Фолк-фэст «Камяніца» збірае аматарскія ансамблі

15 верасня пад Мінскам на тэрыторыі Музею народнай архітэктуры і побыту адбудзецца чацвёрты фолк-фэст «Камяніца». У гэтым годзе ўпершыню ў дадатак да вялікай прафесійнай сцэны ў межах мерапрыемства будзе працаваць сцэна для аматарскіх калектываў.

У ролі куратара і вядучай гэтай сцэны выступіць спявачка Руся, вядомая па ўдзеле ў розных гуртах, у тым ліку этна-трыа Akana.

«Мы запрашаем да ўдзелу дзіцячыя, падлеткавыя і дарослыя калектывы. Гэта могуць быць хоры, ансамблі, гурты. Галоўная ўмова — выкананне традыцыйных беларускіх песень, захаванне жывой культуры нашай краіны», — тлумачыць спявачка.

Усе ўдзельнікі атрымаюць ганаровыя дыпломы і незабыўныя ўспаміны. Жадаючыя мусяць даслаць ліст на скрыню [email protected] да 8 верасня 2012 года. Да ліста прыкладайце невялічкую даведку пра свой гурт, фота, 1–2 аўдыёзапісы (ці спасылку на відэа) і кантакты.

Фолк-фэст «Камяніца» заснаваны ў 2009 годзе. Мэта мерапрыемства — прапаганда традыцыйнай культуры і дапамога музею, на тэрыторыі якога знаходзіцца ўнікальная калекцыя аўтэнтычнай беларускай драўлянай архітэктуры 18–20 стагоддзяў. Усе грошы за ўваход ідуць на рахунак гэтай установы, дапамагаючы захоўваць экспанаты.

Як і ў мінулым годзе, уваход для гледачоў у нацыянальных строях будзе вольным. Склад выступоўцаў на вялікай сцэне і іншыя дэталі будуць абвешчаны пазней. Генеральным партнёрам фестываля традыцыйна выступіў ААТ «Банк БелВЭБ».

Источник: пресс-релиз

Фото: Юра Маціюн

Темы:

Комментарии: 6