Лявон Вольскі застаецца адным з галоўных ньюзмейкераў у Беларусі. Гэты год у яго атрымаўся вельмі насычаны: ён праехаў з канцэртамі па гарадах Еўропы, запісаў новы альбом з «Крамбамбуляй» і рыхтуецца да ягонай прэзентацыі ў лютым. Лявон распавёў Ultra-Music, дзе ён піў найсмачнейшае піва, чаму славакі не зразумелі роднай мовы і за якую песню літоўцы пачастуюць вячэрай.
«Засталіся здымкі, дзе мы перад алтаром іграем»
— Вы толькі што вярнуліся з даволі вялікага туру з сольнай праграмай. Што было адметнага ў гэтым туры, чым ён вам запомніўся?
У нас атрымалася такая творчая брыгада. Гэта нельга назваць нейкім прафесійным музычным складам. Паехаў я, гітарыст Алег Гарус з «Крамбамбулі» і Мацей Сабураў. Мацей узгадаў сваё юнацтва ў гурце «Плато»: ён і сэмплы нейкія падкладаў, і на перкусіі граў.
Атрымалася досыць цікавая геаграфія: два канцэрты ў Празе, канцэрт у Берліне, потым Беласток зачапілі, Берасце… Там увогуле досыць нечакана згралі ва ўніяцкай царкве. Спачатку канцэрт планаваўся ў кавярні, потым нехта патэлефанаваў у яе… Але арганізатар канцэрту Зміцер Назараў меў кантакты ўсіх, хто замаўляў квіткі. Ён кожнага папярэдзіў і перанёс канцэрт у царкву. Мы спачатку баяліся там іграць, бо ў нас ёсьць песенькі, якія не адпавядалі б месцу, дзе павінны былі выконвацца (напрыклад, версія ірландскай песні «Whiskey in the Jar»). Але з першых акордаў стала зразумела, што ўсё класна і вельмі натуральна. Нечакана ўсё атрымалася. Цяпер засталіся такія цікавыя здымкі, дзе мы перад алтаром іграем.
У Празе быў вельмі цікавы другі канцэрт. На першым былі некаторыя праблемы з гукам, малое памяшканьне… А другі быў проста суперскі. Хаця мы думалі, што ён будзе як дабіўка для тых, хто не патрапіў на першы канцэрт. Але прыйшлі людзі і з першага канцэрту, і іншыя, хто не мог прыйсьці раней.
У Беластоку таксама было цікава. З бельскага ліцэю чалавек 30 прыехала, як на лекцыю. Новыя такія дзяўчынкі, гадоў па 17, усе з гамбургерамі-попкорнам-колай :)
Вельмі цікавы быў у Санкт-Пецярбургу канцэрт. Я не быў у Расіі з канца 80-ых гадоў. Калі мы пасля канцэртаў з Ганнай выйшлі на Неўскі, недзе ў палове на другую ночы, а там — не коркі, але вельмі шмат транспарту, як у нас недзе паміж 7 і 8 вечара, і поўныя вуліцы народу. І ўсё працуе, нідзе не напісана, ад якой да якой гадзіны. Зразумела проста, што трэба працаваць. Суцэльная вар’ятня! У нас там было 2 з паловай дні, і нам зрабілі такі ўжо спрэсаваны турызм.
— У Піцеры вы гралі ў культавым клубе «Котельная Камчатка».
Клуб невялікі. Гэта былая качагарка, але ўжо, вядома ж, ніякіх катлоў там няма. Сабралося чалавек 100–150. Але там вельмі цікава. Напрыклад, вісіць вялікі плакат Майка Навуменкі. І такі крэатыўны плакат, дзе ён яшчэ зусім малады, ў такім швэдары. Як зараз бы сказалі, «фрык». Па тых часах ён проста гігантычны: дзе яны ўсё гэта тады друкавалі?
Але піва ў Піцеры значна горшае за чэскае! Я яго амаль зусім не пью, але ў Чэхіі мы па піўку ўдарылі крыху. Я зразумеў, што няма ў свеце такога Pilsner Urquell, як там. Нідзе няма. Нават наш сябра Інго Петц сказаў «мммм, ну гэта нешта!». А ён звычайна не здраджвае свайму нямецкаму! Праўда, ўсё астатняе чэскае ён раскрытыкаваў.
А народ у Піцеры такі адвязны. Шмат было суайчыннікаў, але і шмат карэннага насельніцтва. Хтосці даўно ўжо там сядзіць. Паехаў, напрыклад, паступаць у «мореходку», бо ў нас няма — так і прыбіўся-застаўся. Але галоўнае, па-беларуску гавораць.
— Якія песні гралі падчас вандроўкі?
Мы адну праграму не гралі. Увесь час падбіралі рознае. Гралі штосці з таго, што я пісаў для N.R.M., штосці з «Я нарадзіўся тут», даволі шмат «Народны альбом» — песень 5–6, з «Мроі»… Ну і з новай «Крамбамбулі». У Празе мы паспрабавалі выканаць славацкую песню «Konopa, konopa», але славакі нічога не зразумелі. Як высьветлілася, ў Славакіі шмат рэгіянальных моваў, а гэта песня старая, і там такі дзіўнаваты прыпеў, больш падобны на набор гукаў. Яна такога сэксуальна-эратычнага характару, як і ўвесь славацкі фальклор, як нам потым растлумачылі :) У песні дзяўчына сумуе, што яна дзверы адчыняе, а хлопцы так і не прыходзяць… (напявае дзіўнаваты каламбурыстычны тэкст пра Дунай, зязюляў, відарысы). Але гэта старая песня, народ жа любіць неяк гэтак дзіўнавата перадаваць нейкія словы, таму славакі нават не зразумелі. Але калі я стаў неяк ім распавядаць, яны ўжо пачалі: «ааа, ну тааак».
«Баюся ня даць рады, бо тады… alles»
— «Крамбамбуля» запісала вельмі незвычайны новы альбом «Драбадзі-драбада». Як нарадзілася ідэя запісаць яго на розных мовах?
Спачатку была ідэя проста ўзяць беларускія народныя песьні. Потым мы падумалі: а чаму б і іншых народаў песні не падключыць? Пачалі капаць, назнаходзілі досыць цікавых песень, розных еўрапейскіх: ёсьць аўтарскія (там дзе нават аўтар ужо забыты), ёсьць сапраўды карэнныя. Спачатку я думаў, што мы ўсё на беларускай мове праспяваем, і тады альбом выйшаў бы, напэўна, год таму. Але потым пайшла такая дурная ідэя: чаму б не праспяваць на нямецкай мове, на іншых? І пачалі працу ў гэтым накірунку, хоць было досыць цяжкавата.
Напрыклад, песня нямецкая «Krambambuli» пяецца літаральная скарагаворкай, і не для носбіта мовы было вельмі цяжка вучыць яе. Але мы потым яе спявалі нават у Гамбургу разам з маладой мясцовай камандай Baby Benzine. І атрымалася класна. Потым я яе і адзін спяваў, але заўсёды стаўлю пюпітр, бо баюся ня даць рады, бо тады… alles :)
— Ці слухалі носбіты моваў песні, якія атрымаліся ў вас?
Носбіты слухалі. Цікава, напрыклад, паставіўся да швецкай песні амбасадар Стэфан Эрыксан. У іх мова, канечне, з рознымі прыбамбасамі: і з насавымі гукамі, і ўсё, што хочаш. Ён — чалавек такі мягкі, але настойлівы, і пачаў, маўляў, нармальны ж беларускі варыянт, навошта па-швецку спяваць. Але ж мы вырашылі на ўсіх мовах! Як гэта ня будзе на швецкай? Я зняў тэкст старой песні з дудой пра цнатлівую панну і вадзяніка. У іхным фальклоры вадзянік — гэта прыгожы такі мужчына, культурыстычнага выгляду — сапраўдны вікінг. Ён грае на арфе, і адразу ў дзяўчын з’яжджае дах, яны кідаюцца ў мора і там застаюцца каханкай гэтага вадзяніка.
Атрымалася ў выніку, што я ўсё няправільна там «зняў» :) Стэфан мне потым двойчы начытаў, я запісаў на дыктафон, доўга вучыў і з некалькіх падыходаў запісаў і даслаў Стэфану. І ён такі быў уражаны: «О, я амаль што ўсё разумею!» Канечне, там дзікі акцэнт, але атрымалася.
— І колькі ўсяго моваў на «Драбадзі-драбада»?
Пакуль 9 моваў. Напрошваецца працяг безумоўна. Якая-небудзь каталана, баскі — што-небудзь нефарматнае :)
Па-ангельску я нешта вырашыў не спяваць — праспяваў той самы Алег Гарус. Гэта ірландская песня «Whiskey in the Jar», але напісаная ад пачатку была па-ангельску.
Па-польску зрабілі адаптацыю такой дурной песні «Cicha woda». Яе калісці граў наш суайчыньнік Эдзі Рознэр, потым спяваў такі чалавек ва ўзросьце Збігнеў Куртыш: «Cicha woda brzegi rwie» (напявае). А мы зрабілі рок-вершн.
Па-літоўску зрабілі «Ant kalno mūrai». Напэўна, найбольш вядомая песня ў Літве. Як сказаў Эдмінас Багдонас: гэтую песню літовец, што пьяны, што цвярозы, падымецца і будзе спяваць. Мы ў Вільні праспявалі на акустычным канцэрце, і адразу гаспадар рэстарацыі, ў якой гэта было, запрасіў нас на вячэру: «Ну, слухайце, практычна без акцэнту!» Як ня дзіўна, літоўская вельмі проста праспявалася і запомнілася.
Гучанне на альбоме атрымалася такое… ў раёне «поп-панку». Але ёсць і пацяжэй. Італьянская «Tarantella» атрымалася як System of a Down :)
— Цяпер трэба зрабіць тур па ўсіх краінах, на чыіх мовах вы запісалі песні.
Мы думалі пра такое. Трэба ж людзям кінуць гэтую прынаду. «О, на нашай мове праспявалі — давайце цяпер у нас на бірфэсце праспявайце!» Паглядзім, як будзе.
«Народ можа сабе дазваляць што заўгодна — мы не супраць»
— На 11 лютага запланаваная вялікая прэзентацыя кружэлкі ў Re:Public. Але мы ведаем, з якімі цяжкасцямі шматлікія беларускія музыкі сутыкнуліся ў апошні час, у тым ліку і вашыя праекты.
Я ня магу зразумець схемы, што ўвогуле адбываецца ў нас. Мы адмыслова спрабуем тут доўга не сядзець. Калі тут сядзіш хаця б два месяцы, то пачынаеш рабіцца такім сярэднестатыстычным беларусам, прасякацца сітуацыяй, станавіцца часткай натоўпу… Зараз мы так наездзіліся, што было нават дзіўнавата па вуліцы хадзіць: а чаго ўсе такія пахмурныя?! :)
Таму зараз мяне гэтая сітуацыя не бянтэжыць, не ўводзіць у дэпрэсію. Ну, раз так, паедзем за мяжой пайграем — там вельмі проста рабіць канцэрты.
Але мы ўсе спадзяемся, што прэзентацыя адбудзецца :)
— Ці рыхтуеце для прэзентацыі нейкую адметную праграму, мо нейкае шоў?
Мы пакуль не асабліва планавалі ўсе цікавосткі і заманухі для публікі. Але мы звычайна проста так не робім канцэрт: сыгралі і ўсё. «Крамбамбуля» асабліва не нагружаная нейкім ідэалагічным складнікам, апроч беларускай мовы. А цяпер ужо і іншымі мовамі :) Таму трэба шоў! «Крамбамбуля» адразу планавалася як адпачынак і для музыкаў, і для народа. Мы таксама кайфуем і адтапырываемся на сцэне, як і народ. Адзінае, што мы не пад кайфам :) А народ можа сабе дазваляць што заўгодна — мы не супраць.
Таму мы нешта прыдумаем. Зараз шчыльна супрацоўнічаем з Мацеем Сабуравым — будзе нейкі відэа-шэраг. Шоў заўсёды прыемна рабіць.
— Каго-небудзь з удзельнікаў ранейшых супольных песень плануеце запрашаць?
Варта такой інтэграцыяй займацца. Куллінковіч, як мінімум! Міхалок? Мне падаецца, ён арганізаваў навагодняе беларускае шоў у Маскве адмыслова. Каб сустрэцца з беларускімі сябрамі. Бо пакуль сюды ён прыехаць… праз празмерную занятасьць ня можа:)
«Я ў мультах невялікі спец»
— Чам скончылася тая гісторыя з АНТ, калі выкарысталі без дазволу адну з вашых песен?
Мы вядзем кансультацыі. Шмат розных кампетэнтных людзей нам сказалі, што ніхто ніколі яшчэ не выігрываў у судовых спрэчках з дзяржканаламі. Але мы спрабаваць будзем. Зараз яно ўляглося, бо спачатку яны былі напагатове. А зараз святы пройдуць, усё змікшуецца. Пракансультуемся яшчэ, пакуль яны ўсе будуць з бадунца :) Ёсьць варыянты. Калі б гэта было проста ў перадачы выкарыстана, то без шанцаў. А гэта ўсё ж такі фільм.
Цікава толькі, чаму гэта адбылося? Гэта зрабіў нехта такі падкоп? Проста яно зусім не стасавалася з відэа-шэрагам. Ці то гэта проста халтура, ці проста хтосьці вырашыў прадэманстараваць, што ёсьць і свае людзі ў тых шэрагах.
— Яшчэ вы напісалі песню да «будзьмаўскага» мультфільму пра гісторыю Беларусі.
Усё атрымалася вельмі хутка. Я ўвесь час быў у вёсцы. Стаяла такая спёка, мы купілі і надзьмулі такі вялізны басэйн.
І літаральна за дзянёк абраў асноўныя падзеі і зарыфмаваў. Потым, канечне, давялося шмат мяняць, але пісалася з вялікім натхненьнем!
Мне вынік спадабаўся. Я ў мультах не вялікі спец, хоць калісці сам здымаў на 8-міліметровую кінакамеру, але мне вельмі спадабалася. Там добра спалучаецца відэашэраг з шэрагам музычным. Я бы, канечне, некаторыя імёны бы прыбраў, а некаторыя дадаў, але я ня быў апошняй інстацныяй. Не буду казаць, каго б прыбраў-дадаў, але, як мінімум, Васіля Быкава трэба было б дадаць, канечне.
ура
малайца, Лявон! чакаем!
Лет 10 назад вольскому готов был поставить памятник при жизни за все его творчество. Сейчас же вольский — всего лишь никчемный шут-пересмешник. В учебниках по современному шоубизу можно рассмотреть всю историю деградации вольского как образец отвратительного менеджмента артиста, а также как образец полной неадекватности артиста в оценке происходящего вокруг (самообман себя любимого и дифирамбы лживо-льстивого окружения).