Гурт Sciana выступіць у Мінску з сольным канцэртам

Берасцейскія рокеры Sciana дадуць вялікі сольны канцэрт у Мінску праз перапынак у год. 21 сакавіка ў клубе «Піраты» музыкі прадставяць ужывую свой новы альбом у межах акцыі «Жывы Тузін».

Альбом «Мы застаемся» гурт Sciana прэзентаваў пры канцы 2013 году. Музыкі называюць сваю працу «энэргічнай, зьмястоўнай ды сэнсава завершанай». У гэтым маглі пераканацца наведнікі прэміі «Даём рады», дзе Sciana намінавалася на «Альбом году».

— Пасля таго выступу ў нас яўна дадалося прыхільнікаў. Людзі падыходзілі да нас пасля казалі ды пісалі ў сеціве, што адкрылі для сябе новую каманду. Гэта вельмі натхняе на далейшую працу! — кажа дырэктар гурта Зміцер Назараў.

Мінскім слухачам Sciana сапраўды можа быць малазнаёмая, бо выступае тут гады ў рады. Апошні сольнік у сталіцы берасцейцы мелі ажно год таму.

— Канцэрт 21 сакавіка для нас будзе надзвычай адказным і мы пакажам усё, на што мы толькі здольныя. Сыграем песні, якія ад нас чакаюць, але будуць і сюрпрызы, — дадае вакаліст каманды Павел Прохараў.

Sciana выканае свае галоўныя хіты, а фактычна загалоўны нумар новага альбому «Апошняя песня» (з рэфрэнам «Мы застаемся») прагучыць у арыгінальным выглядзе — дуэтам з Прохаравым яе сьпявае Кася Леванюк, вакалістка гурта Terrakod, які выступіць у якасці госця прэзентацыі. Таксама ў канцэрце возьме ўдзел Федзя Жывалеўскі з гурта «Голая манашка».

Источник: пресс-релиз

Фото: Виталий Клиндюк

Группы:

Комментарии: 1