Дэструктыўны пажарны аркестр Harotnica прэзентаваў на «Еўрарадыё» дэбютны альбом «Gvalt». Музыкі вызначаюць стылістыку рэліза, як сумесь альтэрнатыўнага рока, панк-рока, джаза, рэгі, ска, ф’южн і world music.
Праца над дыскам пачалася яшчэ летам 2013 года, пасля таго, як на цырымоніі ўручэння музычнай прэміі «Даём рады» музыкі атрымалі прыз — бясплатны запіс трох песень на мінскай студыі «Осмас». Першапачаткова планавалася выдаць ЕР, але пазней было прынятае рашэнне дапісаць яшчэ песень на альбом.
— Мы не хацелі называць дыск па якой-небудзь песні, але і безназоўным яго пакідаць не жадалі, — распавядае вакалістка гурта Валерыя Валадзько. — Таму назву альбома «Gvalt» можна трактаваць па-рознаму. Нашы песні пра нялёгкую жаночую долю, пра жанчын, якія пакутуюць, гаруюць, то бок жыццёвыя тэмы, якія лёгка можна суаднесці з гвалтам. Ну, і гвалт, як гук, шум, бо ў нашых песнях шмат інструментаў, розных прымочак.
Канцэртная прэзентацыя дэбютнага альбома Harotnica «Gvalt» адбудзецца 24 снежня ў клубе «ДК». Там жа можна будзе атрымаць і дыск, над афармленнем якога працавалі адразу 12 чалавек — да кожнай песні ёсць свая ілюстрацыя. Вокладку альбома рабілі Раман Сухоцкі, Андрусь Такінданг, Максім Юданаў і Ігар Царукоў. А ўнутраным афармленнем займаліся мастакі Руслан Вашкевіч, Жана Капуснікава, Міхаіл Гулін, Міця Післяк, Мілаш Яўгенавіч, Ларыса Баўге, Аксана Лакоза і Валянцін Благадаў.
Зачакаўся! Нарэшце! Як выявілавася, чакаць было варта, дзякуй «Гаротнікі»!
Супер!
Лучшие!!!!!!