Мінскі электронны праект v e g e t a b l e s, які ў мінулым годзе выдаў два альбомы «t h e d a y b e f o r e t h e d a y» і «Добрый слон, будь здоров и живи долго», прадстаўляе на Ultra-Music новую кампазіцыю «Рэха».
Гэта першая беларускамоўная песня ў творчасці v e g e t a b l e s. Па словах музыкаў, пісаць тэксты песень на рускай ці беларускай мове для іх цяжэй, чым па-ангельску. У гэты раз дзякуючы вакалістцы Свеце Варапай эксперымент скончыўся паспяхова.
— Мы дамовіліся сустрэцца і запісаць вакальныя партыі для некалькіх песень. Але да моманту запісу мы нават не ведалі, што будзе спяваць Света. Так нават цікавей — інтрыга, — узгадвае нараджэнне кампазіцыі адзін з удзельнікаў праекту Лёша Эльніньё. — Калі ж яна пачала спяваць на беларускай мове… Дзіўна, увогуле! Словы апынуліся вельмі добрымі і на музыку ляглі як след. Гэта лёс.
Па традыцыі v e g e t a b l e s запісвалі і зводзілі новую песню самастойна, без дапамогі прафесійных прадусараў і гукарэжысёраў.
— Працэс запісу кожны раз цікавы. Мы пазычаем мікрафон, збіраемся ў каго-небудзь дома і ў ноут запісваем вакальныя партыі, — кажа Лёша. — Падчас запісу мы з Дзімам трымаем нацягнутую байку перад мікрафонам, каб больш якасна запісаўся голас. Увогуле, усё як у прафесійных студыях :)
Нядаўна нечакана для музыкаў адна з кампазіцый гурта «piano» стала саўндтрэкам для сацыяльнай рэкламы на беларускіх тэлеканалах.
— Нас да гэтага часу ніхто не папярэдзіў і не распавёў, чаму наша музыка грае ў рэкламе. Але мне вельмі падабаецца, калі мама кажа: «O, паглядзі-ка, зноў ваша песня ў тэлевізары», — смяецца Лёша Эльнінье.
Зараз v e g e t a b l e s працуюць над новымі песнямі і рыхтуюць відэа «з усялякімі спецэфектамі». Папярэдні кліп гурта на песню «Baloo» атрымаў узнагароду «Музычнае відэа 2012 года» па версіі Еўрарадыё.
— Кліпы здымаць весела, — упэўнены Лёша Эльнинье. — Калі мы рабілі кліп пра Балушу ў інваліднай калясцы, было шмат пацешных момантаў. Некаторыя нават захаваліся. Потым з іх зрабілі бэкстейдж-відэа.
like
Ну не сказаць, каб надта нечым дзівіла песьня, але як нейкая заяўка на будучыню магла б быць. Але асаблівых надзей пакуль няма, хоць былі гурты, якім акурат АДНА песьня кардынальна памяняла жыцьцё. Трэба адчуць подых НОВЫХ настрояў, якія дае МОВА і рухацца кудыцьці нарэшце адной дарогай, а не трыма..
вельмi спадабалася! працягвайце, калi ласка:)