Выйшла ў свет фінальная версія праекта «Апошні золак», у межах якога з песнямі супраць смяротнага пакарання аб’ядналіся вядомыя беларускія музыкі — Лявон Вольскі, Ганна Хітрык, Зміцер Вайцюшкевіч, Наста Шпакоўская, Віктар Рудэнка, Алесь Дзянісаў і Аляксандр Памідораў.
«Апошні золак» працягвае традыцыі супольных праектаў «Народны альбом» і «Я нарадзіўся тут». Пры гэтым ён унікальны тым, што быў створаны не ў студыі, а ў рэжыме рэальнага часу, падчас анлайн-канцэрта, які адбыўся ў кастрычніку 2013.
Першапачаткова планавалася гэтым і абмежавацца, але на хвалі поспеху было вырашана зрабіць яшчэ адмысловую фінальную версію праекта для выдання. Яе прэм’ера адбылася сёння на беларускім партале TUT.BY і сайце Tuzin.fm. Акрамя таго праект выдадзены ў выглядзе эксклюзіўнага CD+DVD, які будзе распаўсюджвацца праз адмысловыя імпрэзы.
— Відэа перамантавалі, а мастачка Наста Шастак адмыслова для выдання па-новай зрабіла пясочныя кліпы. Па выніку атрымаўся першы ў Беларусі мультыракурсны DVD, гэтая тэхналогія дазваляе падчас прагляду выбіраць крыніцу відэасігналу — альбо пясочнае шоў, альбо канцэрт, — тлумачыць каардынатар «Апошняга золку», кіраўнік парталу Tuzin.fm Сяргей Будкін. — Таксама быў дапрацаваны і перазведзены аўдыёматэрыял, некаторыя моманты перапісаныя, так што маем яшчэ і якасны аўдыёварыянт канцэрта.
У межах праекта вядомыя музыкі заспявалі пра асноўныя спосабы смяротнага пакарання — адна цалкам новая і адна вядомая кампазіцыя ў новай аранжыроўцы ад кожнага з іх. За візуальную частку праекта адказваў рэжысёр-пастаноўшчык Павел Бандзіч.
Беларусь з’яўляецца апошняй краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе захавалася смяротнае пакаранне. За апошнія 17 год было здзейснена каля 400 расстрэлаў і быў толькі адзін выпадак, калі смяротны прысуд быў заменены на турэмнае зняволенне.
Дым в классике это огонь!!