Сяргей Балахонаў запісаў з’едлівы альбом

Гомельскі музыка і пісьменнік Сяргей Балахонаў прэзентаваў новы альбом «Спірт і жоўць распятага Тэзэя» — чарговы плён музычных эксперыментаў у стылі ambient і neofolk.

У альбоме таксама можна сустрэчць элементы witch house, apocalyptic folk і dark cabaret. Сам аўтар жартам прапануе называць рэчышча, у якім ён працуе, dark neoskomorokh folk.

— Калі руйнуецца каханне, а вастрыня болю і тугі спакваля, але не дарэшты, згасае, паўстае п’янкая знішчальная з’едлівасць, — адзначае Сяргей Балахонаў. — Менавіта такой з’едлівасцю напоўнены гэты альбом. У розных трэках яна набывае розныя абліччы. Гэта і барочная бравурнасць («На Марсе няма жыцця»), і пакепліванне з рамантызацыі зомбі-апакаліпсісу («Цяпло вашых целаў»), і дасціпная правакацыя пра бамбёжку Чарнаморскага ўзбярэжжа кіндар-сюрпрызамі («Я разбамбіў Адэсу»).

Усяго ў альбом увайшло 14 трэкаў, уключна з двума бонусамі. Альбом утрымлівае мноства галасоў і гукаў. Апрача аўтарскага голасу, ў трэках можна пачуць галасы валанцёраў, які пажадалі застацца невядомымі, галасы з архіўных запісаў і спрадукаваныя маўленчымі сінтэзатарамі.

— Што да гукаў, то ў альбоме іх цэлая куламеса: ад рэвальверных стрэлаў і рову бензапілаў да плёскату спірту і шчаўчкоў сігналу аб прыходзе паведамлення з сацыяльнае сеткі «УКантакце». Я спадзяюся, што чаго-чаго, а атмасфернасці ў альбоме дастаткова, — дадае Сяргей Балахонаў.

У моўным плане альбом пераважна беларускамоўны, але таксама выкарыстоўваюцца элементы рускай, англійскай, нямецкай, украінскай моваў і нават іўрыту.


Спампаваць Сяргей Балахонаў «Спірт і жоўць распятага Тэзэя»

Автор: / Ultra-Music

Группы:

Комментарии: 1