Дэструктыўны пажарны аркестр Harotnica прэзентуе на Ultra-Music кліп на песню «Невылечны», якая ўвайшла ў дэбютны альбом «Gvalt».
— Словы песні «Невылечны» напісаў Андрусь Такінданг, знаходзячыся пад моцным уражаннем ад знаёмства з хворым на рак хлопчыкам у анкалагічнай клініцы ў Бараўлянах. Яго здзівіла, што хлопец змагаецца са смяротнай хваробай, але звяртае ўвагу на ўсялякія дробязі, накшталт кучаравай прычоскі самога Андруся. Песня была напісана як прысвячэнне гэтаму хлопчыку, якога лёс хворай птушкі хвалюе больш за свой уласны, — распавядае вакалістка гурта Валерыя Валадзько.
Музыкі гурта Harotnica вырашылі зрабіць кліп менавіта на гэтую песню, бо яна найбольш дакладна адлюстроўвае цяперашнюю стылістыку групы.
— У ёй гарманічна змяшаныя напор стандартнага рокавага складу з яскравымі іскрыстымі духавымі, казачнай домрай і пранізлівым жаночым вакалам. Прысутнічае і ўжо традыцыйнае для нас спалучэнне вясёлай і рухомай музычнай абалонкі з сур’ёзным, але часцяком і вельмі трагічным тэкставым напаўненнем, — тлумачаць музыкі.
Рэжысёрам і прадзюсарам кліпа выступіў Ігар Чышчэня, а здымкі рабіліся некалькімі аператарамі на працягу даволі доўгага часу.
— Відэа не з’яўляецца сюжэтным і не прывязана да зместу песні. Мы проста паспрабавалі зрабіць для гледача своеасаблівую справаздачу аб нашай канцэртнай дзейнасці за мінулы год і сабраць калаж з найбольш удалых кадраў выступленняў Harotnica, — дадае Валерыя Валадзько.
супер!!! мне больше всех понравился человек показывающий «класс» из зала!!! видно, меломан!!!