«Грыфаманія»: у чаканьні Сантаны

Першая «Грыфаманія» прайшла ў 1999-м годзе ў невялічкім менскім клюбе, а зь цягам часу фэстываль пераўтварыўся ў маштабную падзею. Цяпер ён праходзіць у палацы культуры МТЗ у два дні, зьбірае лепшых гітарыстаў зь Беларусі ды замежжа. Заснавальнік фэсту Юры Рашэтнікаў нават адпаведны лёзунг прыдумаў, дакладней інтэрпрэтаваў добравядомы па-свойму: «Гітарысты ўсіх краінаў —яднайцеся!». «Гэта буйная падзея ў маштабах краіны, — кажа Юры. — Нават думаю, што па размаху ды колькасьці ўдзельнікаў — „Грыфаманія“ адзін з буйных гітарных фэстаў у Эўропе».Сёлетняя «Грыфаманія» будзе 10-ай па ліку. Цягам двух дзён на сцэну выйдуць гітарысты, кожны зь якіх мае сваю ўнікальную манеру. Напрыклад, Уладзімер Любінскі грае на гітары, паклаўшы яе на калені і такім чынам рука музыканта бегае па грыфу зьверху, як па клявішах фартэпіяна, а гітарыст гурта Neuro Dubel Віталь Абрамовіч ці не адзіны ў Беларусі, хто дасканала авалодаў тэхнікай двуручнага тэпінгу, гэта калі гук зьяўляецца не ад торганьня гітарнай струны, а ад ўдара пальца па грыфу. Гэтак жа грае госьць фэстывалю — заслужаны артыст Аўтаномнай Рэспублікі Крым Віталь Макукін. Сваю праграму зайграе яшчэ адзін госьць — вядомы на ўсю Эўропу гітарыст з Украіны Аляксандар Любчанка. У будучыні арганізатары «Грыфаманіі» плянуюць запрасіць нават Карласа Сантану і Джо Сатрыяні. Апавядае Юры Рашэтнікаў: «Я бы хацеў запрасіць Карласа Сантану — чалавека, які ўваходзіць у пяцёрку гітарыстаў, якія стварылі свой стыль. Паклікаў бы Джо Сатрыяні, ня столькі кіруючыся сваім густам. Але ведаю, што шмат бы хто прыйшоў на яго, пафанацець. Гэта культавы гітарыст, хоць я да яго вельмі спакойна стаўлюся».

Сярод удзельнікаў «Грыфаманіі» — прафэсар гітарнай музыкі Ўладзімер Угольнік, адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў беларускага року. Ён штогод выходзіць на сцэну фэстывалю, дзе граюць ня толькі яго вучні, але і вучні вучняў. Уладзімер кажа, што пахваліць «Грыфаманію» можна хоць бы за тое, што ўдзельнікі фэсту — маладыя музыканты маюць добры выканальніцкі досьвед: «Уявіце — у залі 600 чалавек і ўсе яны ловяць тваю кожную ноту. І гэта фантастычная адказнасьць, бо трэба рабіць на 40-50 працэнтаў болей, чым ты можаш».

Аляксандру Цалуйку ўсяго 21 год, але ўсе беларускія майстры гітары, у тым ліку і Ўладзімер Угольнік прызнаюць: гэта лепшы малады гітарыст Беларусі. Якраз летась Аляксандар атрымаў на «Грыфаманіі» прыз і нават перахварэў ужо на зорную хваробу. «Так, крыху апанавала мяне, — прызнаецца малады музыка. — Думаю, праз гэта праходзіць кожны гітарыст. Але я адносна шмат гадоў выступаю на сцэне і цяпер зразумеў, што трэба кожным разам даказваць, што ты на вышыні».

Фэстываль «Грыфаманія» з удзелам самых лепшых і таленавітых гітарыстаў пройдзе 22 і 23 лістапада ў Менску. У наступным годзе змогуць паказаць сваё майстэрства і музыканты зь іншых беларускіх гарадоў. Мяркуецца, што ў 2009 годзе будуць праводзіцца выязныя фэстывалі «Грыфаманія» ў абласных гарадах.

Источник: Тузін Гітоў

Фото: Jay West Photography

Группы: ,

Темы:

Комментарии: 1