Dzieciuki зьнялі кліп на песьню «Сумнае рэгі»

Гурт Dzieciuki прадставіў на Tuzin.fm новы кліп на песьню «Сумнае рэгі», які зьняла творчая суполка «Тры макі».

«Сумнае рэгі» — трэці кліп гурта Dzieciuki за апошнія некалькі месяцаў. Аўтар песьні Дзяніс Жыгавец кажа, што напісаў яе, каб нагадаць пра страшныя сымбалі ХХ стагодзьдзя ў Беларусі і паказаць роўнасьць паміж крывавымі таталітарнымі рэжымамі, якія спустошвалі краіну, забіраючы жыцця ў найлепшых яе прадстаўнікоў.

— У песьні згадваецца Хатынь, як сымбаль усіх спаленых вёсак Беларусі падчас другой сусьветнай вайны. Гэтае месца стала культавым дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. У адрозьненьні ад Курапатаў — месца, якое стала сімвалам сталінскіх рэпрэсій ў Беларусі, памяць пра якое дзяржаўныя структуры намагаюцца больш схаваць, чым падтрымаць. Гэтай песьняй мы ўшаноўваем памяць усіх бязвінна загінуўшых ад фашыстоўскага і бальшавіцкага рэжымаў, — дадае Дзяніс Жыгавец.

Кліп здымалі ў два дні зь перапынакам. Першы дзень прысьвяцілі Курапатам і Хатыні. У другі дзень былі здымкі пад Гародняй, калі здымалі гурт. Вакаліста гурта Dzieciuki Алеся Дзянісава праца над ролікам навяла на невясёлыя думкі.

— Цяпер ва Ўкраіне адбываюцца страшэнныя рэчы. Калі адкінуць усе палітычныя эмоцыі, тую шакуючую брудную ролю сёньняшняй расейскай улады ў канфлікце, то ў любым выпадку, на першым месцы мы бачым простыя трагічныя рэчы: гінуць тысячы людзей, спальваюцца вёскі і гарады, дзеткі застаюцца без бацькоў. І гэта, бл..дзь, XXI стагодзьдзе! Я гляджу на відэахроніку другой сусьветнай вайны і сёньняшнюю ўкраінскую і пытаюся: дзе розніца? Чаму людзі ня вучацца на сваіх памылках? Чаму ня ведаюць гісторыю? Усё ж паўтараецца! Зьмяняюцца толькі дэкарацыі. Жахліва і крыўдна да слёз. Хочацца сказаць: ніколі зноў! А гэтае «зноў» паўтараецца пад тваім бокам, — кажа Алесь Дзянісаў.

Dzieciuki дзякуюць акторам і акторкам зь Менску, якія за ідэю пагадзіліся паўдзельнічаць у здымках. За тое ж падзяка журналісту Алесю Яршу. Ну, а самае вялікае дзякуй — Алесю Залеўскаму і Яўгену Шапчыцу, бо ім належыць ідэя кліпа, ягоныя здымкі і мантаж.

Адмыслова да выданьня кліпа брэнд LSTR распрацаваў адмысловыя цішоткі і лонгсьлівы з Двупагоняй — сымбалем змаганьня з бальшавізмам і нацызмам. На ёй таксама выяўлена Маці Божая Вострабрамская, як хрысьціянскі вобраз Божае маці, які абараняе і заступаецца за беларускі народ. Фотасэсію вакаліста гурта Паўла Трабла з гэтай нагоды можна пабачыць у суполцы Tuzin.fm на Facebook.

Источник: Tuzin.fm

Группы:

Комментарии: 1
  • Сяржук:

    Тэма спальвання расейцамі з РОА беларускіх вёсак на ўсход ад Бярэзіны не раскрыта.