Адмысловым госцем фолк-фестывалю «Камяніца», які адбудзецца 15 верасня пад Мінскам, будзе расійскі гурт «Иван Купала». На галоўнай сцэне таксама выступяць беларускія калектывы «Крамбамбуля», FolkRoll і Наста Някрасава, «Ліцвіны», «Юр’я».
Гурт «Иван Купала» з хітамі «Кострома» і «Коляда» пры канцы 90-х здзейсніў сапраўдную рэвалюцыю на постсавецкай музычнай сцэне, спалучыўшы электронныя аранжыраванні і карнявы фальклор. Але і пасля гэтага калектыў не стаяў на месцы — гэтым летам выйшаў трэці студыйны альбом «Купалы» пад назвай «Родина».
«У сваёй творчасці мы шмат выкарыстоўваем беларускія народныя песні — менавіта з іх большай часткай складаўся наш другі альбом „Радио Награ“ (2002), таму запрашэнне з Мінска нас вельмі цешыць, — распавёў кіраўнік гурта Аляксей Румянцаў. — Новы альбом атрымаўся беларуска-ўкраінскім — мы працавалі з песнямі Палесся, у чым нам вельмі дапамагла вядомая фалькларыстка Зінаіда Мажэйка, якая жыве ў Мінску».
Фестываль у гэтым годзе будзе праходзіць з 12 да 21 гадзіны. На ім упершыню будзе працаваць сцэна аматарскіх калектываў. Гледачоў чакаюць традыцыйныя рамёствы, сярэднявечныя забавы, дэфіле і конкурс нацыянальных строяў, выставы фатографаў і мастакоў. Калі вы жадаеце ўзяць удзел у любым з гэтых напрамкаў, пішыце на адрас [email protected].
Месца правядзення — Музей народнай архітэктуры і побыту ў пасёлку Азярцо (5 км за аўтарынку «Малінаўка»), дзе сярод маляўнічых лугоў можна пабачыць сабраныя з усёй Беларусі драўляныя дамы і іншыя пабудовы 18–20 стагоддзяў. Усе грошы за ўваход атрымлівае музей, што дапамагае яму захоўваць экспанаты. Фестываль адбудзецца пры падтрымцы ААТ «Банк БелВЭБ».