Лета — сезон адпачынку. У тым ліку і для беларускіх музыкаў: ні звестак, ні канцэртаў, ні, тым больш, сенсацый. Таму мы вырашылі пагутарыць з чалавекам, які ўжо год сам піша гэтыя «сенсацыі» для зорак беларускай эстрады на newsbelarus.net і ведае Што? Дзе? і Калі? у беларускім шоу-бізе. Журналіст, музычны крытык і выкладчык Павел Свярдлоў у эксклюзіўным інтэрвью распавёў, чым ў нашай краіне займацца ўдзячна і прыбыткоўна, пра што насамрэч песня «Ляпісаў» «Харэ» і чаму ён любіць Саладуху.
«Ёсць некалькі асоб, якія пішуць пра музыку добра. Астатнія — проста пра яе пішуць»
— Паша, як гэта — быць музычным крытыкам у Беларусі?
— Гэта такая вельмі сумнеўная прафесія. Наўрадці музычны крытык камусьці тут патрэбны. Ёсць некалькі раскручаных постацяў, а ўсе астатнія — невядомыя людзі, якія змяняюць адно аднаго: сёння ў адной газеце, заўтра ў іншай, сёння ў аддзеле культуры адзін чалавек, заўтра другі. І не скажаш, што гэта прафесія склалася так ўжо трывала. Проста ёсць некалькі асоб, якія пішуць пра музыку добра, і ёсць астатнія, якія проста пра яе пішуць.
Думаю, што займацца сацыяльнымі ці эканамічнымі тэмамі — гэта для журналістаў у нашай краіне нашмат больш удзячна і прыбыткоўна. Культурныя палосы ў газетах заўжды апошнія. Гэта таксама шмат пра што кажа. І вельмі-вельмі рэдка на першай старонцы папулярнай газеты, «Комсомольской правды» напрыклад, ці «Советской Белоруссии» (шматтыражная такая), вы бачыце менавіта культурную тэму. Мабыць, толькі калі праходзіць значнае мерапрыемства, як «Славянскі базар» ці калі хто-небудзь памрэ.
— А як тады ты зарабляеш на жыццё?
— Я ўжо нейкі час вымушана не займаюся музычнай журналістыкай. Раней, калі я быў студэнтам, пісаў вельмі шмат аглядных матэрыялаў. А зараз даводзіцца пісаць пра тое, што запатрабавана. Найперш, гэта ізноў жа палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя тэмы.
Але, калі шчыра, вельмі хочацца пісаць пра музыку, таму што часам бачыш, што ўсіх вартых журналістаў перацягваюць з гэтай сферы. Калі ты можаш пісаць пра эканоміку, цябе так ці інакш прымусяць пісаць пра эканоміку. А пра культуру, пра музыку пішуць тыя, хто застаўся. Тыя, хто больш ні на што не прыдатныя. Шкада, але такі падыход дзейнічае. І мы маем адпаведную якасць музычнай журналістыкі. Зараз гэта перадрукоўка нейкіх прэс-рэлізаў і зрэдку — аўтарскае меркаванне.
— Атрымоўваецца, ў нашай краіне няма добрых музычных крытыкаў?
— Ёсць шмат людзей. Ну як, дакладней сказаць — некалькі чалавек. Яны сапраўды варта пішуць пра музыку. Гэта Зміцер Падбярэзскі, Таццяна Заміроўская, безумоўна Алег Клімоў, Зміцер Безкаравайны, Сяргей Будкін. Вось, у прынцыпе, з большага ўсе людзі — 5 чалавек. А ў кожнай газеце ёсць старонкі, якія прысвечаныя музыцы. Чым яны запаўняюцца?
«Наша мова заслугоўвае таго, каб гучаць у любых песнях»
— Як ты лічыш, беларуская мова зараз ў трэндзе?
— Вельмі шкада, што беларуская мова, ў прыватнасці, у музыцы палітызаваная. Калі ты пачынаеш спяваць па-беларуску, цябе адразу пачынаюць успрымаць як нейкага апазіцыйнага выканаўца, хто нясе сувязь там, не ведаю, з БНФ, з нацыяналістычнымі групоўкамі. Наша мова заслугоўвае таго, каб гучаць у любых песнях. Ну, я думаю, спяваць па-беларуску — свядомы выбар музыкаў. І выпадкова зараз ніхто не будзе выбіраць.
Руская мова больш папулярная. І гэта таксама мяне крыху чапляе. Але што зробіш? Зараз беларускія музыкі , як і журналісты, у большасці імкнуцца арыентавацца на попыт, выпрацоўваць нейкі творчы прадукт, які будзе запатрабаваны.
— Сочыш за «Славянскім базарам»?
— Я заўжды ведаю, калі ён пачынаецца і заканчваецца (смяецца). Пару разоў быў у Віцебску, калі гэтае свята было на вуліцах. Мне не вельмі спадабалася атмасфера: усе лётаюць туды-сюды, натоўпы… Віцебск не прыстасаваны для такой колькасці гасцей. Ён — горад камерны. Можа, крыху лялечны ў гістарычным цэнтры. Як экспазіцыя, выстава. А калі там шмат людзей, неяк ніякавата сябе адчуваеш.
Ведаю, што там заўжды ёсць ажыятаж вакол канцэртаў. Але не лаўлю сябе на думцы, што на Леонцьева ці Пугачову абавязкова хацеў бы схадзіць. І цікава, што адбываецца вакол гэтага фестываля. Тая журналісцкая тусоўка, як мне падаецца, крыху фальшывая. Найграная VIP-атмасфера, якая ствараецца адмыслова, каб нейкі час… Ну, яна не ўласцівая для Беларусі. У нас ўсё па-простаму мусіць быць: прыехалі, пагаварылі, адыгралі канцэрт, гледачы папляскалі ў ладкі. А гэтыя ўсе ві ай пі…
— Два тыдня таму ў сеціве з’явілася інфармацыя пра «садзейнічанне» выканаўчай улады ў набыцці квіткоў на канцэрт Ірыны Дарафеевай. Як ты да гэтага ставішся?
— То бок, у яе быў тур? (задумаўся…) Ну, шмат што ў нашай краіне адбываецца даволі дзіўным чынам. Таму, што дзяржава вельмі імкнецца ўсё рэгуляваць і кантраляваць. І мы гэта бачым, пачынаючы з коштаў, якія стаяць на месцы, калі даўным-даўно мусяць папаўзці ўверх, і заканчваючы чуткамі пра «чорныя спісы». Я лічу, людзі мусяць самі вырашаць, куды ім ісці і куды не ісці. Пакуль у нашай дзяржаве гэтага не будзе, яна будзе непаўнавартаснай дзяржавай. Калі чалавек хоча пайсці на канцэрт Дарафеевай, калі ён любіць гэтую спявачку і лічыць яе песні вартымі. А калі людзей штурхаюць: пайдзіце-пайдзіце-пайдзіце — ненармальная сітуацыя. Чалавек, можа, патраціў бы грошы на хлеб і малако. А тут яго прымушаюць купіць квіток на канцэрт. Хлеб і малако чалавек чамусьці набывае без дадатковых штуршкоў з боку якога-небудзь Дома культуры. Таму што хлеб і малако чалавеку патрэбныя.
— А якая музыка падабаецца табе?
— Ад ULIS і N.R.M. да «Мумий тролля» і Земфиры. У большасці рок. Мяне крыху раздражняе, калі людзі слухаюць у плэеры танцавальную, рытмічную і крыху бессэнсоўную музыку, якой зараз вельмі шмат. Лічу, што гэта няправільна. Мне падабаецца музыка, над якой можна думаць. Гэта мой галоўны крытэрый вартасці.
— Паша, якой песняй ты ахарактарызаваў бы становішча беларускай эканомікі і грамадства?
— Гэта складанае пытанне… (смяецца) Ну, вось у «Ляпісаў» ёсць вядомая песня «Харе. Отработали лавэ». Нешта падобнае зараз і адбываецца. Было «лавэ», валіла яно з усіх бакоў, і тут раптам мы яго адпрацавалі і яно скончылася. І — харэ… Зараз будзем ужо, як сказаў адзін вядомы намеснік міністра, «жыць па сродках».
«Мае пачуцці да Саладухі складаныя: і іронія, і любоў»
— Як ты мяркуеш, па якому прынцыпу адбіраюць артыстаў, якія выступаюць на «Што?Дзе?Калі?»
— Відавочна, што артысты, якія там выступаюць, гэта артысты, блізкія да канала, які транліруе перадачу. Раней, калі працаваў Хрусталёў на АНТ, ён і прасоўваў, напрыклад, Ларысу Грыбалёву. Мне здаецца, што і зараз ёсць супраца прадзюсераў і канала. Тэлевізіі вельмі зручна мець сваіх артыстаў і яна іх прасоўвае ў праграмы.
— А ў Беларусі ёсць прадусары?
— Ёсць. Аня Шаркунова, Саша Нэма, Герман, Врангель, Чук і Гек — хто гэта? Адкуль яны узяліся, гэтыя людзі? Вы не задавалі сабе такое пытанне? Задайце яго і зразумееце, што прадзюсары ёсць. Яны сапраўды выцягваюць сваіх выканаўцаў да медыйнай сферы. Але ці дацягваюць яны іх да людзей? Па-ранейшаму, у Беларусі застаецца, на жаль, такая сітуацыя, калі музы ́кі прадусіруюць самі сабе. Тэлефануюць журналістам: «Чаго вы не пішаце пра мяне? У мяне тут падзея адбылася». Ёсць такое.
Вельмі рэдка зараз у Беларусі талент і прадусаванне спалучаюцца. Талент ёсць ў Вайцюшкевіча. Бясспрэчна. А папулярны ён у вельмі вузкім коле тых, хто можа яго талент ацаніць. І без рэкламы ён гэтую папулярнасць не пашырыць.
Вось «Ляпісы». Такая штука — там і талент і удалая адміністратыўная праца. Ці «Троіца». Гурт, якога няма больш нідзе у свеце. Гурт, які паўсюль, дзе ён выступаў у Еўропе, сустракалі шалёнымі авацыямі. Чаму гэты гурт у Беларусі не слухае кожная другая хатняя гаспадыня? Талент ёсць, а рекламы — няма.
— Навошта такая іронія ў адрас беларускіх выканаўцаў на newsbelarus.net? Ведаю, што ў аблоках тэгаў Саладуха, напрыклад, займае першае месца сярод усіх тэм…
— Мы не толькі пра Саладуху пішам. Пра Хлястова, і пра Аню Шаркунову, і пра Аляксандра Рыгоравіча Ціхановіча. Іронія — гэта не так ужо і дрэнна. Галоўнае, каб пісалі пра гэтых выканаўцаў. Проста высілкі, якія яны прыкладаюць, каб быць папулярнымі, нельга ўспрымаць іншым чынам.
Галоўнае, за што любяць выканаўцу — музычны матэрыял. Выпадак з Саладухай складаны. У яго як раз ёсць добры музычны матэрыял. Шчыра. Але гэта такі чалавек, які дорыць «лулзы». Вось яму патэлефануеш, пачынаеш размаўляць з ім і пфф… Заўжды сенсацыя атрымліваецца. Таму нашы пачуцці да Саладухі складаныя: і іронія, і любоў…
Але мы адыходзім ад гэтай крытыкі. Мы раптам заўважылі, што у нас амаль усе артыкулы ўжо — чамусьці пра палітыку. А такога не было. І мэты такой не было. У бліжэйшы час пра палітыку свядома пісаць не будзем. Не тое, каб пазбягаць, але больш прысвецім сябе менавіта беларускай эстрадзе.
— А якая была мэта?
— Публікаваць тэксцікі. Пераасэнсоўваць рэчаіснасць. Даваць людзям пасмяяца над тым, што варта усмешкі. Асабліва калі час цяжкі, трэба неяк падтрымліваць людзей, даваць ім нагоду для таго, каб яны усміхнуліся. А калі гэта звязана з тым, што адбываецца навокал, гэта ўдвая каштоўна. Чалавек пачынае спакойна і цвяроза глядзець на рэчы. У такім стане больш проста знайсці выхад з крызіснай сітуацыі.
«музыка, над якой можна думаць» — жуткое определение. Интересно над Burial и Amon Tobin думать нельзя?
Лучше не «над», а «под» :)
а кто сказал, что нельзя? можно, и нужно думать!
а вообще Алеся хорошо написала. «под» них хорошо думается.
«Аня Шаркунова, Саша Нэма, Герман, Врангель, Чук і Гек — хто гэта?»
Я бы вот так и оставил ответ на вопрос.
ребят, я понимаю, конечно, что тут собрались все альтернативщики, любители андеграунда и т.д. Но давайте все-таки оценивать не по принципу «нравится-не нравится». Мне Челентано не нравится, но это не значит, что он плохой актер или певец. Шаркунова, Немо и Герман — это достойные представители поп-музыки. И только потому, что вам это направление не нравится, не значит, что эти артисты ничего из себя не представляют.
так а что они из себя представляют? кто они? что у них в принципе есть кроме псевдохитовых песен, которыми их снабдили продюсеры?