой новы дыск «Саўка ды Грышка. Сто песень».

Два пакойчыкі — адзін непасрэдна ўжо для першых сустрэч, а другі пакуль дзейнічаць не будзе: яго плануюць аддаць у карыстанне стрыт-арцерам у якасці творчай пляцоўкі. Дарэчы ўжо сення адгукнуліся некаторыя з іх, якія працавалі над дызайнам былога памяшкання. Акрамя гэтых пакояў, у «Арт-сядзібы» цяпер уласная прыбіральня, сантэхпамяшканне і нават маленькая гасцёўня. Адразу на ўваходзе нешта накшталт гардэробчыку чамусьці з надпісам «Душевая». Нехта потым адзначыў, што трэба літару «н» уціснуць і будзе «душевная».

Як адзначае Павел Белавус, новае памяшканне знайшлося даволі хутка. Раней тут працаваў гульнявы клуб (аматары азартных гульняў не раз завітвалі з надзеяй, што клуб зноў адчынілі). Уладальнік памяшкання, даведаўшыся, што хлопцы жадаюць праводзіць тут канцэрты, некамерцыйныя сустрэчы і іншыя культурныя мерапрыемствы, лёгка пагадзіўся здаваць пляцоўку ў арэнду.

— Месца болей і магчымасцяў болей, — зазначае Зміцер Афанасенка. — Калі раней мы былі абмяжованы ў часе, то тут можна хоць да раніцы сядзець. Таму магчыма будзем і начныя мерапрыемствы праводзіць.

У планах «Арт-сядзібы» адкрыць і невялічкую краму, якая б прапаноўвала гасцям кнігі, ці хэндмэйд, — накшталт кавы-кнігарні. Чалавек прыходзіць, п’е каву ці гарбатку і чытае кнігу. А можа яе і набыць.

— Мы яшчэ не ведаем, ці моцна нас будзе чуваць і ці не будзем мы перашкаджаць тут каму-небудзь. Але спадзяемся, што мы праіснуем тут доўга, — кажа Зміцер.

Пачаць працу «Арт-сядзіба» плануе з выставы малюнкаў з суполкі Вконтакте Lit.bel.

— Святла тут малавата, — заўважыў Антон Сурапін, які таксама прыйшоў у якасці госця і фатографа. — Вас фатографы будуць ненавідзець і здымаць не будуць, — жартуе ён. — І «Арт-сядзіба» памрэ.

— Чаму гэта памрэ? — пытаецца Зміцер

— Ну як чаму? Вас не будуць здымаць, пра вас не будуць пісаць, і ніхто да вас хадзіць не будзе, вось і памрэ.

Сплюнь, Антон. І лепей прынясі лямпачку, зрабі свой уклад.

Автор: / Ultra-Music

Группы:

Комментарии: 4