Бываюць людзі, якіх нельга замяніць. Якія ствараюць асабістасць, дзе б яны ні былі. І што б ні рабілі. Лявон Вольскі, расстаўшыся з N.R.M., адыграў асабісты творчы вечар у паб-клубе «Графіці» 31 студзеня і даказаў сваю да іх прыналежнасць.
Слухаем N.R.M. і Вольскага яшчэ з «хабзы»
Што ні кажы пра які заўгодна гурт ці выканаўца, але заўсёды аднымі з паказчыкаў сэнса іх творчасці з’яўляецца публіка, якая непасрэдна прысутнічае на канцэртах улюбёнца-калектыву/спевака.
— Слухаем N.R.M. і Вольскага яшчэ з «хабзы», — шчыра дэкламавалі два безнадзейна сталых сябра у набітым пабе перад канцэртам. «А колькі гэта, з „хабзы“?» — падумалася…
Меркуючы менавіта па якасці чалавека-слухачоў, сэнс творчасці Вольскага вызначыць цяжка. Перад канцэртам здавалася: будзе бяда. Жонкі з мужыкамі ў паласатых світэрах (нават адзін аматар геаметрыі быў у ромбік); міла-вірлавокія дзяўчыны-інтэлігенткі, якія быццам толькі збеглі з бібліятэкі; адзін мужчына з шалікам Цюбіка (быццам на яве з Кветкавага горада); пара столікаў моладзі ды жанчын у гадах (жанчын — без столікаў. Проста пара) — усё насцярожвала. І адначасова прымушала пазіхаць.
Здавалася, не зайграе выратаваўца музычнага мастацтва беларушчыны (выступ пачаўся толькі а восьмай гадзіне), дык людзі, даеўшы бутэрброды, самі пачнуць выратоўваць вечар панядзелка.
Трэ было, каб пахла чаборам, але недзе з-за столікаў дзьмула півам
— Выпівайце, закусвайце. Можаце не звяртаць на нас асаблівай увагі, — праз невыразныя хлапкі ў далоні з прэтэнзіяй на жарт кінуў Лявон, нарэшце з’явіўшыся на сцэне.
І сапраўды, атмасфера была нязмушаная і хатняя. Невялічкі камерны канцэрцік, нібы чутны дзесьці з кухні выдуманай кватэры, на першых песнях амаль не далятаў да вушэй публікі. Але Вольскі спяваў. Гучней. Мацней. Прыгажэй. Прыпанкаваны гукач пыхцеў. Ужо трэ было, каб пахла чаборам, але пакуль што недзе з-за столікаў дзьмула півам.
— Што гэты вы выходзіце так часта? — цікавіўся жартам Лявон, гледзячы, як адна за адной прабягаюць дзяўчыны да дзвярэй.
— Пісяць… — збянтэжана ва ўвесь голас адказаў жаночы голас з цемры.
Але Вольскі спяваў. Ужо гучна. Ужо моцна. Ужо вельмі прыгожа. Яму спатрэбілася літаральна некальні песен, каб яго пачулі.Музыкі запаўнялі усю прастору сціслага клуба. Мікс «Народнага альбому» і «Белай яблыні грому» рабіў сваю справу. Рабілася ўтульна. З залу на прысцэну клаліся цэдулкі.
На пытанні пра N.R.M. я не адказваю
Усё змянілася: жонкі з мужыкамі ў паласатых світэрах утульна хлопалі ў далоні; міла-вірлавокія дзяўчыны-інтэлігенткі амаль плакалі ад дрыжыкаў; адзін мужчына з шалікам Цюбіка з усёй моцы стрымліваў сябе, каб не паабнімаць усіх жанчын, што сядзелі за яго столікам; моладзь кінула губернатарскія танцы на месцах і вадзіла паравозік скрозь бегаючых афіціянтак. Вольскі граў.
Але часам не абыходзілася без зугзугаў і рымбамбонаў. Часам спявак забываў словы і блытаў гармонію. Бакал віна стаяў побач з ім. Але гэта яму даравалі.
Вольскі зрэдку прыпыняўся, каб адказаць на пытанні ў цэдулках. Некаторыя ён катыгарычна адштурхоўваў, прачытаўшы:
— На пытанні пра N.R.M. я не адказваю. Калі б я выказваўся на гэты конт, я б выказваўся вельмі эмацыйна, а гэта — лішняе.
Потым быў «Абсэнт», «Сівы конь» скавытанні і вокрыкі, пляскі ў далоні і амаль непрытомнасць. Было тое, дзеля чаго мусіла прыйсці на Вольскага — дрыжыкі, моц, слёзы, вера, надзея. Хоць на сцэне не было рэспублікі Мроі, яна была ў сэрцах. І здавалася, што так будзе заўсёды. Што гісторыя, і тыя, хто яе стварае, — не памруць ніколі.
«Усё летуценна, і веры няма сабе», — пеў Вольскі. А верылася. І перш за ўсё — у яго.
Сапраўды было здорава! Шчыра дзякуй Вольскаму за такі файны канцэрт!
Шчыра дзякуй Зміцеру за такі файны матэрыял! :)