Сайт Experty.by абвесціў ТОП-10 лепшых беларускіх альбомаў, выдадзеных у першым паўгоддзі 2012. З вялікім адрывам яго ўзначаліў дыск «Laterna Magica» гурта «Серебряная свадьба» — ён атрымаў ад крытыкаў 9 балаў з 10 магчымых.
На другой прыступцы чарту фінішавалі Akute з альбомам «Не існуе» (8,50). На трэцяй і чацвёртай пазіцыі — працы гуртоў Clover Club і Drum Ecstasy (па 8,00). На пятай — супольны дыск беларускага траы Port Mone і ўкраінскага этна-калектыву «ДахаБраха» (7,75).
«Можна казаць пра тое, што „Laterna Magica“ — рэальны прэтэндэнт на тытул лепшага беларускага альбома 2012 году. Дзевяць балаў дагэтуль у нас атрымлівалі толькі альбомы гуртоў „Ляпис Трубецкой“ і „Троіца“, — адзначае кіраўнік праекта Зміцер Безкаравайны. — З іншага боку, гэты рэйтынг адлюстроўвае меркаванне толькі чатырох штатных экспертаў, а ўзнагароджваем па выніках году мы яшчэ па трох незалежных версіях».
За першае паўгоддзе 2012 ў разглядаемым сайтам сегмэнце (рок, поп, фолк, альтэрнатыва) было выдадзена 33 новых альбомы. 60% з іх выкладаліся ў Сеціва без выпуску на CD альбо адначасова з ім. Беларускамоўныя альбомы ўпершыню з першага паўгоддзя 2009 саступілі другую прыступку англамоўным.
Сайт Experty.by быў адчынены ў 2008 годдзе для сістэматычнага апісання беларускіх запісаў. У лік штатных экспертаў і заснавальнікаў праекту таксама ўваходзяць Сяргей Будкін, Алег Клімаў і Зміцер Падбярэзскі. Акрамя іх у праекце прымаюць удзел восем беларускіх і пяць замежных крытыкаў.
Цалкам спіс лепшых беларускіх альбомаў першага паўгоддзя (з магчымасцю праслухоўвання) і агляд галоўных тэндэнцый глядзіце на сайце Experty.by.
а які поўны спіс? цікава паглядзець і астатнія, якія складаюць 33 альбомы