Гурт BosaeSonca прэзентаваў на сайце Tuzin.fm відэа на песьню «У маёй галаве». Яно было зьнята ў выніку пэрформансу, які музыкі зладзілі ля менскай Ратушы.
Музыкі вырашылі пайсьці на творчы экспэрымэнт, каб зьняць новае відэа. Разам з ансамблем сацыяльных танцаў «Арэлі» яны зладзілі пэрформанс. Прафэсійныя танцоры вучылі ўсіх ахвочых танчыць у стылі ліндзі, музыкі ў гэты час гралі ўжывую, а рэжысэр Сяргей Дрэваль усю гэтую дзею фіксаваў на відэа. Пэрформанс адбыўся на плошчы Свабоды, ля Ратушы.
— Здымкі былі заплянаваныя спантанна. Таму і працэс, і вынік атрымаліся таксама доcыць спантаннымі. Але ад гэтага ня менш настраёвымі і атмасфэрнымі, — распавядае лідэр гурта BosaeSonca Алесь Кот-Зайцаў.
Ролік паказалі публіцы ўжо праз тры дні пасьля здымак — на канцэрце ў «Графіці». Гэтая прэзэнтацыя выклікала ў Алеся яшчэ больш станоўчых эмоцыяў, чым уласна здымкі.
— Гэта быў хіба што найлепшы канцэрт BosaeSonca за ўсе часы. Такой еднасьці з публікай і энэргетычнай моцы сустрэнеш ня часта. Спадзяюся далей будзе болей! Яшчэ раз хачу падзякаваць нашым прыхільнікам за такую моцную падтрымку і любоў, а таксама ўсім тым, хто спрычыніўся да нашага відэапэрформансу — рэжысэру і апэратару Сяргею Дрэвалю, танцорам з школы «Арэлі» і, канечне ж, усім слухачам BS, якія ўзялі ўдзел у здымках! — дадае Алесь.