Гомельскі гурт Tartavara выпусціў трэці рэліз за паўгады. Чарговы міні-альбом музыкі запісалі ў стылі данжэн-сінт — адной з разнастайнасцяў дарк-эмбіенту.
Альбом «Голас крыві» ўяўляе сабой пяць кампазіцый у стылі данжэн-сінт, якія апавядаюць пра бітву за адраджэнне паганства.
— Альбом вытрыманы ў рамках старой школы падземнай і ваяўнічай музыкі, вельмі мінімалістычны, месцамі просты, але цалкам адлюстроўвае ваяўнічы і эпічны настрой карціны, — адзначаюць музыкі. — «Голас крыві» не прэтэндуе на наватарства ў жанры ці на адкрыццё новых граняў музыкі. Але ён цалкам адлюстроўвае наша бачанне свету.
Праца над альбомам ішла каля трох месяцаў, трэкі запісваліся і зводзіліся на студыі лэйбла MDC Prods., на якім альбом будзе выдадзены на фізычных носбітах.
У хуткім часе праект Tartavara выпусціць першы металічны альбом, які ўжо запісаны і чакае свайго часу. Пасля гэтага музыкі плануюць распачаць канцэртную дзейнасць.
Понравилось.Интересное звучание и главное -Наши!