Akute прэзентавалі новую песню «Наскрозь»

Напярэдадні вялікага тура па Беларусі з праграмай «Як на далоні» гурт Akute прэзентаваў у Інтэрнэце новую песню «Наскрозь».

Гэта першы новы матэрыял трыа з часоў мінулагодняга альбома «Nie isnuje». Прэм’ера песні на канцэртах адбылася яшчэ ў лістападзе і, мяркуючы па колькасці аматарскіх відэаздымак на YouTube, яна амаль адразу атрымала прызнанне прыхільнікаў гурта. Студыйная версія з’явілася літаральна днямі і музыкі вырашылі не трымаць яе да лепшых часоў.

— Песня атрымалася даволі хутка, на адной хвалі. Яна быццам простая — пра каханне, восень і цемру, — але ёсць у ёй нешта незвычайнае. Мы з Ромай недзе тыдзень слухалі сыры дыктафонны запіс з рэпетыцыі — такога не было з часоў «Адзіноцтва», — прызнаецца Стас Мытнік.

Тур «Як на далоні» будзе першым у кар’еры гурта, нягледзячы на тое, што ва ўсіх гарадах яны ўжо выступалі і не раз. Новая канцэртная праграма, названая ў гонар адной з песень Ulis, будзе больш канцэптуальна збудаванай.

— Натуральна, што мы імкнемся да дасканаласці, шукаем нейкія новыя структурныя і візуальныя хады. Будуць і эксперыменты, у тым ліку з разагрэвам. Напрыклад, у Мінску перад намі ўпершыню будзе граць электронны праект Pryzma, у Магілёве з намі зайграе расійскі гурт Kirov, а ў Брэсце — нашыя ўкраінскія сябры з гурта «Фіолет». Усё вельмі разнастайна, — адзначае Стас Мытнік.

Расклад тура:

  • 10.04 — Магілёў, «Куба»
  • 12.04 — Мінск, Re:Public
  • 13.04 — Віцебск, «Чердачок»
  • 20.04 — Гомель, ГЦК
  • 26.04 — Брэст, «1 мая»
  • 27.04 — Гродна, фэст «Хавайся ў бульбу»

Источник: пресс-релиз

Фото: Полина Шарай

Группы:

Комментарии: 7