Ultra-Music узгадвае яскравыя моманты ў гісторыі беларускага року. Кожны тыдзень мы распавядаем пра тое, што адбывалася ў гэтыя дні год-пяць-дзесяць таму.
24 верасня
У 2005 годзе трэцяя нядзеля верасня выпала на 24 верасня. Калі вы ня ведаеце, у гэту самую трэцюю нядзелю ў Беларусі святкуецца День працаўнікоў лесу. Крэатыўная група «Муравей» у складзе гуртоў «Нагуаль», «Гурзуф» і «Лояльный муравей» вырашыла даказаць, што працаўнікамі лесу з’яўляюцца ня толькі ляснікі ці егеры, але і розныя жучкі, павучкі и мураў’і, і зладзіла альтэрнатыўнае святкаванне ў «Графіці». Скакаць і спяваць лясным музыкам тады было нашмат цяжэй, чым зараз: у «Графіці» сцэны не было зусім, а музыкі стаялі ля бару.
25 верасня
25 верасня 2008 года гурт «Ляпис Трубецкой» выклаў ў інтэрнэце свой новы альбом «Манифест». «Галоўная задача сучаснага творчага чалавека — пераасэнсаваць і адаптаваць пад цяперашнія рэаліі лозунг DIY — do it yourself, — казаў Сяргей Міхалок. — Продаж аўдыёносьбітаў, адлічэнні з канцэртаў, аўтарскія паборы кормяць цэлую кучу дармаедаў, а музыка пры гэтым атрымлівае мізэрныя адсоткі. Ёсць адзіная магчымасць змагацца з калямузычнай сістэмай — трэба ўсім выкладваць музыку ў інтэрнэт!» Праз два гады, калі «ляпісы» падпісалі кантракт на выданне ў Еўропе складанкі «Agitpop», яны «падчысцілі» ўсе раней бясплатна выкладзеныя альбомы — сістэма перамагла! Але пасля наўдалай спробы заваявання Захаду, ўсё ж вярнуліся да дзейснай на постсавецкай прасторы схемы з выкланнем музыкі бясплатна.
25 верасня 2009 года ў гомельскім ГЦК гурт Re1ikt прадставіў свой другі альбом «Клиника». «Сюжэты кожнай песні заснаваныя на рэальных падзеях і ўяўляюць сабой своеасаблівую „гісторыю хваробы“. Гэта рок-трактоўка псіхалагічных праблем, якія былі перажыты намі», — заяўлялі музыкі Re1ikt. На выданне трапілі не толькі галоўны на той момант хіт гурта «Брудная дзяўчына» і кавер на Тherapy? («Нажы»), але і кліп на песню «Последняя хирургия», зроблены галоўным кліпмэйкерам Беларусі Анатолем Вечарам.
26 верасня
26 верасня 1972 года нарадзіўся Генадзь Сыракваш, адзін з самых вядомых беларускіх гукарэжысёраў, уладальнік студыі гуказапісу Pro2 Studio. За плячыма Генадзя паўтары дзясяткі гадоў досведу і праца з дзясяткамі самых розных артыстаў (сярод якіх N.R.M., Vicious Crusade, «Куклы», Hasta La Filstа, дуэт «Аляксандра і Канстанцін», гурт «Любовь і спорт»).
26 верасня 1983 года нарадзіўся Віталь Зыблюк, гітарыст гурта Parason, а цяпер галоўны рэдактар Еўрарадыё. Разам з Parason, які ўзнік у 2003 годзе, Віталь удзельнічаў у супольных праектах «Я люблю ліцэй: Веру ў Цябе» (2004) і «Партызанская школа» (2006) і станавіўся пераможцам «Басовішча» (2006).
У гэты ж дзень 42 гады споўніцца Уладзіміру Шаблінскаму. Ён спяваў у панк-гурце «Шабаш», вёў музычныя праграмы на «Радыё Бі-Эй», быў дырэктарам N.R.M., заснаваў канцэртнае агенцтва «Лінія гуку», зладзіў сотні канцэртаў беларускіх і замежных гуртоў, а цяпер арганізоўвае фестывалі на сваім хутары «Шаблі».
27 верасня
27 верасня 2005 года ў Баранавічах быў створаны гурт Renuen. Гітарыст Алег Хута і вакаліст Аляксей Кавалёў вырашылі граць melodic death metal і праз чатыры гады выдалі дэбютны альбом «System Is Dead» (2009), а яшчэ праз год другі — «A Letter From Hell» (2010). У гэтым годзе музыкі запісалі ўжо трэці лонгплэй — «Sublimated» — і прэзентавалі яго на Ultra-Music.
28 верасня
28 верасня 2005 года ў інтэрнэт-кавярні «Союз Online» адбылася прэзентацыя кнігі Віктара Дзятліковіча «Іх Мроя, Іх N.R.M.» — першага і, здаецца, пакуль апошняга біяграфічнага выдання пра рок-музыкаў у Беларусі. Кніга з’явілася яшчэ ўлетку, але ўрачыстасці перанеслі на восень. Два дні запар павінны былі прайсці рэтраспектыўныя канцэрты N.R.M. (ўпершыню за шмат гадоў музыкі мусілі спяваць і песні «Мроі»), а ў першы дзень — прэс-канферэнцыя з нагоды выдання кнігі. Але толькі прэс-канферэнцыя і адбылася, канцэрты — не. Прычынай адмены называлася немагчымасць забяспечыць пажарную бяспеку, бла-бла-бла. Карацей, за пару гадзінаў да пачатку стала вядома, што канцэрту ня будзе.
Цікавасці, але ўжо без трагедый, працягнуліся потым: замест канцэрту чарада фанатаў гурта пайшла спяваць песні N.R.M. па горадзе і скончыла імправізаваны двухгадзінны канцэрт ля гандлёвага дому на Нямізе (у кнізе «Іх Мроя, Іх N.R.M.» былі ўсе тэксты песень — можна было пець нават парослыя мохам песні «Мроі»). На наступны дзень, замест другога канцэрту, фанаты (а тады быў моцны фан-клуб — НРсМ) сабраліся на рэпетыцыйнай кропцы гурта, каб падпісаць набытыя загадзя кнігі. Каля паўсотні чалавек нямала здзівілі як музыкаў, так і звычайны патруль на мікрараёне. Абодва разы ўсё скончылася без затрыманняў…
Дарэчы, настойліва раю знайсці і пачытаць «Іх Мроя, Іх N.R.M.»!
29 верасня
29 верасня 2000 года адбылася прэзентацыя другой часткі зборніка «Вольныя танцы» — «Новая альтэрнатыва». Праўда, на адкрытай пляцоўцы ў Парку Чалюскінцаў (і тады ніхто не плакаўся, што халодна) выступілі далёка не ўсе заяўленыя на канцэрт гурты. Чамусьці не было Ur’ia, Exist, Zet і «Новага Неба». Затое было шмат гуртоў, якія на складанцы не адзначыліся: «Троіца», «Грошы», «Округ свободного искусства» (яны трапілі праз год на трэцюю частку складанкі — «Альтэрнатыва.by»), Postscriptum і Znich (абодва гурты затое былі на першай частцы — «Слухай сваё»), а таксам Happy Face і тады яшчэ зусім «зялёныя» «Без билета».
29 верасня 53-годдзе святкуе музычны журналіст Вітаўт Мартыненка! За сваю кар’еру Вітаўт паспеў папрацаваць карэспандэнтам і намесьнікам галоўнага рэдактара моладзевай газеты «Чырвоная змена», карэспандэнтам мюнхэнскай рэдакцыі «Радыё Свабода» (дзе арганізаваў і праводзіў першы беларускі музычны хіт-парад). У 1985 стаў адным з стваральнікаў незалежнага музычнага рок-клубу «Няміга», пазней прымаў удзел у арганізацыі шэрагу фестываляў, сярод якіх і першае «Басовішча». За плячымы Вітаўта — сотні публікацыяў, пераклады кніг, напісаныя песні. Нядаўнія дасягненні Мартыненкі — кнігі «222 альбомы беларускага року і ня толькі» (у суаўтарстве з Анатолем Мяльгуем) і «Rock on-line».
30 верасня
Год таму 30 верасня ў Маладзёжным тэатры эстрады адбыўся канцэрт-прэзентацыя альбому «Вір» гурта FolkRoll і Насты Някрасавай. «Вір» быў запісаны і выдадзены Польскім радыё. У яго ўвайшлі 11 трэкаў, пераважная большасць з якіх — традыцыйныя песні Палесскага рэгіёну. Дзве — сольныя песні Насты, астатнія — аранжыраваныя Паўлам Рыжковым, а таксама сюіта «Cykl dziecięcy», якая складаецца з дзіцячых польскіх песень і калыханак. Гэта толькі трэці беларускі альбом, які быў афіцыйна растыражаваны ў Польшчы. Дагэтуль такім дасягненнем маглі пахваліцца толькі ULIS і «Троіца».
Ох ты ж йопть. 7 лет уже прошло. Будто вчера это было) Стареем