Гурт «Раса мечтателей» запісаў альбом-вандроўку свядомасці

Гарадзенскі імправізацыйны гурт «Раса мечтателей» выпусціў міні-альбом «Сны контрабасистов». Ён быў падрыхтаваны адмыслова да фестывалю нямога кіно «Кінемо», які ўпершыню ладзіўся ў Гародні ў гэтым годзе.

У альбом ўвайшлі пяць калектыўных спантаных імправізацый, запісаных ўжывую у хатняй студыі гурта. Гэта нарэзка трэкаў з рэпетыцый у перыяд з красавіка па чэрвень бягучага году.

— Асноўная канцэпцыя альбома — бясконцая вандроўка свядомасці па зрэзах шматмернасці нашага ўнутранага космасу, — кажа завадатар праекту Дар’я Багаслова. — Лепш за ўсё гэта атрымліваецца ў стане сну, калі магчымыя неверагодныя сюжэтныя скокі: ад узвышанага да паўсядзённа-сатырычнага. Галоўнай цэнтральнай фігурай у дадзенам выпадку становіцца кантрабасіст, чалавек-медыум з інструментам, гук якога здольны пранікнуць у глыбокія пласты рэальнасці.

Гурт «Раса мечтателей» існуе ўжо не першы год. Спачатку музыкі працавалі ў Мінску, але пазней пераехалі ў Гародню, дзе знайшлі аднадумцаў. Назва праекту пайшла ад аднайменнай карціны заснавальніцы калектыва Дар’і Багасловай «Раса мечтателей».

— Склад у нас вар’іруецца ў залежнасці ад фармата мерапрыемства: ад дуэтнага да рокавага. Сярод нашых музыкаў ёсць вядомыя ў гарадзенскіх колах людзі, напрыклад, Настасся Цыбізава, скрыпачка, якая прымае ўдзел у праекце Алеся Дзянісава «Людзі на балоце», а таксама Дзмітрый Брытанаў, удзельнік вядомага у сярэдзіне 90-х гадоў гарадзенскага гурта Green Dance, — распавядае Дар’я.

Асноўны вектар дзейнасці «Расы мечтателей» не абмяжоўваецца спантанымі імправізацыямі. Як адзначаюць музыкі, гэта музычная размінка перад больш значнымі справамі.

— Паколькі імправізацыйны талент дадзены далёка не ўсім, мы любім песціць сваіх прыхільнікаў свежымі музычнымі дэлікатэсамі.І калі да нашага слухача «даходзіць», што ўсё адбываецца тут і цяпер і ніколі не паўторыцца ў ранейшым выглядзе, ён пачынае рэагаваць нестандартна, у яго знікае абумоўленасць ўспрымання. Такім чынам ён пачынае успрымаць свет як некалі забытую цудоўную казку. Вось так з дапамогай «музычнай акрабатыкі» мы адкрываем парталы у нязведаны ўнутраны космас чалавека і кажам яму: «Ты значна больш, чым хадзячы кавалак мяса сярод варожых дэкарацый сусвету», — дадае Дар’я.

Бліжэйшы час музыкі «Расы мечтателей» прысвецяць студыйнай працы, але і ад канцэртаў адмаўляцца не збіраюцца.

Автор: / Ultra-Music

Группы:

Комментарии: 1
  • Віктар Сямашка:

    Шчасьлівы, што дажыў да таго моманту, калі зьяўляюцца такія рэлізы!