Берасцейскі гурт «Спрат» запісаў новы міні-альбом «Спрат’UP». У рэліз ўвайшлі пяць свежых трэкаў. Кожны дзень на працягу тыдня гурт прэзентуе па адным з іх.
— Фармат міні-альбому для нас ненаўмысна стаўся дакладнай і зручнай формай музычнага выказвання, — заящляюць музыкі гурта «Спрат». — Па-першае, з боку гледжання мэтанакіраванага, лаканічнага падыходу, без нечага лішняга і прыцягнутага. Па-другое, такая форма валодае значнай гнуткасцю ў суадносінах якасць-тэрміновасць.
Па словах музыкаў, «Спрат’UP» — гэта стартавы момант пераўвасаблення вобразаў і ясных уяўленняў у канкрэтныя дзеянні.
— «Спрат’UP» не прызначаны для праслухоўвання наскокам. Кожная з пяці з’яднаных і рознабаковых песень — гэта пачатак чарговага дню. Але не шэрагавага, з прысутным сузіральным характарам. Гэта дзейсны ранак з новымі ўражаннямі ды адчуваннямі, — дадаюць музыкі.
Менавіта з гэтай нагоды «Спрат» вырашыў прадстаўляць па адным трэкі штодня. Песні «Усё наноў», «Сыстэма» і «Сыну» ўжо можна спампаваць на сайце гурта.
«Спрат», паглядзеў ваш кліп «Пакаленьне» — залік! Ваша ўзыходзячая зорка Ленінскага раёна Брэста — Ігар Бурштын — насамрэч будзе выдатным кліпмэйкерам. Посьпехаў!!!