У межах праекта Global Reload вакаліст гурта De-Phazz Карл Фрыерсан выканаў песню «I Will Go to Where I Came» на верш беларускага паэта Анатоля Сыса, якому 26 кастрычніка споўнілася б 55 гадоў.
«Global Reload — глабальная перазагрузка» — трэцяя частка доўгатэрміновага сумеснага праекта культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і партала Tuzin.fm, скіраванага на ўзняцце прэстыжу беларускай культуры. У першай частцы «Тузін.Перазагрузка» вядомыя айчынныя небеларускамоўныя выканаўцы праспявалі свае самыя папулярныя песні на беларускай мове. У «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» ужо замежныя зоркі заспявалі свае хіты па-беларуску. У новым праекце можна будзе пачуць, як беларуская паэзія загучыць на мовах свету.
Спецыяльна для праекта «Global Reload» верш Анатоля Сыса «Пайду туды, адкуль прыйшоў» на ангельскую мову пераклаў беларускі літаратар і перакладчык Віталь Воранаў. Музыку да кампазіцыі напісаў джазавы музыка Павел Аракелян. Верш увайшоў у два прыжыццёвыя зборнікі Анатоля Сыса — «Пан Лес» (1989) і «Сыс» (2002).
Амерыканец Карл Фрыерсан атрымаў шырокую вядомасць як вакаліст нямецкага гурта De-Phazz, а таксама дзякуючы сваім сольным працам. Карл вельмі шануе паэзію, а сваім улюбёным вершам яшчэ з дзяцінства называе «The Road Not Taken» (1920) Роберта Фроста. Музыку прыйшлася даспадобы ідэя праекта «Global Reload» — узняць прэстыж беларускай культуры і паэзіі ў міжнародным кантэксце.
— Верш Анатоля Сыса — гэта сапраўдная экспрэсія, якая ідзе ад самага сэрца. Я не рэлігійны чалавек, але адухоўлены. І я адчуваю моцную духоўную сувязь з гэтым беларускім паэтам, — дзеліцца ўражаннямі музыка.
Малайчына, афра-амэрыкана-немец. Таксама запісаўся ў БНФ-рок, а не ў апалчэнц-рок. Паказальна!!! У маёй калекцыі будзе мой першы фірменны дыск «De Phazz», куды ўвойдзе гэтая песьня на вершы вялікага С Ы С А. Энэргетыка толікава так і прэ!