Праект Šuma запісаў сумесны трэк з трэпавым прадусарам

Праект Šuma пряцягвае эксперыментаваць з беларускімі традыцыйнымі спевамі. Музыкі прэзентуюць на Ultra-Music новы трэк «Leteły Husańki», запісаны сумесна з трэпавым прадусарам Ягорам Касцючэнка, вядомым як Ezhi. Гэта даволі смелая праца, у якой музыкі паспрабавалі спалучыць архаічны вясельны спеў і модны клубны трэп, ад якога на вечарынах вар’яцеюць тусоўшчыкі. У выніку атрымаўся трэк, у якім тусуюцца нават самі гусанькі.

EZHi x Šuma

Руся пра трэк «Leteły Husańki»:

У межах Šuma мы заўсёды працуем толькі з аўтэнтычнымі спевамі. То бок, песня гучыць так, як яна была запісана ў экспедыі. Гэтым разам мы ўзялі песню «Leteły Husańki»: вясельная песня распавядае пра дзяўчыну, якая выходзіць замуж. Дарэчы ў нас вельмі шмат менавіта жаночых тэмаў, у тым ліку і ў будучым альбоме, які будзе гатовы ў канцы вясны.

Працаваць з беларускай архаікай складана, але калі атрымліваецца, аўтэнтычныя спевы выдатна раскрываюцца ў сучаснай электроніцы. Архаіка і электроніка — гэта дзве глыбінныя, самастойныя культуры, таму вельмі цяжка знайсці баланс, каб яны не перашкаджалі адна адной. На маю думку, больш за ўсё да аўтэнтыкі пасуе бітмэйкінг і вялікая гукавая прастора, аб’ём, намаляваны пры дапамозе эмбіенту. Але вось з Ezhi мы паспрабавалі сумясціць абрадавы спеў з трэп музыкай, дзе, як і ў архаіке, ёсьць першабытнасць.

Я лічу, што гэта ўдалы і смелы эксперымент. У Беларусі вакол традыцыйнага мастацтва яшчэ існуе нейкі арэол таемнасці. Часам бываюць нараканні кшталту «не чапайце традыцыі». Я разумею людзей, якім складана пагаджацца з новымі формамі, але ёсць шмат тых, хто нармальна ўспрымае гэтыя эксперыменты, лічаць традыцыю жывой, рухомай.

Ezhi пра сумесную працу з Šuma:

Ідэя калабарацыі нарадзілася вельмі даўно, калі я толькі спрабаваў пісаць свае першыя рэміксы. Я трапіў на канцэрт Šuma, і мне вельмі спадабаўся сам праект і голас Русі. Ужо тады мне захацелася замуціць нейкую калабарацыю. А потым мы пазнаёміліся праз мой гурт Cornucopia і Руся прапанавала мне папрацаваць разам. Я згадзіўся, не разважаючы.

Трэп-музыка працуе на прымітыўных фішках, якія ўздзенічаюць на чалавека: там просты басовы малюнак, мелодыі практычна на адной ноце. Але на вечарынах, дзе я граю трэп, людзі проста вар’яцеюць. Пры гэтым яны не ўжываюць наркотыкі, не напіваюцца да бязглуздзіцы. Усё адбываецца дзякуючы тлустаму басу, прымітыўным рытмам.

Што тычыцца трэку «Leteły Husańki», то гэта даволі смелы падыход, я нават не магу сказаць, што ў нас атрымаўся кананічны, класічны трэп. Там ёсць трэпавае гучанне, рытм, але, да прыкладу, тэмп крыху павольней, чым трэба. Дарэчы, у песні ёсць адзін прыкол: у адным месцы рэфрэнам гучыць слова «гусанькі», а Руся заўважыла, што на слых гэта ўспрымаецца як «гусанькі-тусанькі». Быццам гусанькі тусуюцца недзе на вечарыне.

Я зрабіў яшчэ і акустычную версію трэку, дзе выкарыстаў брэтонскія бамбарды і колавую ліру. «Leteły Husańki» мы будзем выконваць і ў праекце Cornucopia, а замест бамбардаў зайграем на дудах.

Працаваць было складана. Спачатку мне падалося, што ўсё будзе проста: у мяне ёсць вопыт працы і з фальклёрам, і з электроннай музыкай, да таго ж рытмічна спеў пасаваў да трэпа. Але праца над трэкам зацягнулася на паўгады: я чатыры разы перапрацоўваў трэк, мне ўвесь час нешта не падабалася. І толькі цяпер я магу сказаць: гэта гучыць крута!

Автор: / Ultra-Music

Фото: Spider photo, Анна Дрозд

Группы: ,

Комментарии: 2