На лэйбле Foundamental Network выйшаў новы міні-альбом беларускага электроншчыка Паўла Няхаева (Pavel Ambiont) «Pagan & Urban».
Апошнім часам Павел больш увагі надаваў тэхна і свайму лэйблу Force Carriers, але на гэтым рэлізе тэхна няма: ёсць ламаныя рытмы, шмат рэха, флейта, варган і трохі беларускага фолку.
Па словах Паўла, такія трэкі часам здараюцца, калі хочаш зрабіць тэхна, але гукі раптам яднаюцца ў нешта суцэльна іншае. У новым рэлізе аўтар прапануе не толькі паслухаць музыку і патанчыць, але і падумаць пра суадносіны прыроды і культуры, аб супярэчнасцях паміж цыклічным і лінейным часам, паэтычным ды прагматычным, вясковым ды гарадскім.
— Прыметнік «Pagan» тут выкарыстаны ў сваім першасным значэнні, — кажа Павел Няхаеў. — Калісьці лацінскае «paganus» азначала «вясковы, верны састарэлым традыцыям» (як супрацьлегласць гарадскому, цывілізаванаму ды ваяўнічаму «urbanus») і толькі потым набыла вузкарэлігійны сэнс. Але альбом не пра спрэчкі язычніцтва з хрысціянствам, а пра супярэчнасці паміж традыцыйным міфалагічным ладам і механістычнай адчужанасцю горада. Гэта музыка гараджаніна, чыя душа знітаваная з роднай вёскай.
У рэліз увайшлі сем трэкаў. Цэнтрам усяго рэлізу з’яўляецца кампазіцыя «Siera Ziaziula» — старажытная беларуская балада пра дзяўчыну, што стала шэрай зязюляй, каб таемна наведаць родную хату. У гэтым трэку гучыць голас Марыі Нябеснай, бабулі Паўла, якая жыве ў вёсцы Добрая Горацкага раёну.
Праз некалькі тыдняў выйдзе EP з рэміксамі на ‘Pagan & Urban’ ад беларускіх музыкаў і не толькі. 28 чэрвеня Паўла Няхаева можна паслухаць на вечарыне ў бары Shelter, дзе ён прадставіць 2 тэхнасэты абодвух сваіх праектаў (Pavel Ambiont і Nieviadomy Artyst).
по больше бы нам таких релизов! …господа эксперименты, эксперименты, эксперименты, а не дж дж дж)