Гурт Hurma напярэдадні новага году выдаў новы сынгл у фармаце аўдыё+відэа. Музыкі запісалі песьню «Адзначым Новы год» ды зьнялі ролік-відэавіншаваньне, паведамляе Tuzin.fm.
— Тут няма ні традыцыйнага хурмоўскага шчымлівага каханьня, ні трагедыяў, ні самоты. Гэта шчасьлівая песенька. Такім якраз павінен быць навагодні трэк! — кажа лідэр каманды Мікіта Найдзёнаў.
2013 год для гурта Hurma выдаўся надзвычай плённым. Іх песьня трапіла на складанку «Рок-танцы славян» разам з творамі гуртоў «Океан Ельзи», «Воплі Відоплясова», Gogol Bordello, «Палац». А пад канец году музыкі атрымалі Гран-пры фэсту «Такие пряники», былі адзначаны ў намінацыі «Беларускамоўны гіт» на «Песьні году» тэлеканалу ОНТ ды атрымалі перамогу ў намінацыі «Дэбют году» на прэміі «Героі году» парталу Tuzin.fm.
— Хоць гэты год і быў названы ў Беларусі годам беражлівасьці, мы вырашылі быць марнатраўнымі і не шкадаваць сілаў і часу на творчасьць. Дзякуй усім, хто нас падтрымлівае і верыць у нас, — кажа Мікіта.
Бедныя «Бітлы», за іх ужо ніхто не заступіцца. Тырят фсе. Ці мо «Hurma» потым напіша, што кавэр?