Беларускі метал-гурт Wartha выпусціў новы альбом «Azure Lakes». Рэліз дыска адбыўся на расійскім лэйбле SoundAge Productions.
— Нашу краіну часта называюць блакітнавокай, а таксама — краінай азёраў, — тлумачаць музыкі сэнс назвы альбома. — Ангельскі варыянт быў абраны выключна дзеля большага разумення замежнымі слухачамі, як і лацінскі варыянт беларускага алфавіта ў буклеце ды назвах трэкаў.
Новы альбом «Azure Lakes» прысвечаны эскапізму, растварэнню і знікненню, а таксама ўсім невядомым закатаваным і забітым, хто знік у беларускай зямлі. Па словах музыкаў, натхненнем паслужылі спакойныя краявіды беларускага паазер’я і крывавая сумная гісторыя Беларусі.
Запіс альбома адбываўся на працягу ўсяго мінулага года на мінскай BR Studio. Падчас працы да ўдзельнікаў гурта далучыліся іншыя музыкі — Артур Мацьвеенка (Dzivia), Эльвіра Сцельмашук (Omut), Эмілія Скарабагатая, Вадзім Шэндэр (Omut), Зміцер Багачук і Расціслаў Галубнічы (Alfar, Kliodna).
Альбом можна замовіць на лэйбле SoundAge Productions, набыць на iTunes і афіцыйнай старонцы гурта на Bandcamp.
Пакуль «БМА», як сьведчыць прэса, «выдае апошні дыск на фізычным носьбіце», лепшыя беларускія гурты выдаюцца па ўсім сьвеце. Альбом «Azure Lakes» (2015), пакуль сьвежы, яшчэ можна надыбаць на тутэйшых мэтал-канцэртах, а паспрабуйце адшукаць «Паўстань» (2011), які выходзіў ажно ў Екацярынбургу. А я імею фсе беларускія рарыцеты ў арыгінале, але файлы ў сетцы. «Wartha» малайцы! Усім слухаць «Heritage/Spadčyna» ў перакладзе Веры Рыч ды «Što j pa Moru» з вакалам Эльвіра Сцельмашук («Omut»). Жызднь бурлідт у беларускім року!!!