«КальЯн» запісаў новы альбом і прыяжджае ў Мінск

Напачатку красавіка гарадзенскі гурт «КальЯн» пасля 6-гадовага перапынку запісаў новы альбом «Антыпазітыў». А ўжо 20 траўня гурт выступіць у Менску.

«Гучанне новага альбому атрымалася больш жорсткім. У тым сэнсе, што стала больш „цяжкіх“ песень. Больш за ўсіх да гэтага прыклаў руку наш гітарыст Кот, — кажа лідар гурта Алесь Дзянісаў. — Але мы ніколі не замацоўвалі сваю ўвагу на нейкім музычным напрамку. І гэта адлюстроўвалася не толькі ў тым, што кожны альбом не падобны на папярэдні, а таксама ў тым, што мы, захоўваючы прыблізна аднолькавую лінію панк-хардкора, з задавальненнем выкарыстоўваем элементы фолку, ска, трэша, рэгей; выкарыстоўваем час ад часу нейкія нечаканыя музычныя інструменты».

Так, у песні «Ісусе Бабосе» «КальЯну» дапамаглі дудары з гарадзенскага гурта Irdorath. Такім чынам гурт вырашыў разбурыць стэрэатыпы пра дуду як інструмэнт, які выкарыстоўваецца толькі брутальнымі метал-паганцамі ці чыста фолкавымі калектывамі.

«Антыпазітыў» запісаны амаль цалкам у хатніх умовах на звычайным кампутары, толькі бубны музыкі запісывалі на «кропцы».

«Ніколі не можашь быць да канца задаволеным, але на тыя ўмовы, у якіх рабіўся запіс, можна сказаць што атрымалася цудоўна, — распавядае Алесь. — Запіс рабіў наш прыяцель Ілля „Ліля“ (Ultra Pultra Records). Ілля — адзін з некамерцыйных DIY-сымбаляў Горадні, пры гэтым працуе на вельмі прафесійным узроўні. Шмат хто яшчэ дапамагаў з запісам. Мяркую, што нікому не забудзем сказаць дзякуй, але зараз хочацца падзякваць, у першую чаргу, музыкам з гурта „Твой город“».

Новы альбом гурт «КальЯн» выклаў на сваім сайце, але плануецца, што ён будзе выдадзены і на CD. Пакуль «КальЯн» выступіць з акустычнай праграмай на канцэрце «Тузін. Unplugged» 20 траўня у клубе «Графіці» разам з гуртом HandmadE.

«Я сам ладзіў „кватэрнікі“ і паўпадпольныя акустычныя канцы ў межах Горадні і гарадзенскіх музыкаў. Мне гэта блізка і цікава. Мне падаецца, што акустычным канцам надаецца не так шмат увагі, якую яны заслугоўваюць, — распавядае Алесь. — Што тычыцца ўласна мяне, то з цягам часу быў назапашаны шэраг песень, якія не хацелася ці не атрымоўвалася зрабіць асноўным складам „Кальяна“. Яны проста не пасавалі па розных прычынах. Раней я выконваў гэтыя песні амаль увесь час адзін, а вось не так даўно, можна сказаць, што нарадзіўся новы праект пад назвай „Кальян у акустыцы“, у якім удзельнічаюць розныя музыкі, у асноўным не маючыя ніякага дачынення да „Кальяна“».

20 траўня, паб-клуб «Графіці» (зав. Калініна, 16). Пачатак у 19:00. Квіткі: 20 000. Колькасьць месцаў абмежаваная! Тэлефоны для даведак: +375 29 7799918, +375 29 1799918, +375 29 6139506; ICQ: 531-07-353 / 165-650-843; Skype: diskoteq / Google Talk: diskoteq.

Автор: / Ultra-Music

Группы:

Комментарии: 2
  • Вячеслав Радионов:

    Радыёактыўныыыыы сьнееееег!

  • Fevra:

    ого…
    гэта наша зямля!
    гэта наш сьцяг!
    гэта нашыя бацькі ідуць
    наперадзе нас!