ili-ili: «Калі першы наш альбом — гэта эльф з лукам і стрэламі, то новы — баец»

Напярэдадні інтэрнэт-прэзентацыі новага альбому ili-ili «list» карэспандэнт Ultra-Music сустрэўся з удзельнікамі гурта і амаль усімі, хто прычыніўся да яго запісу. У грымёрцы Купалаўскага тэатра мы разам слухаем канчатковы варыянт запісаў, размаўляем пра гісторыю стварэння дыска і перспектывы поспеху рэлізу ў Беларусі і за яе межамі.

ili-ili

— Гэта першы ваш цалкам беларускамоўны альбом.

Міша Зуй: Падчас гастроляў з тэатрам у Францыі мы зразумелі, што за мяжой мацней адчуваеш сувязь з радзімай. З гэтага адчування нарадзіўся альбом, які быццам ліст блізкім і самому сабе з-за мяжы. І ён мусіць быць на роднай мове.

Зміцер Есяневіч: У нас не было адразу такой канцэптуальнай ідэі зрабіць менавіта ліст дадому. Калі мы ўпершыню гралі гэтыя песні падчас канцэрту «Жывы Тузін», Сяргей Будкін спытаў, як называецца нашая праграма. На той момант мы нават не думалі пра гэта, але літаральна за пяць хвілін вырашылі назваць праграму «list». Усё склалася само па сабе.

Міша Зуй: Адной з ідэй альбома было тое, каб беларускую музыку пачулі людзі, якія ў прынцыпе не слухаюць сваю музыку. Зараз нашыя песні «Tančyć» і «Sercy» гучаць на радыёстанцыях, на якіх звычайна не ставяць беларускамоўную музыку.

— Як доўга вы працавалі над гэтай праграмай?

Павел Яскевіч: Прыехалі хлопцы з матэрыялам роўна год таму. Спачатку запісалі «Tančyć» і «Sercy», потым доўга працавалі над астатнімі песнямі. Шмат што нараджалася непасрэдна на студыі. Прыязджаеш ужо падрыхтаваны, а калі пачынаеш запісвацца, раптам з’яўляюцца ідэі, як зрабіць інакш.

Міша Зуй: Напрыклад, партыя акустычнай гітары ў песні «Tak daloka» з’явілася літаральна два дні таму, калі мы ўжо ўсё трэкі павінны былі скончыць. Ці, напрыклад, колькі было варыянтаў прыпеваў песні «Šlach»! Але толькі на студыі мы надалі песні канчатковы выгляд. У нас наогул да яе было перадузятае стаўленне: яна вельмі складаная, змрочная: «Давайце лепш не будзем яе граць». А ў выніку яна выйшла вельмі пазітыўнай.

— Некаторыя песні ўжо даўно вамі выконваліся, але запісалі вы іх толькі цяпер.

Міша Зуй: Так, напрыклад, легендарная наша песня «Miadźviedzica». Паша яе напісаў вельмі даўно.

Павел Яскевіч: Ёй гадоў 13 ужо. Гэта была мая казырная песня ў інтэрнаце. «Дзяўчынкі, дайце мне гітару!» Дрынь-дрынь!

Міша Зуй: І ўсё дзяўчынкі: «Які ты, Паша! Якая ў цябе ранімая душа!» :)

Павел Яскевіч: Мы перакладалі песню, калі рабілі яе для аднаго спектакля, але тады яна не трапіла ў яго. Потым яе перакладаў Андрусь Такінданг. Але канчатковы варыянт перакладу наш.

Міша Зуй: А вось песню «Heta była» яшчэ даўно напісаў Віталь Лебецкі, які быў удзельнікам ili-ili у самым пачатку.

Павел Яскевіч: Ён рыхтаваў гэтую песню для спектакля ў Купалаўскім тэатры. Яна нам заўсёды падабалася, і цяпер мы яе вырашылі запісаць. Віталік быў не супраць, і, мне здаецца, ён будзе задаволены вынікам!

— Ці раўняліся вы на каго-небудзь?

Віталь Кулеўскі (гукарэжысёр і саўнд-прадусар): Што хацелі, тое і рабілі :) Ёсць гурты, якія падабаюцца нам усім, але ў кожнага свае густы. Але атрыманы прадукт — гэта вынік нашага досведу.

— Увогуле, не скажаш, што вашая музыка на нешта падобная…

Віталь Кулеўскі: Менавіта так. Але часам кажуць: «О, тут сінтэзатар як у Arcade Fire» або «Тут падобна на Depeche Mode», хоць наогул не зразумела, адкуль такое параўнанне :) Але альбом не падобны на тое, што мы слухаем.

Павел Яскевіч: У нас вельмі разнастайная музыка, мы нелінейныя. RPG-гурт, я б сказаў.

Міша Зуй: Калі першы наш альбом — гэта эльф з лукам і стрэламі. То новы альбом — баец. Ён пасядзеў-пажурыўся, а потым пайшоў ваяваць :)

— Падаецца, што на новым альбоме вы і гучаць сталі больш жорстка?

Зміцер Есяневіч: У нас з’явілася жывая рытм-секцыя. Гэта бас-гітарыст Аляксандр Сіманаў, які таксама грае ў гурце Artefact, і бубнач Зміцер Харытановіч, вядомы па шматлікіх беларускіх гуртах. Іх з’яўленне, канечне, адбілася на гучанні.

Павел Яскевіч: Мы нават збіраліся запісаць цалкам гітарны альбом. Але ўсё-такі вырашылі, што гэта будзе занадта рэзкі пераход пасля «Past Perfect» .

Міша Зуй: У запісе альбома прымалі ўдзел і іншыя музыкі: Ганна Міркас (скрыпка) і Кацярына Клімовіч (альт), кантрабасіст Уладзімір Кудраўцаў. А ў песні «Miadźviedzica» разам з намі праспявала Анастасія Шпакоўская.

ili-ili

— І на якія песні вы ў першую чаргу робіце стаўку зараз?

Міша Зуй: Наогул нам не зразумела, якая песня з альбома «стрэліць».

Вячаслаў Ткачоў (мэнэджэр): Калі мы запісвалі «Sercy» і «Tančyć», я думаў, што «Sercy» будзе больш прабіўная. А выйшла, што «Tančyć» стала народнай.

Міша Зуй: У нас ёсць адчуванне, што любая песня з альбома магла б стаць сінглам.

— Вы працягнеце прабіваць мур беларускіх радыёэфіраў сваімі песнямі?

Вячаслаў Ткачоў: Так, вядома. Нашы песні ўжо на многіх станцыях круцяцца не толькі ў Мінску: «Еўропа+ Полацк», з «Радыё Віцебск» мы вельмі пасябравалі. Цяпер нават у эфіры на «Рускім радыё» можна пачуць ili-ili. Ва Украіне дзве радыёстанцыі ўзялі нашы песні і зрабілі інтэрвію.

— Да прэзентацыі альбома вы прымеркавалі даволі вялікі канцэртны тур.

Міша Зуй: Раней мы жылі ад канцэрта да канцэрта з паўзамі ў некалькі месяцаў. Цяпер усё закруцілася. Мы ўжо выступілі ў Віцебску і Бабруйску, хутка два канцэрты ў Мінску, потым Магілёў. У нас з’явілася цэласная праграма, мы сталі больш упэўнена ў сабе.

— А якія людзі ходзяць на вашы канцэрты?

Міша Зуй: На канцэртах шмат маладых людзей ад 16 і старэй. Але пасля Бабруйску мы наогул не разумеем, хто наш слухач. Да нас прыйшоў мужычок гадоў 55 невысокага росту. Паглядзеўшы на яго, я б падумаў, што ён недзе ціхусенька піша сабе вершы. А ён прыйшоў на канцэрт, набыў у нас чатыры дыскі: яму цікава было нас паслухаць. Але гэта не ў першы раз. У нас даволі шмат дарослых слухачоў.

Кацярына Шараг (event-мэнэджэр): Мае бацькі вельмі любяць ili-ili. Маці, якая працуе ў судзе, дае ўсім слухаць.

Вячаслаў Ткачоў: Уяўляю: «Хочаш на паўгады турмы менш атрымаць або меншы штраф — слухай ili-ili» :)

Віталь Кулеўскі: А «Miežy» — песня для жанчын бальзакаўскага ўзросту, якія ўспамінаюць за куфлем віна сваё першае каханне…

ili-ili

— Хутка будзе ваш сольны канцэрт ў Re:Public. Не баіцеся?

Павел Яскевіч: Я пачаў ставіцца да гэтага проста: у нас будзе свята ў вялікім памяшканні :) Але, вядома ж, нам будзе прыемна, калі прыйдзе шмат людзей.

Вячаслаў Ткачоў: Мы да гэтага падышлі дастаткова скрупулёзна. Шмат афішаў па Мінску: на тумбах, у метро, ва ўсіх універсітэтах, інтэрнатах.

— Акрамя інтэрнэт-прэзентацыі альбома, вы збіраецеся яго выпусціць на кампакт-дысках.

Міша Зуй: У нас будзе прыгожы дыск. Гэта не проста дігіпак. У альбоме будзе песеннік з акордамі. Дзіма тыдзень падбіраў ўсё.

Зміцер Есяневіч: Гэта быў, насамрэч, велізарны кавалак працы. Акорды, як высветлілася, часам не вельмі простыя — падвойныя, са слэшамі…

Кацярына Шараг: У кампаніі «Вігма» калі ўбачылі макет дыска, сказалі, што такога афармлення яны яшчэ ні разу не рабілі. Але яны пагадзіліся ўзяцца за гэтую працу. І наогул, мне вельмі спадабалася з імі працаваць: там усе людзі добра ўспрымаюць беларускую мову, музыку.

Вячаслаў Ткачоў: Першыя 120 дыскаў будуць адсылацца толькі поштай. Яшчэ 30 дыскаў былі прададзеныя загадзя. Кожны жадаючы мог набыць сабе дыск, і мы гэтыя асобнікі прывязем асабіста.

Міша Зуй: Толькі адна ўмова: каб атрымаць ліст, трэба танчыць :)

Автор: / Ultra-Music

Фото: Максим Скопа, Валентин Хасеневич

Группы:

ili-ili «list»

ili-ili «list»

Скачать альбом

Комментарии: 13