«Крама» рыхтуе новы альбом

Гурт «Крама» рыхтуе да выданьня свой восьмы нумарны альбом. Працу плянуецца скончыць вясной, паведамляе Tuzin.fm. У пакуль безназоўны дыск каманды ўвойдуць песьні, ужо вядомыя з канцэртнага выкананьня: «Дзякуй Богу, мы ідзем дамоў», «З Новым годам», «Дзяўчынка», а таксама зусім новыя рэчы.

— На альбоме будзе ня больш за 10 песень, ужо запісаныя рэчы зараз перазводзіць гукаапэратар Аляксандар Папроцкі, зь якім мы пісалі нашы самыя першыя рэчы больш за 20 год. А над новымі творамі мы якраз зараз працуем, думаю што да вясны пасьпеем, — кажа лідэр каманды Ігар Варашкевіч. Зараз у працы песьні пад працоўнымі назвамі «Вышэй за дахі» і «Рок-н-рол».

Новы альбом «Крамы» выйдзе праз шэсьць год пасьля папярэдняга дыску «Усё жыцьцё — дзіўны сон». Са слоў гітарыста гурта Сяргея Трухановіча, яго гучаньне будзе больш драйвовым і энергічным за ўсе папярэднія працы: «Дзіўна было б чакаць ад нас рэзкіх зьменаў, элементаў гіп-гопу, гранжу ці нечага яшчэ. Але скажу дакладна, што наш альбом будзе больш рок-н-рольным».

Шэраг песень з новага альбому «Крамы» прагучыць на іх бліжэйшым канцэрце 15 студзеня ў менскім клюбе «Графіці». Менавіта на гэтым выступе музыкі зьбіраюцца сыграць упершыню зусім новы трэк — «Вышэй за дахі».

Источник: Tuzin.fm

Фото: Кацярына Лісіца

Группы:

Комментарии: 1