Vinsent робіць крок наперад у новым сінгле

Vinsent прэзентуе сінгл і анансуе кліп «Ні кроку назад», падрыхтаваны адмыслова да вялікага канцэрту ў клубе Re:Publiс, які адбудзецца 9 траўня.

«Ні кроку назад» — гэта першая студыйная праца запісаная з жывым складам, з якім Vinsent ужо паспеў даць шмат канцэртаў у Беларусі і за мяжою, выдаць шэсць канцэртных кліпаў і «Жывы DVD».

Да таго ж песня «Ні кроку назад» стала саўндтрэкам да фільму «Вышэй за неба». Падчас працы над фільмам Андрэй Курэйчык, сцэнарыст і мастацкі рэжысёр праекту, асабіста прапанаваў Vinsent’у, які зняўся ў фільме, на гэтую песню зняць кліп.

«Андрэю Курэйчыку я паказаў песню яшчэ восенню ў дэма варыянце, і ён сказаў, што яна абавязкова павінна стаць саўдтрэкам, бо перадае эмацыйна ўсё тое, што Курэйчык закладаў і бачыць у фільме, таму яшчэ да заканчэння працы над песняю і фільмам, мы мелі падрыхтаваны макет кліпа», — узгадвае Vinsent.

Першымі ўбачаць кліп усе наведвальнікі канцэрту, які адбудзецца 9 траўня ў клубе Re:Publiс. Пасля прэзентацыі на канцэрце кліп з’явіцца ў інтэрнэце.

«Я задаволены працаю, задаволены вынікам, бо песня сапраўды атрымалася шчырай і яскраваю. „Ні кроку назад“, як мне здаецца, добра адлюстроўвае не толькі мае адчуванні і настроі, але і настрой фільму „Вышэй за неба“. Кожны хто яе пачуе, хочацца каб адчуў нешта сваё, жыццё і атмасферу „гораду сонца“, тэму „кахання і здрады“, праблему „свабоды і няволі“. У песні ёсць лёгкае дэпрэсіўнае адценне, стан пошуку жыццёвага выйсця, але гэты стан пранікнёны рамантызмам, які мы павінны захоўваць ня гледзячы на вонкавыя праблемы і пэўныя цяжкасці», — каментуе Vinsent.

Удзел у канцэрце 9 траўня прыме Саша Захарык, адна з лепшых вакалістак Беларусі, а таксама малады беларускамоўны рэпер Gleboki Smak, які ў гэтым годзе быў прызнаны лепшым фрыстайлерам Беларусі па версіі прэміі «Street Awards 2011».

Источник: пресс-релиз

Фото: Ксюша Протасеня

Группы:

Комментарии: 1