Вялікі фолк-канцэрт «Дзень культуры народаў ВКЛ» адбудзецца 24 ліпеня ў рамках выставы «Партрэты ўладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага» ва ўнутраным дворыку Нацыянальнага мастацкага музея. У пяцігадзінным канцэрце возьмуць удзел гурты з чатырох краін: беларускі «Палац», украінскі «Гич оркестр», польскі Vołosi і літоўскі Aistė Smilgevičiūtė ir Skylė.
— Народы Беларусі, Украіны, Польшчы і Літвы звязвае агульная гісторыя — гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, — адзначаюць арганізатары канцэрта. — У сучасным свеце важна захоўваць агульныя культурныя традыцыі і сувязі гэтых краін. На мерапрыемстве мы паспрабуем перадаць атмасферу той эпохі і пазнаёмімся з сучаснай музычнай культурай краін Беларусі, Украіны, Польшчы і Літвы.
Таксама на пляцоўцы размесцяцца традыцыйныя рамесныя майстэрні ад Цэнтра народных рамёстваў «Скарбніца», выстава касцюма, даспехаў і зброі (XIII–XVI стст., рэканструкцыя) ад Маладзёжнага грамадскага аб’яднання «Жывая гісторыя», вясёлыя танцы, віктарыны, прызы і спецыяльнае меню ад Арт-кафэ.
Гурт «Палац» — адна з самых папулярных і запатрабаваных груп у Беларусі. Група з’яўляецца родапачынальніцай стылю фолк-мадэрн. У аранжыроўках яны выкарыстоўваюць традыцыйныя аўтэнтычныя беларускія інструменты. Гурт выступіць пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
«Гич оркестр» на дадзены момант з’яўляецца адным з самых запатрабаваных фестывальных калектываў. У сваёй музыцы яны спалучаюць этнічныя мелодыі Заходняй Украіны з элементамі мадэрну і джаза.
Струнны квінтэт Vołosi за два гады паспеў заваяваць Германію, Грузію, адзначыцца на самых маштабных пляцоўках Польшчы. Гурт выступіць пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.
У творчым багажы Aistė Smilgevičiūtė ir Skylė ўжо больш за дваццаць альбомаў, сярод якіх і музыка для спектакляў. У гэтым годзе калектыў атрымаў прэмію Прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі за ўклад у культуру. У сваёй музыцы злучаюць розныя стылі ад фолка да арт-рока і выкарыстоўваюць як класічныя інструменты (віяланчэль, скрыпка, акардэон), так і старажытны літоўскі інструмент канклес (kanklės). Гурт выступіць пры падтрымцы Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.
Білеты на канцэрт каштуюць ад 85 да 100 тысяч рублеў. Набыць іх можна у касе музея.
Молатцы! Вось толькі «Молат» нідзе ня выступіць, бо такая дземакрація: іскузтво далжно быць нямым і глухім, і фальклору пабольшэ мёртвым.