Гурт «Мутнаевока» прэзентуе на Ultra-Music свой другі альбом «Дзень Незалежнасьці». Напярэдадні рэлізу карэспандэнт парталу пагутарыў з музыкамі гурта пра шчырасць, патрыятычнасць, рэлігію і ўнутраных бесаў.
«Шчырым быць проста, але так складана»
— Запіс другога альбому даўся лягчэй, чым дэбютнага?
Яўген: На першым альбоме музыкі яшчэ не ведаюць, чаго яны чакаюць ад саміх сябе. А вось на другім… На наш апошні альбом было адведзена шмат эксперыментаў, як у жыцці, так і ў музыцы. Можа, ён выйдзе не такім, як было заплянавана, але варта імкнуцца да гэтага.
— Імкнуцца да чаго?
Яўген: Каб гучала смачна, незвычайна, нязвыкла для айчыннага слухача. І не згубіць сваю фішку. Галоўнае — выпусціць сваіх унутраных бесаў наружу. Свае запаветныя мроі.
— У якіх умовах ствараюцца песні?
Яўген: Радкі прыходзяць знянацку. Нельга проста так сесці і напісаць тэкст. Канешне, часам прыходзілася пісаць праз нежаданне, але, як паказвае практыка, лепш выходзіць тады, калі робіш нейкія запісы ў нататнічку, а потым складаеш з іх словы. Яны кладуцца на музыку, аранжыроўкі хлопцаў, граюцца тыдзень-два — і потым можна пачуць, што ў песні непатрэбнае і што трэба адкінуць. Галоўнае — заставацца шчырым. Шчырым быць проста, але так складана. Асабліва складана тым, каму плацяць грошы і кажуць: «Зрабі прыгожа, і каб усім падабалася». А калі ты нікому нічога не абавязаны, акрамя сваіх хлопцаў, сваёй сям’і, ты вольны.
— Здаецца, песня «Восьмая восень» захавала вашу лірычнасць?
Яўген: Яна вельмі лірычная. Нават падобная на расейскі рок (напявае матыў).
Аляксандр: Прыгранжованы «Океан Ельзи», як сказаў адзін мой сябар.
«Не мае сэнсу, у ва што ты верыш — у Езуса ці Будду»
— Дзе пісалі сваю другую працу?
Яўген: Часткова ў Мінску, часткова ў прыгарадзе. Звядзенне — тут, а мастэрынг і іншыя штукі — у Маскве.
Аляксандр: На розных студыях. Рытм-секцыю пісалі ў Трасцянцы, барабаны і бас — на нейкай незнаёмай студыі, а ўсё астатняе — на Караля.
Яўген: Справа набліжаецца да заканчэння. Зараз ідзе «афарбоўка» альбома, каб ён быў смачным, дынамічным, каб яго хацелася праслухоўваць не адзін і не два разы. І каб ён быў цікавым рознай моладзі.
Аляксандр: А мне ўсё падабаецца, я ўжо гатовы выкідваць альбом у інтэрнэт.
— Значыць, не будзеце выдаваць на фізічным носьбіце?
Яўген: Будзем. Спадзяемся на digipack.
Аляксандр: Я вініл Яўгену на Дзень народзінаў прэзентую.
Яўген: На сцяну яго павешу.
— Якім па настрою атрымаўся альбом?
Яўген: Рознаплынным, цікавым. Спачатку хлопцы баяліся, што ён занадта дэпрэсіўны, але потым гукарэжысёр сказаў: «Чаму дэпрэсіўны? Песня „Малінавы настрой“ увогуле вясёлая, пад яе танчыць можна». Матэрыял атрымаўся жорстка канцэптуальны.
Аляксандр: Матэрыял збіраўся не месяц і не два. Пакрыху нешта адстасоўвалася ў сінглы, якія, дарэчы, не войдуць у дыск.
Яўген: Ён павінен гучаць, як маленкая рок-опера. Яго кавалкі шчыльна звязаныя паміж сабой, пераходзяць адзін з аднаго, пераліваюцца. Песня павінна ліцца, вы ж ведаеце.
— Ці ёсць у дыска агульная ідэя?
Яўген: Канешне, бо ідэя нарадзілася перш, чым сам альбом. Яна, як і матывацыя дыску, палягае ў тым, каб вывесці ўсіх прыгнечаных — падлеткаў, дарослых, людзей сярэдняга ўзросту, летуценнікаў, авантурыстаў, усіх тых, хто жыве кожнае імгненне і дыхае поўнай груддзю, — да прасвятлення, даць больш сілы і прасторы і дапамагчы раскрыць уласны патэнцыял. Песні пра любоў, песні пра бога, песні пра разбітыя мроі і надзеі, ну, і пра тое, што нас усіх аб’ядноўвае.
— А хто ты сам па канфесіі?
Яўген: Я хрысціянін. Усе мы хрысціяне — і каталікі, і праваслаўныя. Ды і з большага не мае сэнсу, у ва што ты верыш — у Езуса ці Будду, галоўнае — сама вера. Мэта адна, што ў Каране, што ў Бібліі. Гэтыя творы гавораць пра светлае і цёмнае.
— Можа, ў вашай маленькай рок-оперы ёсць сюжэт?
Яўген: Канешне. Ёсць завязка, развіццё, кульмінацыя і канец, які пакідае пасля сябе шматкроп’е. Вялікі націск быў зроблены на лірыку і канцэпцыю, а не на майстэрства ігры на гітары ці валоданне вакалам. Каб можна было ўзяць гэтую пласцінку, уставіць яе ў прайгравальнік праз гадоў 10–15 і сказаць: «А гэта ж і зараз актуальна!» Мы не граем памяркоўны рок ці спланаваны кабацкі рэпертуар, альбо пахісную папсу. Наша музыка — культурная рок-зброя. Галоўнае — падцэліць. Няхай нязграбна і няўмела, але смела. Няхай мы потым трапім пад плынь разнастайнай крыткі — гэта нястрашна. Хай гавораць.
— Назва альбома — «Дзень Незалежнасьці» — гэта правакацыя?
Яўген: Зусім не. Чаму ў вас адразу такія асацыяцыі? Дзень Незалежнасці ёсць у кожнай краіны, не толькі ў нас.
Аляксандр: Тут няма палітычнага падтэксту, у нас свая трактоўка.
Яўген: У нас няма ні слова пра палітыку. Мы заўседы былі ад гэтага далёкія і адносіліся да спробаў справакаваць нас на выказванні пра ўладу неяк здзекліва. Дзень Незалежнасці — гэта свята: тваё, маё, яго. Магчыма, гэта дзень, да якога апантаны чалавек ідзе ўсё сваё жыццё і нават можа не заўважыць, што ўжо дасягнуў яго. Тут можна сказаць усё, што заўгодна, залежна ад ступені выхаванасці.
Аляксандр: Адкуль такі стэрыятып?
Яўген: «Дзень Незалежнасьці» — гэта так неадназначна і да болю знаёма кожнаму нашаму суайчынніку. А можа, назва нагадае каму-небудзь пра старыя добрыя часы, калі рок-музыка была на такой хвалі? Калі вас так усхвалявала назва альбому, то што тады казаць пра назву гурта «Мутнаевока»?
Digipack было б строма! Калекцыянэры гэта любяць. Дый кліпы можна было б на кружэлку кінуць для поўнага кайфу. Але чакаем як ёсць.