Этна-электронны праект Šuma выпусціў міні-альбом «zolak». Гэта спроба перакласці старажытныя песні на сучасную мову — мову электроннай музыкі і гукавых вынаходніцтваў.
«Мы хочам, каб традыцыйная беларуская культура жыла ў сучасным моманце, — распавяла Еўрарадыё лідарка гурта Šuma Руся. — Мы бярэм бабуліны спевы, не змяняючы мелодыю, не змяняючы дыялектаў, проста спяваем іх у іншай манеры».
Яшчэ адна задача, якую вырашылі музыкі Šuma — «нанізалі» архаіку на сучасны і непапсовы электронны біт. Непапсовы — гэта, па азначэнні Русі, такі як у Flying Lotus, Amon Tobin, Bjork, Robot Koch.
«Калі мы толькі ўзяліся за працу над альбомам, мы думалі, ой, ну што там складанага? Бярэш любую песню, накідваеш туды нейкіх ламаных біткоў, тут падкруціш, там задабстэпіш, і ўсё зашыбісь атрымаецца. А насамрэч — не, — скардзіцца на цяжкасці музычнага эксперымента спявачка. — Аказалася, вельмі цяжка зрабіць прыемны і гарманічны матэрыял, заснаваны на сучаснай электроннай музыцы з песнямі, якія спяваліся па зусім іншых канонах. Даволі лёгка пераносіць аўтэнтыку ў блюз, рок і поп, а вось у электроніку, ды такую, пад якую было б і прыемна патанчыць, і паслухаць, і фонам пусціць — вельмі цяжка. Я нават не магу апісаць, колькі матэрыялу пайшло проста ў сметніцу».
Паслухаць альбом можна на сайце Еўрарадыё, а спампаваць — на сайце праекту Šuma.
Золяк… Даже тэги не прописали для песен. Презентовали бы тут, хоть не было бы ошибок.
выдатна. Нарэшце нешта цікавае.
Г.зн. гурт «Indiga» больш ня вернецца ніколі? Дый «AkanaNHS» таксама. А мне дык ужо гэтых фолькавых альбомаў досыць. Хочацца рэальнага жыцьця ў песьнях.