«Крама» выпусціла альбом, над якім працавала 20 год

Гурт «Крама» выпусціў новы альбом «Белая вада». Напярэдадні канцэртнай прэзентацыі дыска ўдзельнікі гурта распавялі пра працу над дыскам і планы на будучыню.

Крама

Новы альбом выйшаў праз сем год пасля выдання папярэдняга дыска «Усё жыцьцё — дзіўны сон». У альбом «Белая вада» ўвайшло дзесяць кампазіцый, у тым ліку песня «Дзяўчынка са шклянымі вачыма», на якую гурт нядаўна зняў кліп.

— У нас ніколі не было мэты кагосці здзівіць. Мае музычныя густы дастаткова традыцыйныя. Любы творца павінен рабіць так, каб яго песні былі ўсё лепш і лепш. І я, перш за ўсё, імкнуся да таго, каб яны былі якаснымі па гучанні, — кажа пра гучанне дыска лідар гурта Ігар Варашкевіч. — Праца над альбомам расцягнулася практычна на дваццаць год, бо песня «Твой накірунак» была напісаная яшчэ ў 1995 годзе і толькі зараз ўбачыла свет. Непасрэдна запіс цягнуўся чатыры гады: першая частка альбома была запісана на студыі «Лепрыконсаў» Super 8, потым праца была спыненая і толькі ў гэтым годзе аднавілася на студыі Maple Tree. Я хачу падзякаваць Іллю Міцько. Мы не сябруем, і нават асабліва не перасякаемся, але калі ён даведаўся пра нашыя праблемы, адразу прапанаваў нам сваю студыю. Такая нечаканая дапамога.

Звядзеннем альбома займаўся гукааператар «Беларускіх песняроў» Аляксандр Папроцкі. Музыкі «Крамы» ўпэўненыя, што «Белая вада» -лепшы па якасці гучання альбом у гісторыі калектыва.

— Лёс нас зноў звёў з Аляксандра Папроцкім. Ён рабіў самыя першыя «крамаўскія» песні яшчэ на старой студыі «Песняроў». У новым альбоме ён зноў прысутнічае, цяпер як саўндпрадусар. Гэты дыск адрозніваецца па гуку ад астатніх — ён на галаву вышэй, — адзначыў Ігар Варашкевіч.

Крама

Большасць тэкстаў песень для «Белай вады» напісаў сталы «крамаўскі» аўтар — журналіст і паэт Зміцер Лукашук.

— Па шчырасці, я ўжо ня верыў, што тэксты, напісаныя калісьці мною, будуць скарыстаныя. Склалася ўражанне, што яны не спадабаліся ці былі несвочеасовымі, недапрацаванымі. Але, відаць, яны настаяліся. Цяпер яны апрацаваныя, падабраныя і сабраныя ў альбом, які, як мне падаецца, вельмі канцэптуальна вытрыманы. Ён вельмі сур’ёзны, — лічыць Зміцер Лукашук.

Аўтарства двух кампазіцый — «Песня для сяброў» і «Шлях праз багну» — належыць паэтцы Насты Гулак.

— У «Краме» тэкстам надаецца вялікая ўвага. Яны пазнавальныя, стылёва аднародныя, і калі яны нават вясёлыя, яны ўсё роўна сур’ёзныя. Лірычны герой творчасці «Крамы» — асоба ўнутрана свабодная, асоба, якая назірае жыццё, рэфлексуе, перажывае хуткаплыннасць часу, паражывае падзеі вакол сябе. Сёння гэты лірычны герой — чалавек ва ўзросце, але малады душой, ён гатовы ўспрымаць і прыгожае, і драматычнае ў жыцці. «Крама» мае выразную мастацкую канцэпцыю і ідзе ў гэтым рэчышчы, — упэўненая аўтарка.

Канцэртная прэзентацыя дыска адбудзецца 28 лістапада ў Палацы чыгуначнікаў у Мінску.

— У наступным годзе мы хацелі б, каб адбыўся тур па Беларусі. Было б добра ахапіць гарадоў пяць. Апроч таго, мы зараз актыўна закідваем кліп на тэлебачанне. Трэба паказаць усім, што «Крама» жывая і знаходзіцца ў добрым стане, — кажа гітарыст Сяргей Трухановіч.

Дыск «Белая вада» выдадзены BMAgroup і яго магчыма будзе набыць ужо на бліжэйшым выступе гурта. Дарэчы, гэта апошні дыск, які BMAgroup выдае на фізычным носбіце.

Крама

Автор: / Ultra-Music

Фото: Пётр Петровский

Группы:

Комментарии: 1
  • Ананім Ананьераў:

    Альбом — сілішча сільная, красата красацішчая http://belmusic.org/reviews/ 27 лістапада аўтограф-сэсія ў краме «Ў» (пачатак у 19°°, ля плошчы Перамогі).