На прэміі «Героі года» выступіць шасцёра намінантаў

Гурты Dzieciuki, Navi, Landau, Leibonik, Bristeil, праект .K, а таксама «Аляксандра і Канстанцін» выступяць на музычнай прэміі «Героі года», якая пройдзе 12 снежня ў клубе «Піраты».

На канцэрце будзе названы гурт, які стаў адкрыццём у беларускай музыцы сёлета, а таксама «Героі года» — найлепшая каманда на беларускай незалежнай сцэне па версіі музычнага партала Tuzin.fm.

— Вядома ж, наша прэмія суб’ектыўная, бо мы называем найлепшыя каманды на наш уласны густ. Але нашы ўпадабанні мусяць абавязкова быць падмацаваныя рэальнымі справамі. Пры вызначэнні пераможцаў мы ўлічваем рэальную і віртуальную актыўнасць музыкаў, канкрэтныя дасягненні ў музычнай справе, унікальнасць іх творчай прапановы і ў прынцыпе здольнасць мысліць крэатыўна, — кажа кіраўнік Tuzin.fm Сяргей Будкін.

За месяц да канцэрту быў абвешчаны шорт-ліст прэтэндэнтаў на перамогу ў абодвух намінацыях. У намінацыі «Адкрыццё» пяць гуртоў і выканаўцаў: Haina, .K, Сяргей Башлыкевіч, Віталь Варанко і Bristeil. У катэгорыі «Героі года» намінуюцца Лявон Вольскі, Navi, Dzieciuki, Vuraj, Landau, Akute і «Ляпіс Трубяцкі». Пераможцы будуць абвешчаныя непасрэдна на канцэрце, у якім прымуць удзел па тры прэтэндэнты ў кожнай з намінацыяў, а таксама «Аляксандра і Канстанцін», як аўтары найлепшага альбома сезона па версіі наведнікаў Tuzin.fm.

Канцэрт ладзіцца пры падтрымцы сталага партнёра Tuzin.fm — кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Источник: пресс-релиз

Темы: