Гурт Amaroka зняў навагодні кліп

Мінскі панк-рок гурт Amaroka прэзентаваў кліп на песню «Razryvaješ» з апошняга альбома «Pastka». У галоўнай ролі знялася вядомая беларуская спартоўка Аліна Талай.

«Razryvaješ» — пяты афіцыйны кліп Amaroka, які пры падтрымцы «Арт Сядзібы» зняў кліпмэйкер Аляксандр Крупіна, стваральнік студыі «КапканFilm». Гэта ўжо другі кліп зняты на песню з апошняга альбома «Pastka». У кастрычніку гурт прэзентаваў відэапрацу на песню «Hubliaju kachańnie».

У кліпе зняліся вядомая беларуская спартоўка, прызёр Чэмпіянатаў свету і Еўропы па лёгкай атлетыцы Аліна Талай, а таксама сабачка Моніка, навагоднія жаданні якіх і выконваюць у кліпе ўдзельнікі гурта Amaroka.

— Мне было вельмі цікава паспрабаваць сябе ў новай ролі ды проста атрымаць асалоду ад працэсу, — распавядае пра свае ўражанні ад удзелу ў здымках Аліна Талай. — Дзякуй хлопцам за прапанову! Здымалі ўсё на адным дыханні, таму і кліп атрымаўся вясёлым і пазітыўным, абсалютна з навагоднім настроем.

Ідэя зняць вясёлы і камічны кліп з’явілася некалькі тыдняў назад у саліста гурта Змітра Афанасенкі і басіста Міхаіла Шэстака.

— Падумалі, што новы кліп будзе добрым падарункам нашым слухачам на навагоднія святы, — кажа Зміцер Афанасенка. — Я сабраў ідэі і абагульніў іх у сцэнар. Паказаў нашаму кліпмейкеру і хлопцам з гурта. Усім спадабалася, таму вырашылі тэрмінова распачынаць працу. Працавалі па-спартанску, знялі за дзень і за тыдзень зрабілі мантаж. Вось і атрымаўся навагодні падарунак.

Источник: Арт Сядзіба

Группы:

Комментарии: 2