Беларускі гурт Sciana і ўкраінскі «Роллікс» адпраўляюцца ў сумесны тур па гарадах Беларусі. Ён распачнецца 26 красавіка бясплатным канцэртам у мінскім клубе «Юла».
Музыкі пазнаёміліся ў 2011 годзе на сцэне клуба ў Хмяльніцкім, і ў хуткім часе іх знаёмства перарасло ў сяброўства. Аднойчы ўзнікла ідэя запісаць сумесны трэк, які займеў назву «Беларусь-Украіна» і які можна будзе пачуць падчас туру.
«Нам заўсёды прыемна наведваць суседнюю Украіну, — кажа вакаліст Sciana Павел Прохараў. — У нас шмат сяброў па той бок мяжы, і ідэя стварэння песні ўзнікала даўно, а сустрэўшы хлопцаў з „Роллікс“, мы вырашылі запісаць песню пра нашае міжнароднае сяброўства. Мы ўпэўненыя, што для сапраўднага кахання і сяброўства не існуе межаў і кіламетраў! Мы ў гэта верым!»
Украінскі гурт не дэбютуе на беларускай сцэне. Летась яны ўзялі ўдзел у рок-фэстах «БУГаРОК» (Берасце) і «Тры шурупы» (Горадня). «У нас засталіся толькі прыемныя ўражанні! Было цёпла і драйвова, — кажа Зміцер Ігнатаў з гурта „Роллікс“. — Нам надзвычай цікава было наведаць Беларусь — шмат чулі, шмат ведалі, але да гэтага не даводзілася тут бываць. З энтузіязмам і радасцю едзем да вас зноў і, спадзяюся, прыедзем і ў пяты, і ў дваццаты раз».
Расклад туру:
- 26.04 — Мінск, клуб «Юла» — уваход вольны!
- 27.04 — Гародня, Міжнародны байк-фэст «Хавайся ў бульбу!»
- 28.04 — Віцебск, бітлз-клуб «Чердачок»
- 29.04 — Брэст, клуб City
Дарагая рэдакцыя, дык «Роллікс» ці «Роллік’с»? А для астатніх паведамляю: Кружэлкі гурта «Sciana» ды іншыя ёсць у продажы (альбом «Сцяна» – «Кропка вяртання», Мн., 2010, «БМАgroup»). Тэлефануйце 649 08 88 Мо падвязуць і на канцэрт.
Дык клясны канцэрт быў. Акрамя названых яшчэ «Amaroka» і «Avias» выступалі. У апошніх, праўда, яшчэ кружэлак не было, а вось астатнія някепска распрадаліся. «Sciana» нарэшце ў Менску здвінула свой рэйтынг, атож мала выступае тут, хоць усю Польшчу аб’ехала. Далей – пільнуйце па гарадах Беларусі. Рэдкай навінкай на канцэрце стаў і шыкоўны дыгіпак украінскага рэпкора ад «Роллік’с» усяго па 40 тыс брб.