Памерла Арына Вячорка

Грамадзкі дзяяч, ініцыятарка адраджэння рыцарскага руху і гістарычнай музыкі Беларусі Арына Вячорка памерла ў Вільні 9 красавіка. 14 красавіка ёй споўніўся б 51 год.

5 красавіка ў аэрапорце ў Вільні з Арынай здарыўся інсульт. «Ёй адразу ж выклікалі хуткую дапамогу і даставілі ў вільнюскі шпіталь. Аднак 5 красавіка ў яе адбыўся паўторны інсульт. Урачы змагаліся за яе жыццё, але нічога зрабіць не змаглі», — паведаміў БелаПАН яе сын, Франак Вячорка. Ён адзначыў, што пакуль вырашаецца пытанне аб дастаўцы цела Арыны Вячоркі ў Беларусь. «Пакуль мы не ведаем, дзе адбудзецца грамадзянская паніхіда, дзе яна будзе пахаваная», — сказаў Франак.

Арына Вячорка нарадзілася ў Мінску. У 1983 годзе скончыла механіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага унівэрсітэту, а ў 1990-м аспірантуру БДУ па спецыяльнасці «гісторыя педагогікі». У 2009 годзе атрымала дыплом мэнэджэра культуры. Сузаснавальніца першага беларускага нефармальнага згуртавання новага часу «Беларуская спеўна-драматычная майстроўня» (1980–1985). Сузаснавальніца моладзевага адраджэнцкага згуртавання «Талака» (1986–1988). З 1993 заснавальніца рыцарскага руху Беларусі. Стваральніца і кіраўніца Беларускага рыцарскага клюбу, пазьней клубу «Вялікае княства» (1996–2007). Арганізатар першага рыцарскага турніру ў Лошыцкім парку, моладзевага этнагістарычнага свята «Лошыцкі фэст», шматлікіх выездаў на рыцарскія турніры.

Стваральніца першага праекту гістарычнай музыкі «Легенды Bялікага Kняства» (2000–2001), альбома гістарычнай музыкі «Старажытная зямля» (2005), серыі «Беларуская музычная калекцыя»: «Постфольк», «Музыка Вялікага Княства Літоўскага», «Беларускі музычны авангард», «Сьпевы Беларусі», «Мэдываль», «Вясковая лірыка» (2007–2009) і інш. Арганізатарка больш як 100 канцэртаў старадаўняй і фальклёрнай музыкі. Прадусар гурта «Стары Ольса», музычнага праекту «Вір». Адна з арганізатараў нацыянальных конкурсаў маладых выканаўцаў старадаўняй музыкі «У гонар каралевы Боны» (2005–2006). Адна з заснавальнікаў Беларускага клубу лютністаў (2008). Намесніца дырэктара ААТ «Новая музычная кампанія» (2007–2009), намесніца дырэктара выдавецтва «Каўчэг» (з 2009). Адна з кіраўнікоў этнагістарычнага цэнтру «Явар», супрацоўнічала з Белдзяржфілярмоніяй, «Моладзевым Тэатрам Эстрады».

Автор: / Ultra-Music

Фото: RFE/RL

Группы:

Комментарии: 2
  • Fevra:

    vielmi sumnaja navina…

  • Total White:

    Варта дадаць, што сумесна з «БМАgroup» Арына выдала масавым тыражом сэрыю дыскаў «Легенды Вялікага Княства», а апошнім вынікам ейнай працы апынуўся сымбалічны праект «Полацкі сшытак» (беларуская сьвецкая танцавальная музыка XVI стагодзьдзя), прэзэнтацыі якога прайшлі зь нязьменным аншлягам ня далей як у сакавіку 2012 году http://belmusic.org/reviews/polacki-sszytak-jak-nacyjanalny-brend.html
    Сьветлая памяць спадарыні Арыне, якая шмат зрабіла на ніве беларускай музыкі, давёўшы ўсе праекты да вынікрвага фіналу. 50 гадоў — гэта так мала, але незавершаных спраў яна не пакінула.