Беларускі музыка Лявон Вольскі сумесна з фармацыяй Cinema Pride і парталам TUT.BY зняў кліп на песню «Шэрая кроў» з альбома «Грамадазнаўства», які выйшаў 25 сакавіка.
— На вялікі жаль, нам з вамі давялося жыць у эпоху вечнай вайны. Яна нас падпільноўвае паўсюль — з экрана тэлевізара, на бясконцых прасторах інтэрнэту, з размоваў на вуліцах, у крамах і ў транспарце. Гэтая вайна на хвілю суцішваецца, а потым зноўку пачынае грукатаць з новай сілай і магутнасцю. Гэтая вайна запаліцца ў чарговых камэнтарах пад гэтым матар’ялам і будзе такой, як усе войны — бязлітаснай і бессэнсоўнай, — сказаў Лявон Вольскі ў каментары TUT.BY з нагоды прэм’еры. — Дзіўна тое, што мы прызвычаіліся да гэтага вечнага ваеннага фону. Чаму нас любая спрэчная сітуацыя дзеліць на нейкія лагеры, якія абсалютна не прыймаюць меркаванне апанента? Чаму мы гатовыя без дайпрычыны хапацца за кактэйль Молатава, каб знішчыць уяўнага ворага?
Кліп — эксперыментальная праца маладога рэжысёра Сяргея Аўсяніка і фармацыі Cinema Pride. У працы з акторамі ім дапамагла Ганна Хітрык.